РусАрх

 

Электронная научная библиотека

по истории древнерусской архитектуры

 

 

О БИБЛИОТЕКЕ

ИНФОРМАЦИЯ ДЛЯ АВТОРОВ

КОНТАКТЫ

НА ГЛАВНУЮ СТРАНИЦУ САЙТА

НА СТРАНИЦУ АВТОРА

 

 

Источник: Кулагін А.М. Па колішніх маёнтках. В кн.: Страчаная спадчына. Менск, 1998. Все права сохранены.

Размещение электронной версии в открытом доступе произведено: http://www.lib.by. Все права сохранены.

Размещение в библиотеке «РусАрх»: 2007 г.

 

 

 

А.М. Кулагін

Па колішніх маёнтках

 

Сядзібы

 

Беларускі архітэктурны краявід неад'емна звязаны з разлеглымі палацава- і сядзібна-паркавымі ансамблямі колішніх буйных магнатаў і заможнай шляхты. На працягу XVIII- XIX стст. краіна пакрылася густой сеткай манументальна-рэпрэзентацыйных панскіх рэзідэнцый, якія не толькі мелі значныя мастацка-эстэтычныя якасці, але часта з'яўляліся культурна-асветніцкімі асяродкамі. Аднак час і ліхалецці значна спустошылі скрыню нацыянальнага архітэктурна-мастацкага набытку народа.

Гэты раздзел кнігі - спроба стварыць своеасаблівы пантэон страчаных помнікаў палацава-сядзібнага дойлідства, збор звестак пра тыя архітэктурна-паркавыя каштоўнасці, што калісьці ўпрыгожвалі нашу зямлю, узбагачалі нацыянальную мастацкую і духоўную культуру.

У адрозненне ад замкаў і культавых збудаванняў, якія найбольш зазналі на гістарычным шляху глабальныя разбурэнні, творы палацава-сядзібнай архітэктуры па прычыне сваёй утылітарнасці, практычнай мэтазгоднасці, «апалітычнасці», пазарэлігійнасці падпалі ў асноўным пад знішчэнне толькі часам.

Але і войны не абміналі сваёй усёзнішчальнай хваляй гэтыя мірныя, утульныя і прывабныя куточкі краіны. Напалеонаўская навала 1812 г. знішчыла «беларускі Версаль» - палацава-паркавы ансамбль стылю ракако «Альба», загарадную рэзідэнцыю некаранаванага нясвіжскага караля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Французамі знішчаны палацавы комплекс у Лахве (цяпер Лунінецкі р-н), спалены палац Бжастоўскіх у Міхалішках (Астравецкі р-н), сядзіба Тукалаў у Асцюковічах (Вілейскі р-н) і інш.

Секвестрацыя расейскім урадам мноства маёнткаў пасля паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг. не адбілася ракавым чынам на мастацкім стане парадна-рэпрэзентацыйных комплексаў. Але шэраг сядзіб, былыя ўладальнікі якіх нейкім чынам далучыліся да паўстанняў, значна пацярпелі. У 1831 г. быў секвестраваны абшырны сядзібна-паркавы комплекс графа Людвіка Паца ў Гарадзішчах (Баранавіцкі р-н), пасля чаго прыйшоў у заняпад і згінуў. Пры ліквідацыі паўстання 1863 г., адным з кіраўнікоў якога быў Свентаржэцкі - багацейшы землеўладальнік на Ігуменшчыне, яго палац у Багушэвічах (Бярэзінскі р-н) быў спалены па загаду самога Мураўёва. Згарэлі ў 1863 г. палацы Горватаў у Прылуках (Менскі р-н) і Каменьскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н).

Катаклізмы XX стагоддзя, як ніякога іншага, нанеслі ўрон палацава-сядзібнай архітэктуры. Моцны разбуральны ўдар па гэтай адметнай галіне беларускага дойлідства прыпаў на першую сусветную вайну, якая пагібельным смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Шматлікія панскія сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам і проста станавіліся мішэнямі для гарматаў. Маляўнічыя прысядзібныя паркі былі перарыты акопамі, знявечаны бліндажамі. У выніку ваенных дзеянняў у 1914 г. згарэў адзін з буйнейшых у Беларусі палацаў - рэзідэнцыя магнатаў Сапегаў у Ружанах (Пружанскі р-н). Разруха і спусташэнні панавалі паўсюдна. У заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, знішчалася ўсё, што толькі было магчыма знішчыць, астатняе вывозілася. На панскія сядзібы ляглі вярыгі кантрыбуцыі. Усходнія землі пад кантролем царскіх войскаў апусцелі як ад пагалоўнай мабілізаці, так і ад поўнага гаспадарчага хаосу. У 1914 г. была спалена цудоўная загарадная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Аўгустове пад Горадняй. Сам горад у 1915 г. страціў цудоўны барочны палац А.Тызенгаўза, які вызначаў галоўны парадны ансамбль Гарадніцы. Не менш выдатны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры - палац Храптовіча ў Шчорсах (Наваградскі р-н) таксама зруйнаваны ў 1914 г. У будынку размяшчаўся нямецкі бліндаж, які быў знішчаны разам з палацам. Між іншым на франтоне палаца меўся лацінскі надпіс «Мір і свабода». У гады вайны разбураны палацы ў Асвеі (Верхнядзвінскі р-н) і Дабраўлянах (Мядзельскі р-н). Цудоўная сядзіба Яблонскай у вёсцы Востраў (Мядзельскі р-н) знішчана з-за праходзячых па яе тэрыторыі нямецкіх і расейскіх акопаў. Пасля ваенных дзеянняў ад цудоўнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах (Баранавіцкі р-н), якая трапіла ў прыфрантавую паласу, засталіся замшэлыя фундаменты былых будынкаў, жахлівыя фрагменты пейзажнага парку. Адначасова разам з сядзібай загінула гістарычная мясціна, звязаная з імем паэта А.Міцкевіча. У час першай сусветнай вайны праз вёску Пясечна (Пінскі р-н) таксама праходзілі нямецкія акопы. У выніку жорсткіх баёў быў знішчаны адзін з буйнейшых на Палессі сядзібна-паркавых ансамбляў, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. Друцка-Любецкімі. У імперыялістычную вайну былі значна пашкоджаны сядзіба Віславухаў у Пярковічах (Драгічынскі р-н) і палацава-паркавы ансамбль Агінскага «Паўночныя Афіны» ў Залессі (Смаргонскі р-н); знішчаны сядзібы Плятараў у Дунілавічах (Пастаўскі р-н), Стржалкоўскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н), Тадэвуша Агінскага ў Гануце (Вілейскі р-н), палац Марыяны і Ежы Абрамовічаў у Варнянах (Астравецкі р-н). Падчас першай сусветнай вайны пашкоджаны палац у Манькавічах (Столінскі р-н) - цудоўная архітэктурная фантазія пачатку XX ст. на тэму Нясвіжскага замка, які неўзабаве і сам пацярпеў (згарэў пабудаваны ў ім Святаполк-Мірскі палац).

Не паспеўшы ачуцца ад ліхалецця імперыялістычнай вайны, дваранскія гнёзды нападкала наступная трагічная падзея: рэвалюцыя 1917 г. Працэс руйнавання панскіх сядзіб распаляўся яшчэ ў першую расейскую рэвалюцыю 1905 г. Мясцовыя памешчыкі з наваколля Краснаполля тэлеграфавалі міністру ўнутраных спраў: «Сяляне знішчаюць маёнткі, вінакурныя заводы, сякуць лес, збіраюцца на мітынгі, паліцыя бяссільная». Калі па Расеі была разгромлена кожная пятнаццатая памешчыцкая сядзіба, то каля Краснаполля - кожная другая. Летам 1906 г. сяляне спалілі сядзібу памешчыкаў Бекмана ў вёсцы Яноўка, Блюмгера ў Малюшыне і шэраг іншых. Лозунг «Мір хацінам, вайна - палацам» рэвалюцыйнай масай быў успрыняты літаральна. Заклік «Паразітам-памешчыкам смерць, усім паразітам-памешчыкам усяго свету!», натуральна, адносіўся і да іх маёмасці. Маёнткі памешчыка Скірмунта ў Пінскім павеце (Парэчча, Моладава і інш.) як старшыні створанага ў сакавіку 1917 г. контррэвалюцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта былі разгромлены сялянамі і салдатамі. Вялікія выпрабаванні выпалі на долю Гомельскага палаца - у час контррэвалюцыйнага мяцяжу ў сакавіку 1919 г. у ім узнік пажар, у выніку якога згарэла шмат памяшканняў.

Цудоўны барочны палац Бжастоўскіх у Мосары (Глыбоцкі р-н) разбураны бальшавікамі ў 1917 г.; паўстаўшымі сялянамі была спалена сядзіба Міхала Карыбута Дашкевіча ў Горках (Гарадзенскі р-н). Рэвалюцыйна-бальшавіцкая стыхія сцёрла з зямлі цудоўны палац графа Манузі ў Бяльмонтах (Браслаўскі р-н). У сакавіку 1918 г. быў спалены сядзібны дом Храпавіцкіх у Каханавічах (Верхнядзвінскі р-н); разам з ім знішчана ўсё яго абсталяванне і зборы твораў мастацтва. Уладальнік сядзібы ў Дзям'янках (Добрушскі р-н), адстаўны расейскі генерал-губернатар М.Герард, падчас рэвалюцыі эміграваў за мяжу, а рэвалюцыйныя масы непаправіма пашкодзілі палац. Разрабаванню панскіх сядзіб пасадзейнічала дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 г. аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

У Другую сусветную вайну разам з мноствам вёсак з твару беларускай зямлі зніклі прыгожыя плацава- і сядзібна-паркавыя ансамблі. У 1943 г. у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны цудоўны помнік архітэктуры класіцызму - палац Пуслоўскіх у Старых Песках (Бярозаўскі р-н). Падчас вайны знішчаны буйны палацава-паркавы комплекс памешчыка Скірмунта ў Моладаве (Іванаўскі р-н), барочныя архітэктурна-паркавыя комплексы ў вёсках Дубай (Пінскі р-н) і Гародна (Воранаўскі р-н), палац губернатара ў Віцебску, сядзіба выдатнага мастака І.Рэпіна ў Здраўнёве (Віцебскі р-н), палац Лявона Ашторпа ў Дудзічах (Пухавіцкі р-н), часткова разбураны сядзібны дом памешчыка Лубінскага ў Межаве (Варшанскі р-н). Гітлераўскія варвары пры адыходзе з Горадні ў 1944 г. падпалілі шэдэўр архітэктуры ракако - Новы замак, ад якога засталіся толькі сцены. Вялікія страты прынесла вайна Гомельскаму палацу, па-варварску разбуранаму фашысцкімі акупантамі. Пад канец вайны адыходзячы нямецка-фашысцкія захопнікі ўзарвалі палац Чапскіх у Прылуках (Менскі р-н). У гады вайны парушана сіметрычна-восевая цэласнасць буйнога палацавага комплексу памешчыка Э.Булгака ў Жылічах (Кіраўскі р-н) - страчана паўднёвае крыло аранжарэі і вуглавы флігель. Тады ж быў цалкам зруйнаваны манументальны класіцыстычны палац Тышкевічаў у Лагойску - культурны асяродак Міншчыны. Пры глабальным разбурэнні Менска ў гады вайны знік і палац магната Сапегі, у якім бываў Петр I у 1706 г.

У пасляваенныя гады панскія сядзібы хаця і не разбураліся мэтанакіравана, але прыходзілі ў заняпад ад бязлітаснай эксплуатацыі і нерацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, цудоўны сядзібны дом у Радзівілімонтах (Клецкі р-н), які шмат дзесяцігоддзяў не толькі служыў вяскоўцам жыллём, але і выконваў ролю культурнага цэнтра, з пабудовай побач жалезабетоннага Дома культуры быў аддадзены забыццю і зараз мае варты жалю выгляд, знаходзіцца на мяжы поўнага разбурэння. З-за няшчаднай эксплуатацыі праіснавала толькі да 1953 г. сядзіба Замбрвіцкіх у Вязыні (Маладэчанскі р-н).

Мноства палацаў і сядзіб будавалася з дрэва - матэрыяла недоўгатрывалага, гаручага. Будынкі часта гарэлі, трухлелі ці замяняліся мураванымі. Так да нас не дайшлі палацы Кацярыны II у Мсціславе, Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі р-н), Радзівілаў у Чарнаўчыцах (Берасцейскі р-н), былога фаварыта Кацярыны II графа Зорыча ў Шклове і шмат іншых.

І толькі ў апошняе дзесяцігоддзе прымаюцца пэўныя намаганні па аднаўленню непаўторнай чароўнасці старасвецкіх маёнткаў - тых, што яшчэ захавалі сваю архітэктурна-планіровачную аснову. Але такіх засталося няшмат. Максімальнае захаванне сядзібна-паркавага асяроддзя, мэтанакіраванае культурна-масавае выкарыстанне гэтага тыпу архітэктурных помнікаў неабходна для захавання духоўнага здароўя грамадзяніна, для гарманічнага культурна-эстэтычнага развіцця асобы і народа наогул.

Каб атрымаць дакладнае ўяўленне аб страчаных магнацкіх палацах і шляхецкіх сядзібах, аднавіць іх сапраўдны вобраз, аўтару спатрэбілася здзейсніць шматлікія натуральныя даследаванні, правесці аналіз мноства літаратурна-архіўных крыніц. Асаблівую дапамогу ў гэтай справе аказала кніга Р.Афтаназі «Матэрыялы да гісторыі рэзідэнцый», з якой запазычана мноства гістарычных звестак, звязаных з лёсам памешчыцкіх маёнткаў, іх уладальнікамі. Візуальнае ўяўленне аб страчаных помніках дазваляюць скласці шматлікі іканаграфічны матэрыял, асабліва малюнкі мастака-краязнаўца XIX ст. Н.Орды, і архіўныя фотаздымкі.

АЛЯШЭВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Аляшэвічы (Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся ўласнасцю рода Барановічаў. Яны заснавалі тут сядзібную рэзідэнцыю. Пасля маёнтак выкупіў Ян Незабытоўскі - фундатар фарнага касцёла ў Свіслачы (Гарадзенская вобл.). Ад яго ўладанне атрымаў у спадчыну сын Крыштаф - падкаморы наваградскі, а потым унук Канстанцін, чалавек багаты і адукаваны, які шанаваў мастацка-паэтычную эліту, заўзяты вандроўнік (наведаў Італію ў 1846-1848 гг.). Апошнім уладальнікам-мужчынам быў старэйшы з трох сыноў Канстанціна - Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865- 1952), вядомы грамадска-палітычны дзеяч, пасол у Расейскім дзяржаўным савеце, а потым міністр сельскай гаспадаркі і сенатар Польшчы. У 1920 г. у выніку фамільнага падзелу Аляшэвічы дасталіся малодшай дачцэ Караля Станіслава Ірыне (нар. 1907). Яна стала апошняй уладальніцай маёнтка, якім валодала да 1939 г. Пасля першай сусветнай вайны часткова разбураны і разрабаваны палац застаўся без дагляду. Да 1939 г. яго сцены яшчэ існавалі, але потым былі разабраны дашчэнту.

Першапачаткова старажытны палац Барановічаў нёс на сабе рысы позняга класіцызму. Пазбаўлены строгай і яснай кампазіцыі, ён адрозніваўся ўскладненай яруснасцю, шматпланавасцю. Дойлід шукаў новыя выразныя сродкі, адмаўляўся ад традыцыйных порцікаў і каланад, антаблементаў і франтонаў. Палац уяўляў сабой магутны мураваны будынак (таўшчыня сцен дасягала метра), падоўжна-простакутны ў плане, двухпавярховы ў цэнтры і аднапавярховы ў бакавых крылах. Скляпеністыя падвалы, у якіх размяшчаліся гаспадарчыя і службовыя памяшканні, выконвалі ролю высокага падмурка для верхняй часткі дома. Архітэктура будынка - моцныя плоскасныя сцены, расчлянёныя вокнамі з глыбокімі адхонамі, скляпенні падвалаў, сховішчы і патайныя праходы - сведчыць аб яго даволі старажытным паходжанні, магчыма з XVII ст.

У 1850-1855 гг. Канстанцін Незабытоўскі ажыццяўляе грунтоўную перабудову старасвецкай сядзібы па праекту архітэктара Адама Іджкоўскага. Кіраваў работамі вядомы на Гарадзеншчыне архітэктар Аляксандар Градзецкі, які пасля сканчэння ліцэя ў Крамянцы з 1832 па 1861 г. працаваў на Гарадзеншчыне. У выніку старажытны будынак барочнага стылю набыў выразныя рысы позняга класіцызму.

Яго воблік даносяць да нас дзве акварэлі Н.Орды, напісаныя ім паміж 1861 і 1877 гг. пры Канстанціне Незабытоўскім. Мастак-краязнавец паказвае рэзідэнцыю памешчыка з параднага ўязнога боку. Гэта двухпавярховы палац з цэнтральным рызалітам і тэрасай, якую падтрымлівае каланада. Франтальны фасад, рытмічна расчлянёны девяццю шырока пастаўленымі вокнамі, у цэнтральнай сваёй частцы вылучаецца невялікім трохвосевым рызалітам з порцікам на ганку. Чатыры сціплыя тасканскія калоны, якім на сцяне рызаліта адпавядаюць карынфскія пілястры, нясуць фрыз з разеткамі і метопамі і падтрымліваюць балкон. Адметнай асаблівасцю порціка з'яўляецца размяшчэнне прыступкаў ганка не знадворку, а ўнутры. Калоны тут не толькі адыгрываюць дэкаратыўную ролю, але служаць канструкцыйнымі элементамі - апорай шырокай тэрасы другога паверха, дзе знаходзіцца парадная зала. Тэрасу ганка і верхні балкон аблямоўвае ажурная арнаментная каваная агароджа. Па ўскрайках фасада порцік кампазіцыйна падтрымліваюць моцна высунутыя наперад аднавосевыя рызаліты - у мінулым, верагодна, алькежы. У дэкоры выкарыстаны традыцыйны арсенал класікі - рустоўка, пілястры, сандрыкі і інш. Участкі сцен паміж рызалітамі раскрапаваны нішамі, якія імітуюць «сляпыя» вокны, і завершаны карнізам. Дзякуючы філёнгам над вокнамі, запоўненым лепкай, высокія плоскасныя сцены не выглядаюць манатонна. Вылучаюцца пакрытыя разьбой галоўныя ўваходныя дзверы. Надбудаваныя часткі па абодва бакі сярэдняга рызаліта маюць па аднаму трохчасткаваму акну з арачным праёмам у цэнтры. Двухпавярховы корпус палаца са схаваным за глухім парапетам дахам і бакавыя крылы ахоплівае прафіляваны карніз.

Паркавы тыльны фасад акцэнтаваны моцна высунутым пяцігранным эркерам у два паверхі, накрытым гранёным дахам і дэкарыраваным пілястрамі. На першым паверсе - дзверы, па аднаму акну ў бакавых гранях, на другім - тры акны па гранях і па аднаму на бакавых сценах. Паміж бакавымі двухаконнымі рызалітамі і эркерам створаны слуповыя лоджыі. Класіцыстычную архітэктуру фасада парушае простакутная ў плане аднапавярховая, поўнасцю зашклёная прыбудова да эркера зімовага сада, прыступкі якой вядуць да парка.

Абодва шасцівосевыя бакавыя фасады па цэнтру таксама мелі рызаліты. Вуглавыя рызаліты-алькежы спярша, трэба меркаваць, з фігурнымі барочнымі завершамі, у час перабудовы набылі простыя двухсхільныя дахі.

Першапачаткова рэгулярную сіметрычна-восевую двухрадную анфіладную планіроўку палаца, характэрную для палацава-сядзібнай архітэктуры барока, у XIX ст. грунтоўна змянілі. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Згодна з крыніцамі, датаванымі да 1939 г., у сярэднім рызаліце пры ўваходзе знаходзіўся вялізны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай ў тыльнай частцы. З правага боку мелася два пакоі, створаныя падзелам вялікай квадратнай залы. Левы бок застаўся нязменным і быў заняты «блакітным» салонам. Адпаведна ў тыльнан анфіладзе размяшчалася вялізная, выцягнутая па папярочнай восі бальная зала, якая выступала гранёным эркерам і першапачаткова займала два паверхі. З правага боку да яе далучалася бібліятэка, з левага - «ружовы» салон. Абодва асвятляліся трыма вокнамі, што выходзілі на лоджыі. «Блакітны» і «ружовы» салоны злучаліся паміж сабой папярочным акругленым праходам, дэкарыраваным арнаментальнай лепкай. Пакоі ў бакавых папярочных крылах прызначаліся для жылля. Найбольшы з іх - абедзенная зала - выступаў на галоўным фасадзе левым рызалітам. У яго можна было трапіць з абодвух салонаў. Гэтаму памяшканню, а таксама кабінету гаспадара з паркавага боку адпавядалі крэдэнс і гасціная. Правы рызаліт займала вялізная спальня і некалькі пакояў для абслугоўвага персаналу.

На другім паверсе пасярэдзіне палаца знаходзіліся лесвічная клетка і тры малыя вузкія пакойчыкі над вестыбюлем. Два бакавыя з іх - гасціныя, сярэдні з акном-дзвярамі з'яўляўся праходам ад лесвіцы на балкон. Лесвіца вяла таксама ў авальную капліцу над бальнай залай. Два вялізныя пакоі на верхнім паверсе правага і левага крылаў выконвалі ролю гасціных.

Пакоі палаца былі абабіты шпалерамі. Іх колерам, у прыватнасці, абумоўлены назвы двух парадных салонаў - «блакітнага» і «ружовага». Падлога парадных апартаментаў укладзена ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонавага дуба - ад светлых да цёмных адценняў. Па кутах стаялі белакафляныя грубкі XIX ст. Шэраг парадных і жылых памяшканняў ацяпляўся мармуровымі камінамі з барэльефамі. Столевыя сафіты, упрыгожаныя лепкай з матывамі акантавага лісця і вінаграднай лазы, абапіраліся на фігурныя кранштэйны. З ляпных разетак звісалі бронзавыя люстры. Бальная зала асвятлялася яшчэ і насценнымі хрустальнымі бра.

Памяшканні былі абстаўлены мэбляй першай паловы XIX ст., абітай ў тон шпалер. Сярод яе вылучаліся некалькі старажытных столікаў чырвонага дрэва з рознакаляровым мармуровым маркетры, секрэтэраў і люстраў у разных рамах. Бронзавыя кандэлябры і гадзіннікі, дзве вазы на падстаўках, фігуркі саксонскага фарфора, два агромністыя персідскія дываны на падлозе салонаў дапаўнялі абсталяванне палацавых інтэр'ераў.

Асаблівую каштоўнасць уяўляла калекцыя жывапісу - больш за сто карцін пераважна італьянскіх майстроў, у тым ліку карціны рэлігійнага зместу ў капліцы. Сабраў яе ў асноўным Канстанцін Незабытоўскі ў час сваіх вандраванняў па Італіі. Уладальнік сядзібы быў не толькі аматарам мастацтва. Ён меў таксама багатую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў. На жаль, мэбля ў стылі ампір і мноства карцін, якія ўцалелі ў рэвалюцыйнае ліхалецце, у 1939 г. загінулі.

Палац акружаў парк плошчай больш за 10 га. Аб яго старажытным паходжанні (XVIII ст.) сведчаць прамыя алеі і круглыя ліпавыя альтанкі, уласцівыя рэгулярнай планіроўцы. У XIX ст. парк набывае модны англійскі стыль з пейзажнай арганізацыяй навакольнага ландшафту. Яго тэрыторыя падзялялася на дзве часткі. Адна з іх - тая, што перад палацам, уяўляла сабой вялізны авальны, абсаджаны невысокімі дрэвамі газон, які агінала пад'язная дарога. Прастора перад палацам, такім чынам, заставалася раскрытай, франтальны фасад незаценены. Высокая мураваная агароджа са штыкетам абкружала ўвесь парадны двор. Арыгінальнасць арганізацыі гэтай часткі палацава-паркавага ансамбля заключалася ў размяшчэнні ўезда не па прадольнай восі палаца, а па баках ад параднага двара. Перад палацам, сіметрычна справа і злева, стаялі дзве мураваныя брамы з трох слупоў, пастаўленых паўкругам і аб'яднаных прафіляванымі шчытамі і каванымі варотамі. Левая брама служыла парадным уездам, правая вяла да агарода і пладовага сада. На краі газона па сярэдняй восі будынка змяшчаўся арыгінальнай архітэктуры свіран. Яго ніжняя мураваная частка, квадратная ў плане, была раскрапавана панелямі са «сляпымі» вокнамі гатычнай стральчатай формы. Першы ярус апяразваў арнаментальны гатычны фрыз. Другі ярус абкружала драўляная галерэя з падчэнямі на тонкіх слупах. Дах завяршала шасцігранная вежачка са «стажковым» купалам.

У глыбіні двара, за групай дрэў, хаваўся мураваны будынак стайні для выязных экіпажаў. Гэты аднапавярховы простакутны ў плане аб'ём пад гонтавым дахам з двухпавярховым рызалітам у цэнтры галоўнага фасада завяршаўся паўкруглай аркай і такой жа формы акном. Паўкруглымі вокнамі і пілястрамі паміж імі былі расчленены ўсе фасады будынка.

Другая рэгулярная частка парка прасціралася з тыльнага боку палаца ў выглядзе геаметрычнай сеткі квадратных і простакутных участкаў, размежаваных дарожкамі. Яе абкружалі тры шырокія алеі. Дзве з іх, ліпавая і арэхавая, адыходзілі перпендыкулярна ад дома, а паралельная яму, таксама ліпавая, замыкала чатырохкутны ўчастак парка. «Зялёныя альтанкі» ўздоўж гэтай алеі і ў цэнтры газона і дэкаратыўныя калоны з каменю ўпрыгожвалі прастору. На ўскраіне парка пад старой раскідзістай ліпай ляжалі два часаныя мемарыяльна-культавыя валуны. Наяўнасць у пейзажным парку гістарычна-мемарыяльных рэліквій - традыцыя арганізацыі рамантычных пейзажных паркаў XIX ст.

Летам 1895 г. тагачасны ўладальнік сядзібы Станіслаў Канстанцінавіч Незабытоўскі атрымаў дазвол на будаўніцтва бровара, праект якога склаў губернскі архітэктар Палікарпаў. На тэрыторыі фальварка былі пабудаваны дзве вялізныя гаспадарчыя мураваныя пабудовы ў рэтраспектыўна-гатычным стылі.

АНЕЛІНСКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Анелін (Быхаўскі р-н Магілеўскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся валоданнем Сапегаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшоў да Людвіка Выкоўскага, а потым да яго брата Мечыслава. У пачатку XIX ст. чарговы ўладальнік Аляксандар Выкоўскі збудаваў тут драўляную сядзібу, якую пашырыў яго сын Станіслаў, далучыўшы да сядзібнага дома два бакавыя кароткія крылы. У пачатку XX ст. плошча маёнтка складала каля 2000 дзесяцін. Апошнім уладальнікам існаваўшай да 1939 г. сядзібы быў Людвік Выкоўскі.

Менавіта ўвасабленне ў дрэве форм і прыёмаў стылю класіцызму мураванага дойлідства надавала гэтаму архітэктурнаму помніку своеасаблівасць і каштоўнасць. Зрубавы простакутны ў плане аднапавярховы будынак на адносна высокім падмурку накрываў высокі вальмавы дах з паўкруглымі слыхавымі вокнамі. На галоўным працяглым фасадзе сіметрычна змяшчаліся тры ганкі, сярэдні з якіх вылучаўся павялічаным маштабам і меў двухсхільны шчыт, абапёрты на чатыры драўляныя калоны. Меншыя бакавыя ганкі былі аналагічнымі, але двухкалоннымі. З тыльнага фасада вось сіметрыі адзначалася тэрасай, на якую выходзілі дзверы галоўнай параднай залы. Неатынкаваныя сцены фасаду рытмічна расчляняліся простакутнымі вокнамі ў ліштвах. Сілуэт будынка ўзбагачалі дзве зашклёныя круглыя вежачкі-бельведэры, якія асвятляліся ў час дамовых святкаванняў.

Унутраная прастора дома ўключала каля 20 рознай велічыні пакояў: прасторны вестыбюль, галоўную залу, сталоўку, абсталяваныя мэбляй у стылі бідэрмеер, заснаваным на штучным адраджэнні стыляў мінулых эпох. Дом ацяпляўся кафлянымі грубкамі і двума камінамі. Цікавасць уяўлялі бібліятэка ў 3000 тамоў, калекцыя насякомых каля 10 000 экземпляраў, нумізматычная калекцыя ў 746 манет, экспазіцыя старажытных сякер каменнага веку з навакольных курганоў, а таксама збор шклянога посуду XVIII ст.

Парка пры сядзібе не было, яго замяняў вялізны пладовы сад, абкружаны з чатырох бакоў ліпавымі і арэхавымі алеямі. Перад домам знаходзіўся адкрыты кветнік з клумбамі і рабаткамі.

АНІНСКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Анінск размяшчаўся ў Полацкім ваяводстве (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.) у маляўнічай мясцовасці на беразе возера Малая Альбята. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай сядзіба з першапачатковай назвай Воліна перайшла да расейскага арыстакрата Бакуніна. Аднак неўзабаве ў 1798 г. маёнтак у яго адкупіў полацкі падваявода Траян Корсак ці яго сын Еўзебіюш (себежскі маршалак). Менавіта тады паселішча атрымала новую назву ад імя Анеліі, старшай дачкі Еўзебіўша Корсака. Асноўнай рэзідэнцыяй Корсакаў яшчэ з XV ст. з'яўлялася сядзіба Дзярновічы ў тым жа Полацкім ваяводстве, секвестраваная царскім урадам. Паводле легенды, прычынай канфіскацыі Дзярновіч стаў канфлікт Траяна Корсака з расейскім афіцэрам, які дазволіў сабе непаважліва паставіцца да жонкі ўладальніка маёнтка і быў выкінуты праз акно. Пасля Еўзебіюша Анінск атрымаў у спадчыну яго сын Пётр, паўстанец 1831 г., таксама себежскі маршалак. У 1914 г. яго сын Браніслаў пакінуў маёмасць сваёй дачцэ Марыі Янкоўскай.

Траян Корсак набыў Анінск з невялікім мураваным сядзібным домам, на месцы якога збудаваў новы драўляны дом, значна большы, які праіснаваў да рэвалюцыі 1917 г. Сядзіба вядома па мемуарных успамінах уладальнікаў і па двух малюнках. На адным з іх, выкананым каля 1915 г. У.Корсакам, паказаны дом з боку ўезда, на другім, больш ранейшым, Напалеона Орды, - з боку парка і возера. Увогуле дом не атрымаў выразнай стылёвай характарыстыкі, але ў аб'ёмнай пабудове меў усе рысы традыцыйнай сядзібы памешчыка сярэдняй рукі XIX ст. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак у цэнтры меў двухпавярховую пяцівосевую частку пад двухсхільным дахам. Вынасная тэраса галоўнага фасада трымалася на чатырох масіўных слупах з вісячымі бакавымі аркатурамі і ажурнай трыльяжнай агароджай. Пад тэрасу вялі бакавыя пандусныя ўезды для экіпажаў. Другая тэраса на тыльным фасадзе была ўзнята на аркадзе. Дом, накрыты гонтавым дахам, чляніўся на фасадах простымі простакутнымі вокнамі і выглядаў даволі сціпла. Унутраная планіровачная арганізацыя дома невядома. З гаспадарчых будынкаў на панскім двары існавалі свіран, лядоўня і бровар.

Перад домам быў разбіты вялізны газон. За правым флігелем цягнуўся пладовы сад, абкружаны лесам з прагулачнымі сцежкамі і цудоўным возерам. Каля мастка на ўзгорку стаяла гранёная капліца. Тут жа, на возеры, высаджаны ліпамі востраў, які служыў месцам для адпачынку і прагулак. На завароце адной з алей размяшчалася фамільная грабніца ў выглядзе архаічнага свяцілішча з гранітным крыжам. Участак плошчай 10 га займаў так званы «новы сад».

АРЭХАЎНЯНСКАЯ СЯДЗІБА

Старажытны маёнтак Арэхаўна (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.) з'яўляўся ўласнасцю Корсакаў. Дзісненскі староста Баркалап Корсак каля 1574 г. аддаў свае зямельныя ўладанні ў пасаг дачцэ Еве - жонцы Багдана Саламярэцкага. У 1591 г. яны прадалі Арэхаўна Лашмінскім, якія валодалі ім да 1693 г., калі маёнтак выкупіў Крыштаф Шчыт. Адна з пяці дачок Юзафа Шчыта адкупіла ў сясцёр сядзібу ў 1781 г. і стала адзінай уладальніцай Арэхаўна. У далейшым маёнтак атрымаў у спадчыну менскі кашталян Шымон Забела. У першай палове XIX ст. уладанне перайшло да яго малодшага сына Юзафа, які ў 1834 г. фундаваў у вёсцы царкву. Апошнім уладальнікам Арэхаўна быў Уладзіслаў Забела (1870-1932). На пачатак XX ст. ад сядзібы-крэпасці засталіся толькі равы і валы, засыпаныя падвалы і падземныя калідоры.

У другой палове XVIII ст. на ўскраіне старажытнага крапаснога рова стаяла невялікая сядзіба ў барочным стылі, збудаваная невядомым італьянскім архітэктарам. Яе сцены з моцных бярвенняў лістоўніцы былі ўзведзены на падмурку і скляпеністых падвалах, абапёртых на шасцігранныя слупы. У XIX ст. аднапавярховы простакутны ў плане дом пад ламаным дахам значна пашыраны, атынкаваны і пабелены, у выніку набыў класіцыстычны выгляд: галоўны фасад з двума чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, на адным з вуглоў парушаўшая агульную сіметрычна-восевую кампазіцыю двух'ярусная вежа. Бакавыя лесвіцы на гладкім заходнім фасадзе вялі ў капліцу і падвалы.

Планіроўка дома была анфіладнай. Уваходны вестыбюль, аформлены ў «паляўнічым» стылі, уражваў шматлікімі мядзведжымі і воўчымі скурамі, мэбляй, аздобленай рагамі жывёлін. Направа ад прыхожай размяшчаўся шэраг спальных пакояў; налева - малая сталоўка з дубовым панельным аздабленнем. Ідэнтычнае аздабленне мела наступная ў анфіладзе вялікая сталоўка. Пакоі ацяпляліся кафлянымі грубкамі, асвятляліся каванымі люстрамі і бронзавымі сяміражковымі кандэлябрамі. Левая анфілада замыкалася вялізным кабінетам. Побач з ім з тыльнага боку дома знаходзілася капліца, злучаная шырокімі ашклёнымі дзвярамі з вялізным квадратным салонам, мэбліраваным у стылі Людовіка XIV. Над алтаром капліцы вісеў вобраз Маці Боскай Вострабрамскай, выкананы ў Вільні ў XVIII ст. Памяшканне, адведзенае пад бібліятэку, поўнасцю было зашыта панелямі чорнага дуба. Кнігазбор налічваў каля 1200 тамоў. Фамільны архіў, дзе меліся дакументы з XVII ст., і каштоўныя ювелірныя вырабы, пакладзеныя ў пачатку XX ст. у банкі Віцебска і Пецярбурга, у час рэвалюцыі 1917 г. зніклі. У арэхаўнянскай сядзібе захоўвалася каштоўная калекцыя карцін, сярод якіх творы Мурыльё, Фраганара, Дэлакруа, Вато. У зборы фарфору меліся мейсенскія і сеўрскія вырабы, фамільнае серабро, вынецыянская бронза. Цікавасць уяўляла калекцыя табакерак XVIII- першай паловы XIX ст. У канцы калідора знаходзілася лесвіца на вежу, першы ярус якой меў два жылыя пакоі, другі - вялізную квадратную залу, званую «мужчынская гасціная», дзе змяшчалася калекцыя рыцарскіх даспехаў, зброі, воінскіх атрыбутаў.

Перад домам цягнуўся вялікі травяны газон з кветнікамі і сонечным гадзіннікам. Злева ад газона стаяў драўляны аднапавярховы флігель з мансардавым гонтавым дахам, збудаваны ў XVIII ст. У ім знаходзіліся кухня, пякарня, пральня, жыллё дваровых. На адлегласці дзесятка метраў за домам стаяў свіран XVIII ст. у форме трох'яруснага шасцігранніка, накрытага гранёным ламаным гонтавым дахам. Заслугоўваў ўвагі будынак мураванай капліцы-пахавальні гетмана Юзафа Забелы, збудаванай у 1875 г. віленскім архітэктарам Віткоўскім. Яна стаяла на ўзгорку, за флігелем, на месцы старажытнай замкавай вежы. Мела трапецападобны план і гонтавы ламаны дах. Галоўны фасад завяршаў шчыт з гербавым картушам Забелаў. Інтэр'ер вызначаўся мармуровым аздабленнем.

Ва ўсходнім напрамку прасціраўся паркавы масіў, які абкружаў жылы дом і канцылярыю галоўнага ляснічага і адміністратара маёнтка. Далей у тым жа напрамку ішлі фальваркавыя будынкі: тартак, стайня, адрына, цагельня і кафляны завод, хата парубкаў. Па заходнім баку двара цягнуліся газоны з кветкавымі клумбамі, фруктовы сад. Парк плошчай каля 20 га быў спланаваны ў сярэдзіне XIX ст. Уладзіславам Марконі. З трох бакоў яго абмяжоўвалі старажытныя валы, з чацвёртага - рэчышча ракі. Пейзажны парк, раскінуты па паўночным баку жылога дома, даходзіў да маляўнічага возера з прыстанню. Сярод паркавых пасадак пераважалі бяроза, клён, ліпа, ясень, граб, бук, дуб, елка серабрыстая. На п'едэсталах стаяла некалькі беламармуровых скульптур, прывезеных з Італіі ў канцы XVIII- пачатку XIX ст., - Псіхея, Купідон, Апалон, Дыяна, Геркулес. З боку пад'язной дарогі, званай «напалеонаўскі тракт», да сядзібы вяла брама з выцесаных з каменя чатырохгранных слупоў, завершаных вазамі. У 1918 г. сядзіба была разрабавана і з часам поўнасцю знікла.

АСВЕЙСКАЯ СЯДЗІБА

Мястэчка Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), што ляжыць на паўднёвым беразе вялізнага возера з той жа назвай, калісьці з'яўлялася цэнтрам вялікіх магнацкіх уладанняў. Упершыню яно ўпамінаецца ў дагаворы шасцігадовага перамір'я паміж каралём Аляксандрам Ягелончыкам і вялікім князем Іванам, заключаным у Маскве ў 1503 г. У 1505 г. кароль аддаў Асвею полацкаму ваяводу Станіславу Глябовічу. Затым мястэчка пераходзіць да роду Кішкаў. Віцебскі ваявода Станіслаў Кішка ў 1606 г. прадае сядзібу Льву Сапегу, нашчадкі якога ўтрымлівалі ўладанне каля 150 гадоў. У 1749 г. ад каад'ютара віленскага Юзафа Сапегі Асвея дастаецца менскаму ваяводу Яну Аўгусту Гільзену, аўтару «Кронікі інфлянцкай», вядомаму дабрачынцу каталіцкага будаўніцтва ў краі. Наступным уладальнікам Асвеі становіцца мсціслаўскі ваявода Юзаф Гільзен, які памёр у Рыме бяздзетным і таму завяшчаў маёнтак сваяку жонкі графу Казіміру Канстанціну Плятэру. Аднак той, не здольны ўтрымліваць маёнтак у 13 000 душ, адпісаў яго сваяку Яну Шадурскаму. У руках Шадурскіх Асвея заставалася на працягу стагоддзя. Ад Яна Шадурскага гаспадарка перайшла да яго сына маршалка шляхты Віцебскай губерні Ігната, а потым да сястры Ігната Казіміры. Яна ўступіла маёнтак свайму стрыечнаму брату Мікалаю, пры сыне якога маёнтак і прыйшоў ў заняпад. Перад першай сусветнай вайной Асвея перайшла ў расейскае дзяржаўнае валоданне.

Гільзены, а потым і Шадурскія жылі ў Асвеі ў вялізным палацы, які вылучаўся са шматлікіх панскіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай таго часу. Манументальная палацава-паркавая рэзідэнцыя была ўзведзена Янам Аўгустам Гільзенам у 1782 г. у стылі строгага класіцызму пад уплывам італьянскіх паладзіянскіх віл эпохі Рэнесансу. Непадалёк пад яго ж кіраўніцтвам узведзены прыгожы барочны касцёл місіянераў. Мураваны палац, вядомы па двух малюнках Н.Орды і фотаздымку пачатку XX ст., складаўся з галоўнага корпуса, аб'яднанага акруглымі кароткімі галерэямі-аркадамі з двума простакутнымі ў плане флігелямі. Двухпавярховы галоўны корпус палаца з нізкім ніжнім жылым і значна ўзнятым верхнім парадным паверхамі меў на галоўным фасадзе тры кампазіцыйныя акцэнты: павышаны сярэдні рызаліт і два меншыя бакавыя. Нязвычна сціплае вырашэнне набыў галоўны ўваход з невялікім выгнутым казырком. Значна больш цікава трактавана верхняя частка рызаліта, прабітая трыма вялізнымі арачнымі вокнамі, дэкарыраваная чатырма парамі прысценных тасканскіх калон на высокіх пастаментах. Яны неслі тонкапрафіляваны антаблемент з паяском сухарыкаў і трохкутны франтон у завершы. Архітэктурны дэкор абмяжоўваўся прафіліроўкамі, рустоўкай, ліштвамі простакутных акон, панелямі, міжпавярховым карнізам. Выгнутыя бакавыя галерэі першапачаткова мелі на першым паверсе прахадныя аркады, якія к канцу XIX ст. былі замураваныя.

Калі знешні выгляд палаца па-класічнаму строгі і аскетычны, дык інтэр'еры, наадварот, вылучаліся багатым дэкорам. У вялізным вестыбюлі, які займаў усю шырыню цэнтральнага рызаліта, знаходзілася парадная мармуровая двухмаршавая лесвіца. На другім паверсе размяшчалася абсталяваная ў стылі Людовіка XV люстраная бальная зала, якая блішчала адлюстраваннем соцень свечак, што звісалі з плафонаў.

Падлога залы і суседніх салонаў была пакрыта ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонных парод дрэва. Акрамя бальнай і сталовай залаў, салонаў, кабінета і будуара ў верхнім паверсе мясцілася бібіятэка. У адным з крылаў быў створаны двухпавярховы зімовы сад, у якім раслі экзатычныя дрэвы і расліны: магнолія, пальмы, цытрусавыя і інш.

Перад палацам раскінуўся вялізны адкрыты газон і дзве выцягнутыя па папярочнай восі сажалкі з пад'ёмным мостам праз канал, што іх злучаў. З правага боку пры ўездзе стаяў барочны касцёл. Высаджаны за палацам вялізны пайзажны парк, арганічна злучаны з возерам, займаў плошчу больш за 30 га. Ён пераходзіў у лесапарк, які меў звярынец плошчай каля 10 га. Аснову паркавай кампазіцыі складалі маляўнічыя курціны на адкрытых палянах. Раўнінная мясцовасць абумовіла стварэнне тут двух насыпных узгоркаў з альтанкамі. Парк перакрыжоўвалі каналы і сажалкі з дэкаратыўнымі масткамі, штучнымі выспамі. Стваралася ўражанне астраўнога размяшчэння цэнтральнай часткі парка. Складаная водная сістэма насычалася ад возера праз галоўны канал. Раскоша палацава-паркавага ансамбля захоўвалася да 1914 г., калі з пачаткам першай сусветнай вайны ён быў разбураны. Зараз тут сярод парадзелага парка сіратліва ўзвышаюцца рэшткі сцен былога палаца.

АСТРАГЛЯДСКАЯ СЯДЗІБА

Астрагляды (раней Астраглядавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.) першапачаткова з'яўляліся ўласнасцю Вішнявецкіх, потым Чарлінскіх і Ракіцкіх. Тэкля Ракіцкая прыўнесла маёнтак каля 1810 г. як пасаг ва ўладанне свайго мужа Ўладзіміра Прозара з Хойнікаў. Такім чынам агульнае ўладанне Прозара ў першай палове XIX ст. займала плошчу каля 80 000 дзесяцін. Ад Уладзіслава Прозара маёнтак атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, а потым унук Канстанцін. Апошні, даведзены да галечы, прадаў маёнтак расейскім уладам. Аднак стварэнне ў доме лазні прывяло да пажару, які знішчыў увесь будынак. У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу Астрагляды, а дакладней голыя сцены, набыў Альгерд Гардзіалкоўскі з Друцку.

Прозары валодалі палацавай рэзідэнцыяй у Хойніках. Уладзімір Прозар, атрымаўшы ў спадчыну Астрагляды, узводзіць тут у 1810-1820-ых гг. яшчэ адзін палац у стылі ампір па праекту дойліда Генрыха Марконі. Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай, якая несла дарычны антаблемент і тэрасу перад мансардай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохкутнымі франтончыкамі. Дэкор аднапавярховых крылаў абмяжоўваўся паўкруглымі надаконнымі, аб'яднанымі гарызантальнай цягай броўкамі і шырокім дарычным фрызам з трыгліфамі ў завершы. Пасярэдзіне тыльнага фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам, над бакавымі крыламі - трохсхільны.

Палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў «паляўнічым» стылі вестыбюль з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую пад блакітным плафонам, упрыгожаным зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, якая асвятлялася парамі вокнаў ад фронту і тылу. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчалася гасціная, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні Канстанцыі Прозар. Падлога парадных апартаментаў, выкладзеная ўзорыстым паркетам з ясеню, чорнага дубу, грушы і іншых драўляных гатункаў, удала спалучалася са сценавымі панелямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука; кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'еру.

Уязная брама мела «ваяўнічую» трактоўку ў выглядзе навешаных на высокія мураваныя слупы каваных варот з пік і рымскіх вянкоў. Па яе баках размяшчаліся дзве вежы-вартоўні з купальным пакрыццём, завершаным чыгуннымі дэкаратыўнымі пінаклямі. Ад брамы вакол газона праходзіла шырокая ліпавая алея. Па абодва бакі газона перад палацам стаялі дзве невялікія афіцыны з чатырохслуповымі ганкамі. За палацам раскінуўся пейзажны парк, высаджаны на плошчы ў 5 га ліпай, дубам, платанам, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Праз гэтыя пейзажныя пасадкі ад палаца адыходзіла прамая алея, замкнёная чатырохкутным вялізным газонам. Цэнтрам складанай воднай сістэмы з'яўляўся востраў дыяметрам 200 м, абкружаны шырокім каналам, злучаным з асноўным вадаёмам. Тэрыторыю сядзібы абмяжоўвала ажурная мураваная агароджа, па фронту якой праходзіў гасцінец, высаджаны векавымі платанамі і таполямі.

АСТРАШЫЦКА-ГАРАДОЦКАЯ СЯДЗІБА

Сядзіба графаў Тышкевічаў у Астрашыцкім Гарадку (Менскі р-н) размяшчалася за кіламетр ад вёскі на шырокім узгорку сярод маляўнічага лесу паблізу вялікага возера. Пасля смерці Міхала Тышкевіча тут жыла яго ўдава Марыя (пам. 1902). Наступным уладальнікам маёнтка агульнай плошчай каля 8500 дзесяцін стаў старэйшы сын Міхала - Юзаф Тышкевіч. Пасля смерці маці ён падарыў гэты маёнтак нявестцы Клемянціне Патоцкай. Апошнім уладальнікам маёнтка быў яе муж Альфрэд Тышкевіч.

У XVIII-XIX стст. тут існаваў апісаны ў інвентары 1650 г. драўляны замак, абкружаны абароннымі сценамі з чатырма вуглавымі вежамі, ровам і сажалкамі. Мост, перакінуты праз роў, падводзіў да трох'яруснай, фланкіраванай з двух бакоў вежамі і завершанай высокім шатром брамы-вежы «прускага муру». Злева ад брамы ўнутры замка стаяў аднапавярховы драўляны палац, за ім уздоўж сцяны размяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазня, бровар. Справа ад брамы стаяў дом «прускага муру». Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.

У інвентары 1745 г. апісана сядзіба, у якую ўваходзілі драўляны палац (шэраг жылых, гаспадарчых, парадных пакояў з выхадам у бок звярынца), некалькі гаспадарчых будынкаў, фальварак з двума жылымі будынкамі, пякарня, стайня, абора, бровар і інш. За сядзібай знаходзілася сажалка з млынам.

Каля 1855 г. быў пабудаваны мураваны палац у стылі рэтраспектыўнай готыкі. Аднак праз некалькі гадоў пасля ўзвядзення дом згарэў, але ў 1876 г. быў адбудаваны і дабудаваны левы корпус. Праіснаваў да першай сусветнай вайны.

Адзінай ілюстрацыяй, якая дае ўяўленне аб сядзібе, з'яўляецца малюнак Н.Орды другой паловы XIX ст. На ім паказаны як адбудаваная, так і ўзведзеная побач новая частка палаца. Прыбудовы не парушаюць архітэктурнай цэльнасці будынка. Новы мураваны атынкаваны палац складаецца з двухпавярховых простакутных у плане цэнтральнага і двух бакавых аб'ёмаў, аб'яднаных паміж сабой аднапавярховымі крыламі. На галоўным фасадзе выступаюць рызалітамі бакавыя аб'ёмы, да цэнтральнага рызаліта прымыкае простакутная ў плане прыхожая з вялізнай тэрасай наверсе, якая злучаецца з параднай залай другога паверха. У палацы знаходзіцца капліца, а побач стаяць рэшткі спаленага крыла з высокай квадратнай яруснай вежай, а з другога боку далучаецца невялікі павільён у выглядзе класіцыстычнай вілы з дзвюма калонамі на ганку.

Шырокую вядомасць сядзіба набыла ў 1850- 1870-ых гг. вялікай калекцыяй твораў прафесійнага і народнага мастацтва, сабранай на працягу многіх гадоў Міхалам Тышкевічам. Да найбольш каштоўных належалі калекцыя вайсковых даспехаў XVI-XVII стст., збор жывапісу, старажытнага фаянсу, фарфору і шкла, а таксама калекцыя манет, прададзеная пазней Эмерыку Чапскаму ў Станькава (Дзяржынскі р-н).

АЎГУСТОЎСКАЯ СЯДЗІБА

У 1770-ых гг. літоўскі падскарбі Антоній Тызенгаўз пабудаваў для караля Станіслава Аўгуста ў наваколлі Горадні дзве блізкія па архітэктурнай трактоўцы сядзібкі, назваў іх імёнамі манарха «Станіславова» і «Аўгустова». Апошняя знаходзілася за 3 км ад горада на левым беразе Нёмана. У нязменным стане яна захоўвалася да першай сусветнай вайны, калі расейскае войска, адыходзячы ад Горадні, спаліла сядзібу.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтае канфіскаванае расейскім урадам каралеўскае ўладанне перайшло ў прыватную ўласнасць. Кацярына II аддала Аўгустова генералу графу Маўрыкію дэ Ланці за яго заслугі ў час турэцка-расейскай вайны. У 1819 г. граф завяшчаў маёнтак, які налічваў з лесам, лугамі і фальваркамі каля 12 000 га, свайму пляменніку Патрыку О'Брыну - англійскаму капітану. Пасля яго смерці ўладанне перайшло да сына Аляксандра, а з 1908 г. засталося за ўдавой Габрыэляй Радавіцкай. У 1921 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі: сядзіба дасталася сыну палкоўніка расейскай арміі Цярэнцію О'Брын дэ Ланці, а карчма і фамільная капліца - брату Маўрыкію, які перабудаваў карчму на добрую панскую сядзібу.

Мяркуюць, што праект сядзібы распрацаваў італьянскі дойлід Джузепе дэ Сака ці Фрэдэрык Накс. Узведзены пры Антонію Тызенгаўзу сядзібны дом ў Аўгустове ўяўляў сабой невялікі аднапавярховы будынак з мансардай у цэнтры. Будынак накрываў высокі чатырохсхільны дах над бакавымі крыламі і паўкруглы над сярэдняй двухпавярховай часткай. Сярэдняя трохвосевая частка фасада вылучалася двухпавярховым рызалітам, падножжа якога складалася з пакрытай рустам аркады. Верх рызаліта, расчлянёны трыма арачнымі вокнамі і тасканскімі пілястрамі, атрымаў багаты дэкор у стылі Людовіка XVI. Панелі над вокнамі мелі ляпныя аздобы ў выглядзе выгнутых пад прамым вуглом раслінных узораў. Фрыз над пілястрамі быў набраны з трыгліфаў і метоп. Пасярэдзіне лучковага франтона, ахопленага прафіляваным карнізам, бачылася авальнае акно, абкружанае гірляндай з каронай. Ад авала разыходзіліся кветкавыя арнаменты. Больш сціпла выглядалі плоскасныя бакавыя часткі галоўнага фасада. Над нішамі на даху мясціліся круглыя люкарны. Галоўным акцэнтам паркавага фасада стаў сярэдні трохгранны рызаліт, крапаваны пілястрамі і дэкарыраваны фрызам. Тром высокім арачным дзвярам, якія вялі на паркавую тэрасу, наверсе адпавядалі высокія простакутныя вокны. Кветкавымі гірляндамі былі дакарыраваны і надаконныя панелі. Невялікі трохкутны, ахоплены карнізам франтон запаўняў авальны вянец з ніспадаючымі кветкавымі гірляндамі, у сярэдзіне якога памяшчаліся каралеўскія ініцыялы з каронай. Усе элементы дэкору, пафарбаваныя ў белы колер, выразна вылучаліся на жоўтым фоне атынкаванага фасада.

Першапачаткова сядзіба ўключала каля дзесяці памяшканняў, анфіладна размешчаных у два рады. У цэнтры на першым і другім паверхах меліся дзве вялізныя парадныя залы. Рызалітная частка дома з боку ўезда складалася з сярэдняга невялікага хола, правага крэдэнса і левай паўкруглай дубовай лесвіцы, якая вяла на другі паверх. Па правы і левы бакі рызаліта на фронту змяшчаліся па два жылыя пакоі. З хола праход вёў у прасторны паркавы авальны салон (у мінулым бальная зала). Яго ўпрыгожваў плафон на падугах і ўзорысты паркет. Сцены пакрываў фрэскавы роспіс, які імітаваў лёгкія драпіроўкі з бахрамой колеру бардо. Залу ацяпляў просты камін з вапняку, зроблены ў XIX ст. Да першай сусветнай вайны на сценах салона захаваліся два алейныя партрэты імператрыцы Кацярыны II, прыпісваемыя пэндзлю І.X.Лампі, і партрэт Паўла І невядомага мастака. Мэбля чырвонага дрэва і дванаццацісвечныя бронзавыя жырандолі адносіліся да стылю ампір. Некаторыя пакоі былі абсталяваны вельмі старой мэбляй, прывезенай з Італіі. У доме знаходзіліся творы з фарфору і серабра, цудоўная бібліятэка і фамільны архіў. З правага боку ад салона размяшчаўся другі простакутны салон. З плафона звісала дванаццацісвечная сярэбраная люстра. Па левы бок ад авальнага салона ішлі два жылыя пакоі з простакутнымі кафлянымі печамі XIX ст. У кабінеце стаяў камін накшталт каміна авальнага салона. Другі паверх меў адзіную тэатральную залу, да бакавых дзвярэй якой уздымалася лесвіца.

Дом абкружаў першапачатковы рэгулярны, потым пейзажны парк плошчай каля 20 га, высаджаны ў асноўным за домам. З боку ўезда цягнуўся круглы газон, які агінала шырокая дарога. На галоўнай восі размяшчалася ўязная брама з двух мураваных пілонаў, дэкарыраваных пілястрамі і завершаных прафіляваным карнізам і накрытых нізкім дахам. Абодва пілоны былі прабіты простакутнымі праёмамі і завяршаліся вазамі з гірляндамі. Ад брамы да дома вяла сцежка, якая падзяляла газон на два паўкругі. Па абодва бакі газона сіметрычна стаялі пяцівосевыя аднапавярховыя флігелі пад высокімі чатырохсхільнымі гонтавымі дахамі. Правы флігель служыў кухняй і кладоўкай, у левым месціліся адміністрацыя і службы. Паўкруглая агароджа са штыкетнікам паміж мураваных слупоў аб'яднала браму з флігелямі і домам у адзіны замкнёны архітэктурны ансамбль.

Адыходзячая ад сярэдніх дзвярэй авальнага салона ліпавая алея вяла да ўскраіны парка, высаджанага елкай, сасной, асінай, грабам, клёнам, бярозай і іншымі пародамі дрэў. Бліжэй да дома знаходзіліся два невялікія чатырохкутныя газоны з кветкавымі рабаткамі. Алеі з правага боку ахоплівалі працяглую сажалку, аб'яднаную каналамі з дзвюма іншымі сажалкамі, размешчанымі паблізу гаспадарчых будынкаў за кухонным флігелем. На адной з палян расла каласальнай велічыні лістоўніца, паводле мясцовага падання, пасаджаная яшчэ каралём. У канцы парк пераходзіў непасрэдна ў лес, а па правым баку - у агароды і сад. За перыяд з 1914 па 1919 г. пасадкі парка амаль цалкам загінулі.

Прысядзібная капліца, узведзеная па правым баку алеі, якая вяла да Нёмана, стаяла таксама сярод векавых дрэў. Яе абкружала высокая мураваная агароджа. Месца насупраць увахода займала мураваная двух'ярусная брама, якая адначасова служыла званіцай. Капліца была фундавана ў 1821 г. (закладная табліца вісела над уваходнымі дзвярамі). Па задуме фундатара графа Караля Медэма капліца мусіла нагадваць базіліку святых Пятра і Паўла ў Рыме. Квадратная ў плане, унутры яна мела форму ратонды. Купал, які накрываў капліцу, завяршаўся ліхтаром з крыжам. Уваход арганізаваны пад глыбокім двухкалонным порцікам. У алтары віселі абразы Маці Божай, а па баках - апосталаў Пятра і Паўла. У склепе капліцы знаходзілася крыпта з пахаваннямі рода Ланці і яго нашчадкаў О'Брын дэ Ланці.

Пры перакрыжаванні ўязной алеі з гарадзенскім загарадным трактам стаяла старая карчма, пабудаваная ў 1794 г. Знешнім выглядам яна больш нагадвала традыцыйную класіцыстычную панскую сядзібу. Гэты аднапавярховы простакутны ў плане будынак на скляпеністым цокалі накрываў чатырохсхільны дах. У яго сярэдняй трохвосевай частцы выступаў рызаліт з прысценным чатырохкалонным порцікам і тэрасай. Над рызалітам знаходзілася невялікая мансарда з простакутным акном. Карчма пасля рэканструкцыі і высадкі вакол яе парка служыла сядзібай графу О'Брын дэ Ланці да восені 1939 г.

БАРБАРОЎСКАЯ СЯДЗІБА

Размешчанае ля сутокаў рэк Салакучы і Прыпяці старажытнае паселішча Барбароў (Мазырскі р-н Гомельскай вобл., старая назва Бабічы) мела абаронны, абкружаны валам і ровам замак, аб'яднаны з наваколлем пад'ёмным мостам. Стваральнікам замка (які існаваў яшчэ ў першай палове XIX ст.) з'яўляўся князь Ерамей Вішнявецкі. У далейшым Барбароў стаў каралеўскім уладаннем, а потым адышоў да роду Аскеркаў. За ўдзел Рафала Аскеркі ў паўстанні Касцюшкі Барбароў быў канфіскаваны расейскім урадам, трапіў у рукі Ван Голстава. Ад яго маёнтак набыў Ігнат Горват, род якога асеў у Мазырскім павеце яшчэ ў XVII ст. Затым у самым канцы XVIII ст. Барбароў атрымаў у спадчыну старэйшы сын Ігната Горвата Аляксандар, рэчыцкі харунжы. Наступны ўладальнік маёнтка ў XIX ст. - сын Аляксандра, таксама Аляксандар Горват, маршалак Кіеўскай губерні. Яго сын, трэці ў родзе, Аляксандар Горват быў апошнім уладальнікам гаспадаркі ў 16 000 моргаў (1 морг - 0,71 га) лесу, лугоў і ворнай зямлі.

Да першай сусветнай вайны тут існавала сядзіба. Вядомы яе будаўнік - дойлід з Рыгі Лунэбург. Ёсць звесткі, што сядзіба ўзнікла ў час жыцця мазырскага гарадскога суддзі Ігната Горвата. Двухпавярховы дом стаяў на высокім падмурку простакутнай формы. На дзевяцівосевым галоўным фасадзе выступаў чатырохкалонны порцік, які нёс антаблемент і трохкутны франтон.

Поле апошняга запаўняў гербавы картуш фундатара сядзібы. Пад франтонам знаходзіўся балкон з жалезнай балюстрадай. Плоскасны тыльны фасад вылучаўся ў цэнтры шырокай тэрасай. Асноўным дэкаратыўным элементам фасадаў былі надаконныя трохкутныя і гарызантальныя сандрыкі. Да бакавога фасада далучалася ашклёная прыбудова зімовага сада, канцылярыі і лазні.

Інтэр'еры сядзібы вырашаны ў стылі ранняга класіцызму. Першы паверх набыў жылое прызначэнне, другі выконваў ролю параднага. Налева ад вестыбюля знаходзілася сталовая ў тры акны, а направа - салон. Вельмі эфектна ўспрымалася бальная зала, якая займала ўсю сярэдзіну другога паверха і асвятлялася вокнамі, што выходзілі на абодва бакі дома. Яна мела разнатонны паркет, узорыстую абіўку сцен, апяразаных шырокім фрызам, стукавыя ляпныя аздобы, белую кафляную печ, а насупраць яе камін каляровага мармуру, вялізную бронзавую люстру і мэблю ў стылі Людовіка XV. Два прасторныя салоны, размешчаныя па левым баку бальнай залы, ад колеру абіўкі зваліся «зялёным» і «жоўтым». У доме, акрамя бібліятэкі і архіва, знаходзілася багатая калекцыя жывапісу, сярод якой згадваюць карціны Рэмбранта і Рубенса, Лампі, а таксама палотны Бачарэлі, Ваньковіча, Дамеля, Сухадольскага. Вялікая калекцыя скульптур, пазалочаных бронзавых кандэлябраў, падсвечнікаў, гадзіннікаў, выкананых у пецярбургскай майстэрні Хопіна, наборы саксонскага фарфору, для якога прызначалася спецыяльная зала, мноства хрусталю, фамільнага серабра - гэты збор мастацкіх твораў надаваў сядзібе яшчэ большую каштоўнасць. У палацавай аранжарэі вырошчваліся экзатычныя расліны: мірты, кіпарысы, пальмы, цытрусавыя.

Блізкасць шырокай ракі і невялікага возера адразу за палацам складала эфектнае прыроднае наваколле палаца. На высокім беразе Прыпяці быў разбіты пейзажны парк плошчай каля 5 га. Яго кампазіцыя складалася з дзвюх частак: ніжэйшай паўднёвай з палацам пасярэдзіне і высокай заходняй з садам, выцягнутай уздоўж лукавіны ракі. Да дома вяла ліпавая алея з мураваным арачным мостам праз невялікі ручай (рэшткі былога рова). За мостам стаяла брама ў выглядзе двух пабудаваных з цэглы неатынкаваных пілонаў, увенчаных балюстрадкамі і вазамі з гірляндамі. На пілоны навешаны каваныя створкі варот вытанчанага арнаментнага малюнка. Месца побач займала маленькая вартоўня. Перад палацам прасціраўся круглы газон, абодва бакі якога фланкіравалі аднапавярховыя флігелі пад высокімі чатырохсхільнымі дахамі. Па фронту яны мелі двухкалонныя порцікі, што неслі антаблемент з прафіляваным карнізам і трохкутны франтон з паўкруглымі люкарнамі. Паміж Прыпяццю і палацам сярод ліп праглядваўся старажытны свіран. Па другі бок парка, на адным з узгоркаў знаходзілася фамільная капліца-пахавальня. Галоўная алея парка пралягала паблізу высокага берага ракі і яе поймы. Адсюль бачыліся рэшткі замка Аскеркаў у Юравічах. На мысе стаяла альтанка, з якой расчыняліся цудоўныя краявіды на зарэчны ландшафт Прыпяці.

БАРДЗІЛАВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Каля 1840 г. Антон Міхал Корсак (1799-1876), які страціў сваю сядзібу і маёнтак Дзярновічы за ўдзел у паўстанні 1831 г. і быў асуджаны на год турэмнага зняволення і наступны паліцэйскі нагляд, набыў маёнтак Бардзілавічы (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.), дзе пражываў да сваіх апошніх дзён. Ад яго Бардзілавічы перайшлі ў спадчыну да сына Пятра Міхала (1859-1922), які заставаўся ўладальнікам маёнтка ў 600 дзесяцін да 1917 г.

Набыўшы Бардзілавічы, Корсакі зажылі ў існуючым там з XVIII ст. сядзібным доме правінцыяльнага выгляду. Драўляны, размешчаны на ўзгорку паміж Заходняй Дзвіной і лесам жылы будынак стаяў на даволі высокім простакутным у плане падмурку і меў высокі гонтавы дах з двума парамі паўкруглых акон-люкарнаў. Ашаляваныя фасады былі пафарбаваны ў зялёны колер, а з боку ўезда выступаў двухкалонны белы порцік з трохкутным франтонам. Такія ж франтончыкі ўпрыгожвалі ўваходныя дзверы і вокны.

У другой палове XIX ст. адбылася перапланіроўка, у выніку якой дом атрымаў у сярэдняй сваёй частцы анфіладную арганізацыю. Праз порцік і малыя сенцы можна было трапіць у прыхожую. Пакой, што прылягаў да яе з правага боку, служыў бібліятэкай, а два наступныя з'яўляліся жылымі. Вялікі пакой з левага боку прызначаўся для сталовай, далей ішло вуглавое жылое памяшканне. Сярэдзіну дома з тыльнага боку займаў прасторны простакутны салон, асветлены трыма вокнамі. Справа да яго прымыкалі жылыя і службовыя пакоі, налева - малы салон і вуглавы кабінет гаспадара.

Высокія сцены жылых пакояў дома былі абклеены шпалерамі, мелі ўзорыстыя паркеты і белакафляныя печы. Вялікі салон, абстаўлены стыльнай мэбляй, вылучаўся, найперш, паркетам, набраным у выглядзе вялікага залацістага вянка. У прасценках акон памяшчаліся чатыры вялікія люстры ў ампірных рамах. Пасярэдзіне параднага салона стаяў абкружаны крэсламі авальны стол, дзве сафы, а таксама сакрэтнік з бронзавымі дэкаратыўнымі накладкамі, парыжскія гадзіннікі ў мармуровай аправе. Дапаўняла інтэр'ер салона печ, завершаная карнізам расліннага арнаменту. У малым салоне адчувалася эклектыка: кафляны камін з каванай рашоткай расліннага арнаменту, шоўкавыя зялёныя парцьеры з выявамі паўлінаў, падвясныя свяцільнікі ружовага колеру на японскі манер, мяккая мэбля, рэпрадукцыі вядомых мастакоў. Уздоўж сцен бібліятэкі цягнуліся стэлажы з кнігамі, сярод якіх трапляліся вельмі старажытныя пергаментныя рукапісы. Атрыманы каштоўны кнігазбор сваіх продкаў Антон Корсак і яго сын Пётр папоўнілі шматлікімі падпіснымі перыядычнымі выданнямі па гісторыі, эканоміцы, паляванню. К 1917 г. бібліятэка налічвала некалькі тысяч тамоў на лацінскай, грэчаскай, французскай, італьянскай, нямецкай, расейскай і польскай мовах.

Да сядзібы, якая стаяла на ўзгорку, падыходзіў шырокі пад'езд у выглядзе паўкруглага пандуса, абмежаванага нізкай агароджай з ланцугоў і гліняных чаш-кветнікаў. Дзве брамы, замкнутыя паўкругам, афармлялі ўезд у двор. Цэнтр двара ўпрыгожваў акруглы газон з раскідзістай плакучай івай і дэкаратыўнымі кустамі, ружамі, бузіной, язмінам, спірэяй. Да сядзібнага дома вяла высаджаная італьянскімі таполямі алея. Па абодва яе бакі раслі дубы, клёны, ясені, ліпы, рабіны, акацыі, вербы і таполі. Парк прасціраўся і за домам, а далей цягнуўся сад.

Злева ад газона стаяў працяглы флігель, справа - стары аднапавярховы свіран, крыты высокім ламаным дахам. Галоўны фасад дома з неглыбокай двухкалоннай аркадай аздаблялі чатыры панелі, запоўненыя сюжэтным жывапісам. На адной з іх была прадстаўлена пара сялян, якія неслі сноп, на другой - вяртанне з палявання, на трэцяй - рог дастатку, на чацвёртай - краявід з замкам над ракой. У фальварку стаяў яшчэ адзін цікавы будынак - аграмадная адрына. З абодвух бакоў у яе разгружаліся падводы са збожжам, якія ўязджалі па спецыяльных памостах пад самы дах будынка і там ссыпалі груз у засекі.

БАЦЭВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Калісьці вялізны маёнтак Бацэвічы (Клічаўскі р-н Магілеўскай вобл.) уваходзіў у склад Свіслацкага княства і з'яўляўся маёмасцю рода Гарабурдаў. Пазней яго набылі Радзівілы, з якіх Людвіка Карына Радзівіл у 1696 г. прадала Бацэвічы Станіславу Незабытоўскаму за 960 000 злотых. У руках Незабытоўскіх маёнтак заставаўся аж да першай сусветнай вайны. Апошнім яго ўладальнікам быў Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865-1952), пасол у расейскую Дзяржаўную Думу ў Пяцербургу, а ў міжваенны перыяд - сенатар і міністр сельскай гаспадаркі ў польскім урадзе. На працягу XVIII-XIX стст. у Бацэвічах сфармавалася вялікая панская сядзіба, якая згарэла каля 1900 г. У пачатку XX ст. маёнтак займаў плошчу 14 250 моргаў зямлі. Узорная гаспадарка ўключала некалькі фальваркаў, млын, тартак, бровар, маслазавод, запалкавую фабрыку, механічны цагляны завод, фабрыку дрэнажных труб і мэблі, прыватны шпіталь для работнікаў з добра наладжаным медыцынскім абслугоўваннем.

У 1909 г. на месцы першапачатковага драўлянага сядзібнага дома быў узведзены мураваны двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам палац, вытрыманы ў стылі неарэнесансу. Простакутны ў плане будынак стаяў на цокальным паверсе і меў на франтальным фасадзе тры моцна вылучаныя рызаліты. Трохвосевы сярэдні рызаліт з трайной аркадай і двухпавярховай лоджыяй завяршаўся простакутным атыкам з упісаным у яго трохкутным прафіляваным франтонам. Аднавосевыя крайнія рызаліты акцэнтаваліся атыкавымі сценкамі. Пры трохвосевай сярэдняй частцы тыльнага фасада выступала шырокая тэраса, якая ахоплівала ўвесь паркавы бок палаца і нават заходзіла на бакавыя фасады. З-за схілу рэльефа яна абапіралася на высокія слупы. Крайнія псеўдарызаліты тыльнага фасада завяршаліся трохкутнымі франтонамі з круглымі люкарнамі ў цэнтры. Падобныя трохвосевыя рызаліты меліся і на тарцовых фасадах. Ніжняя частка будынка дэкарыравана рустам, а простакутныя вокны - гарызантальнымі сандрыкамі. Паверхі адмяжоўваліся буйнапрафіляваным карнізам.

Інтэр'еры палаца, мяркуюць, адрозніваліся раскошным аздабленнем. Па захаваўшыхся фотаздымках бачна, што перакрыццё вестыбюля абапіралася на магутныя канеліраваныя слупы з капітэлямі. У апартаменты вялі дзверы, узятыя ў канеліраваныя парталы з багата прафіляванымі перамычкамі і супрапортамі са стукавымі фігурнымі барэльефамі. Сярод твораў мастацтва вылучалася калекцыя старажытных гадзіннікаў, урэцкага шкла, сеўрскага і саксонскага фарфору. Адразу за вестыбюлем змяшчалася памяшканне зімовага сада-салона, якое займала вышыню двух паверхаў і выходзіла на паркавую тэрасу. Зімой гэта памяшканне ацяплялася пры дапамозе цэнтральнага ацяплення, якое праходзіла па ўсяму дому. Сярод экзатычных раслін гадаваліся фінікавыя пальмы.

Палац стаяў сярод вялікага маляўнічага парка, над шырокай поймай р. Ольсы. Па баках палаца раслі групы старых дрэў і дэкаратыўных кустоў. З ўсіх бакоў цягнуліся газоны, а шырока расчыненая прастора адкрывала краявід на раку і зарэчныя лугі. У глыбіні парка знаходзіўся вялікіх памераў двухпавярховы свіран з галерэяй. У падобным «этнаграфічным» стылі былі вытрыманы і астатнія гаспадарчыя будынкі старажытнай сядзібы.

БАЧЭЙКАЎСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ

На паўдарозе з Лепеля ў Віцебск на правым беразе ракі Вулы размешчана старажытнае мястэчка Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), гісторыя ўзнікнення якога адыходзіць у XVII ст. На яго тэрыторыі існаваў драўляны замак, чые фундаменты можна было бачыць яшчэ ў 1880 г. У 1626 г. замак абкружаў вялікі вастракол і глыбокі роў. За гэтым умацаваннем стаяў дом з невялікім паркам. Пасля шлюбу княжны Юліаны Мсціслаўскай са стольнікам Вялікага Княства Літоўскага старостам крэўскім і мельніцкім Нікадзімам Ціханавецкім (пам. 1549) уладанне на доўгі час, аж да 1917 г., перайшло ва ўласнасць рода Ціханавецкіх. Аднак Бачэйкава не было галоўнай фамільнай рэзідэнцыяй. Толькі ў 1780-ых гг. тут часова пражываў Юзаф Ціханавецкі (пам. 1801), генерал-маёр літоўскага войска, ад'ютант яго каралеўскай вялікасці, кавалер ордэна Белага Арла і святога Станіслава. Пры ім летам 1769 г, у Бачэйкаве быў пабудаваны палац спецыяльна для прыёма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які меўся прыехаць да генерала Ціханавецкага на паляванне. Мяркуюць, што аўтарам праекта сядзібы з'яўляўся нейкі італьянскі дойлід. Потым тут стала асеў унук генерала Павел Ціханавецкі (1815-1883). Пасля яго бачэйкаўскую гаспадарку атрымаў у спадчыну малодшы сын Уладзіслаў (1860-1910) - апошні ўладальнік маёнтка да пажара ў 1910 г.

Пабудаваны пры генерале Юзафу Ціханавецкім аднапавярховы палац стаяў на высокім простакутным у плане паўпаверсе і накрываўся высокім чатырохсхільным медным дахам з авальнымі люкарнамі. З боку пад'езда ён уяўляў сабой даволі сціплы будынак у стылі класіцызму. У цэнтры пятнаццацівосевага франтальнага фасада выступаў чатырохкалонны тасканскі порцік. У тымпане яго трохкутнага франтона памяшчаўся герб Ціханавецкіх «Дубрава», выкананы ў тэхніцы стука на шэрым фоне. Фасад рытмічна чляніўся пілястрамі і высокімі простакутнымі вокнамі, якія вылучаліся на фоне гарызантальнай расшыўкі па тынкоўцы. Больш эфектна выглядаў заходні паркавы фасад, маштабна павялічаны за кошт схілу рэльефа, і таму меўшы манументальны палацавы характар. Яго дамінуючым акцэнтам з'яўляўся сярэдні паўкруглы крапаваны пілястрамі эркер з трыма арачнымі вокнамі пад сплюшчаным купалам, барабан якога быў дэкарыраваны поясам залацістых гірлянд. Да эркера прылягала абшырная паўкруглая тэраса з двухбаковым лесвічным каскадам з балюстраднай агароджай, якая вяла ў парк. Пад тэрасай знаходзіўся ўваход у жылы скляпеністы паўпаверх. Густыя аконныя пераплёты вытрыманы ў стылі барока XVIII ст.

У першапачатковым выглядзе палац праіснаваў да 1908 г., калі ў выніку перабудовы з мэтай павелічэння жылой плошчы страціў свае прапорцыі і архітэктурны стыль. Гладкі дах змяніўся на больш высокі мансардавы жылы паверх; адбылася замена франтона галоўнага порціка на балкон; узняты падкупальны барабан дваровага эркера, а над купалам размешчаны шпіль з гербавым флагштокам. Каб умацаваць заходнюю сцяну палаца, якая дала трэшчыну, у XIX ст. да яго далучылі аднапавярховае простакутнае ў плане крыло, накрытае чатырохсхільным дахам. Яно служыла для гасціных пакояў і для фамільнага архіва.

Унутры палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. Апартаменты ўпрыгожвалі цудоўны ўзорчаты паркет, белыя кафляныя печы па вуглах, дэкарыраваныя канеліраванымі пілястрамі, а таксама белыя лакіраваныя філёнгавыя дзверы і супрапорты з гірляндамі і разеткамі. Інтэр'еры аздабляў фрэскавы роспіс, выкананы мастаком па імені Нігр. Сярэдзіну палаца ад уезда займаў абшырны вестыбюль, па абодва бакі якога размяшчаліся рэпрэзентацыйныя апартаменты. Вестыбюль меў чырвоную керамічную наборную падлогу, дэкор выкананы ў тэхніцы грызайль у архітэктанічным стылі з выявамі канеліраваных калон і пілястраў. На сценах віселі італьянскія і галандскія пейзажы, тут жа стаяла мармуровая статуя італьянскай работы. Для бачэйкаўскага палаца характэрна адсутнасць стукавага ляпнога дэкору; у аздабленні яго апартаментаў абмяжоўваліся мастацкім роспісам, пераважна пейзажным. Ніжнюю частку вялікай сталовай, размешчанай па правым баку вестыбюля, акаймляў размаляваны пад дрэва парапет, верхнюю - карніз. Фрэскавыя роспісы сцен з архітэктурнымі краявідамі былі ўзяты ў багатае арнаментнае абрамленне. Плафон меў сюжэтны малюнак «Флора з рогам дастатку». Дзверцы ўбудаваных шафаў атрымалі гратэскны роспіс. Вялікі набор фарфоравага посуду ў 180 прадметаў саксонскай, мейсенскай, французскай, польскай і італьянскай вытворчасці; калекцыя польскага шкла і хрусталю, гербавых келіхаў - складалі каштоўнае начынне сталовай.

Двухаконны кабінет, вытрыманы ў светла-зялёных танах з маляванымі карнізамі і прафіляванымі філёнгавымі панелямі, вянкамі з гірляндамі на супрапортах, прылягаў да вестыбюля з левага боку. У кабінеце меліся вуглавая кафляная печ, дзве пары бібліятэчных шафаў у стылі Людовіка XVI, гадзіннік таго ж стылю, польскі гербавы габелен XVIII ст., старая зброя, чатыры фамільныя партрэты.

Авальная бальная зала, накрытая купалам, таксама была дэкарыравана грызайльным роспісам з выявамі каланад, карнізаў і іншых архітэктурных дэталяў. Пад купалам цягнуўся маляваны круг кесонаў, а плафон з выявай Фартуны афармляў, верагодна, вядомы мастак Антон Смуглевіч. Асаблівую цікавасць уяўляў паркет, набраны з некалькіх гатункаў ясеню, выкладзены ў выглядзе аграмаднай зоркі. Зала абагравалася цёплым паветрам з падвальных грубак. З бальнай залы направа дзверы вялі ў вялікі салон у тры акны, названы «блакітным» з-за колеру сцен, якія чляніліся пазалочанымі арнаментальнымі рамамі, запоўненымі фрэскамі на алегарычную тэматыку, змешчанымі ў авальныя медальёны. Плафон салона, таксама вытрыманы ў блакітным тоне, меў авальнае абрамленне з белымі разеткамі па вуглах, з сярэдзіны звісала вялікая драўляная пазалочаная люстра ў стылі Людовіка XV. Міжаконныя прасценкі «блакітнага» салона займалі дcве вялізныя люстры XVIII ст. У куце знаходзіўся багата прафіляваны камін са штучнага мармуру, упрыгожаны ў верхняй частцы вазай з гірляндай. Другі кут займала печ. На сценах салона віселі фамільныя партрэты.

Наступная ў анфіладзе апартаментаў зала ў паўночным кірунку насіла назву «каралеўскай» і калісьці служыла спальняй Станіславу Аўгусту. Жоўтыя сцены пакоя з бардзюрам і фрызам наверсе ў тэхніцы грызайль упрыгожвалі гратэскавыя арнаментныя матывы. Пара калон падзяляла памяшканне на дзве часткі. Частка спальні некалі мела абіўку чырвонай адамашкай, з якой быў зроблены і балдахін над аграмадным ложкам. У час маскоўскага паходу ў гэтай пасцелі спаў Напалеон. Важны элемент інтэр'ера каралеўскага пакоя - белая акруглая кафляная печ у выглядзе канеліраванай калоны, завяршалася вазай з полымем і гірляндамі. Лакіраваныя, як і ва ўсім палацы, філёнгавыя дзверы пакрывала пазалочаная разьба. У пакоі стаяла мэбля ў стылі Людовіка XVI і віселі дзве выявы Божай Маці і партрэт Пятра Вялікага.

Побач з «каралеўскай залай» знаходзіўся «кабінет Напалеона», абіты шпалерамі пастэльных таноў, з акруглай кафлянай печчу, на сценах віселі фамільныя партрэты. Пазалочанае люстра ў стылі Людовіка XVI, французскія гравюры, бронзавыя кандэлябры дапаўнялі абсталяванне кабінета.

Да бальнай залы злева далучаўся «чырвоны» салон, таксама абіты адамашкай. Тут знаходзіўся камін са штучнага мармуру з пазалочанай кансоллю, мармуровай плітой і вузкім люстрам у стылі Людовіка XVI. Сцены ўпрыгожвалі фамільныя партрэты Ціханавецкіх. У салоне стаяў гадзіннік Буля з кансоллю, дэкарыраванай бронзай, старая алейная лямпа з кітайскага фарфору, сеўрскі бронзавы гадзіннік XVIII ст., італьянская мармуровая ваза, калекцыя фігурак саксонскага фарфору, слуцкія паясы.

Заслугоўвала ўвагі наступная ў анфіладзе спальня, падзеленая, як і «каралеўская» зала, калонамі на дзве часткі, дзе стаялі два ложкі, вісела люстра ў стылі Людовіка XVI, італьянская пастэль з выявай Божай Маці. Пад сафітам прабягаў пазалочаны бардзюр. Абіты шпалерамі будуар адрозніваўся выдатным паркетам, набраным з 36 гатункаў рознакаляровага дрэва, які параўноўваўся з паркетамі каралеўскага замка ў Варшаве.

Фамільны архіў, які захоўваўся ў палацы, утрымліваў дакументы з XV ст. У 1916 г. з набліжэннем фронту каштоўны збор бачэйкаўскага палаца быў пагружаны ў тры вагоны і вывезены да Масквы, дзе і загінуў.

Палац займаў цэнтр восевай паркавай кампазіцыі, расцягнутай на 850 м у кірунку ўсход - захад. З усходняга боку пры ўездзе да сядзібы на плошчы 6,2 га стаяў мяшаны лес, расчлянёны прамымі алеямі, якія стваралі перад палацам своеасаблівы квадратны курданёр. Ад палацавага газона яго адмяжоўвала перпендыкулярная да палаца пад'яздная алея, высаджаная таполямі і завершаная так званым «паляўнічым домікам», які сваім выглядам нагадваў дробнапамесную панскую сядзібу з калонным порцікам. Перад яго аднапавярховым будынкам пад чатырохсхільным дахам размяшчаўся абшырны газон і мураваная брама з двух пілонаў, завершаных вазамі.

У сярэдзіне простакутнага двара перад палацам была разбіта авальная клумба, абкружаная стрыжанымі піхтамі. У яе цэнтры знаходзіўся сонечны гадзіннік з высокім абеліскам. З боку ўезда па абодва вуглы двара стаялі маленькія домікі, у адным з якіх жыў архітэктар, кіраўнік будаўнічых работ, у другім размяшчалася капліца. Па баках палаца стаялі вялікія аднапавярховыя флігелі з гонтавымі дахамі.

Асноўная рэгулярная частка парка з заходняга боку за палацам спускалася тэрасамі да луга, канала і ракі. З паўднёвага боку да парка далучаўся вялікі сад. З поўначы - гаспадарчыя будынкі і сажалка. Бліжэй да ракі былі збудаваны аранжарэя і цяпліца, двухпавярховы дом садоўніка, накрыты высокім чатырохсхільным дахам. За 20 м на поўдзень ад палаца знаходзіўся стары лямус, прыстасаваны пазней пад більярдную. Квадратны ў плане, ён меў дах ў кітайскім стылі з увагнутымі схіламі, па перыметры будынак абкружала калонная галерэя. Галоўная алея парка пераходзіла ў канал, выкапаны ў 1843 г.

Ёсць версія, што ў бачэйкаўскім архіве захоўваўся праект парка, падпісаны вядомым французскім паркабудаўніком А.Ленотрам, знішчаны ў час першай сусветнай вайны. Другая гіпотэза нагадвае пра сувязь кампазіцыі парка з садамі Пецяргофа. Рэгулярны парк, закладзены з заходняга боку палаца, меў чатыры тэрасы, па якіх цягнуліся падстрыжаныя алеі, абмяжоўваючы яго жывым плотам. У сярэдняй частцы пасадкі адсутнічалі. Ліпавы лабірынт, створаны па манаграмах ІС (Юзаф Ціханавецкі) і АС (Ганна Ціханавецкая), надаваў парку своеасаблівасць.

На мяжы XVIII-XIX стст. у Бачэйкаве разгарнулася прамысловая вытворчасць. Тут выраблялі тканіны і шкло, існавалі збройныя і мэблевая майстэрні пад кіраўніцтвам англійскіх майстроў, а саміх рабочых адсылалі на вучобу ў Парыж і Лондан. Першая сусветная вайна пашкодзіла палацава-паркавы ансамбль. Палац і некаторыя будынкі загінулі ў ліхалецці Другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі «паляўнічы» домік і фрагмент парка, а таксама дом садоўніка.

БРАНЧЫЦКАЯ СЯДЗІБА

У вёсцы Бранчыцы (Салігорскі р-н Менскай вобл.) мелася вядомая па інвентары 1682 г. сядзіба шляхціца сярэдняй рукі. У яе арганізацыі прасочваецца не столькі рэпрэзентацыйны накірунак, колькі гаспадарчая мэтазгоднасць. Вялізнае падвор'е ўключала сядзібны дом са службовымі будынкамі. Дом уладальніка размяшчаўся ў цэнтры сядзібнага комплексу і ўяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане аб'ём з тарцовым алькежам. Тыльным фасадам дом выходзіў у сад. Унутраная планіроўка арганізоўвалася па баках сенцаў і ўключала пяць жылых пакояў. Побач з домам знаходзіўся пограб, тры свірны, адзін з якіх двух'ярусны з традыцыйнай галерэяй на галоўным фасадзе. Непадалёку стаялі стайня і тры флігелі. Гаспадарчы фальварак мясціўся адасоблена і ўключаў жылы дом, сыраварню, вялікую ў выглядзе квадратнага карэ абору, гумно з токам, адрыну, хлявы, саладоўню, бровар і іншыя пабудовы. Пры сядзібе працавалі майстэрня для адбельвання палатна, лазня і млын. Усе драўляныя будынкі былі трактаваны ў традыцыях народнага дойлідства, якія надалей знайшлі ўвасабленне ў рэпрэзентацыйным сядзібна-паркавым будаўніцтве. Сядзіба не захавалася.

БРЫНЁЎСКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Брынёў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) набыў у канцы XVIII ст. Антон Нестар Кіеневіч, падкаморы наваградскі. З 1890 па 1917 г. маёнтак знаходзіўся ў валоданні Гераніма Кіеневіча (1866-1925). У сядзібе ішло насычанае культурнае жыццё. Тут пастаянна праводзіліся паэтычныя вечары, у хатнім тэатры ставіліся напісаныя гаспадаром п'есы, адбываліся паляванні ў навакольных лясах.

У канцы XIX ст. у Брынёве, дзе мелася маленькая сядзіба на фальварку, адразу пасля шлюбу Геранім Кіеневіч пачынае будаўніцтва вялікай панскай сядзібы. Аднак работы спыніліся з-за першай сусветнай вайны. Сядзібны дом складаўся з трох падковападобна размешчаных карпусоў. Галоўны з іх - адзінаццацівосевы аднапавярховы будынак з двухпавярховым трохвосевым цэнтральным рызалітам і невялікім чатырохкалонным порцікам перад ім. Цэнтральны ўваход быў вырашаны двухкалонным парталам.

Падобныя памеры і класіцыстычную трактоўку меў і левы корпус сядзібы з порцікам у сярэдняй частцы галоўнага фасада. З двара карпусы аб'ядноўваліся абшырнай тэрасай з балюстрадай і двухбаковымі лесвіцамі, якія спускаліся да парку.

ВАЙЧЫЗНАЎСКАЯ СЯДЗІБА

Да сярэдзіны XIX ст. маёнтак Вайчызна (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) з'яўляўся маёмасцю Юндзілаў. Віктар Юндзіл (1792-1862) усе свае ўладанні падзяліў паміж дзецьмі. Вайчызна дасталася дачцэ Тэрэзе, жонцы Рычарда Карыбут-Дашкевіча.

Стаўшы ўладальнікам Вайчызны Рычард Дашкевіч зажыў ва ўжо існаваўшым тут старым драўляным доме - аднапавярховым, дзесяцівосевым, узнесеным на высокі мураваны фундамент будынку. Па вуглах яго галоўнага фасада выступалі ганкі, аформленыя дзвюма парамі калон на высокіх пастаментах. На натуральным фоне зрубленых з буйных брусоў, неатынкаваных сцен дома вылучаліся пабеленыя ліштвы акон і калон. Дом накрываў даволі высокі чатырохсхільны гонтавы дах, прарэзаны двума простакутнымі слыхавымі вокнамі.

Прасторныя парадныя апартаменты мелі шпалерную абіўку і паркетную падлогу. У адным з салонаў стаяла высокая белакафляная печ, па-мастацку распісаная краявідамі ў стылі мадэрн. Арнамент з гірлянд, мужчынскі партрэт, два крылатыя грыфоны ў завершы таксама аздаблялі печ. На каміне з цёмнага мармуру, які знаходзіўся ў зале, стаяў мужчынскі беламармуровы бюст, вісела высокае люстра ў разной раме. Інтэр'еры ўпрыгожвалі фамільныя партрэты, усходнія дываны, саксонскі фарфор, хрусталь і серабро.

Сядзіба размяшчалася сярод прыгожага парка. Адкрытая прастора перад домам была занята абшырным дваром з акруглым газонам, абсаджаным дрэвамі. Месца на ўскраіне парка займаў стары мураваны свіран.

ВАРОНЧАНСКАЯ СЯДЗІБА

У другой палове XVIII і да пачатку XX ст. у вёсцы Варонча (Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) існаваў сядзібна-паркавы ансамбль, аснову якога складаў панскі дом і два бакавыя флігелі, якія стваралі парадны двор з круглым газонам. Архітэктурны комплекс сядзібы дапаўняўся касцёлам, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі будынкамі ў атачэнні пейзажнага парка. Сядзіба сфармавалася ў часы караля Станіслава Аўгуста апошнім навагрўдскім ваяводам Юзафам Несілоўскім, які добраўпарадкаваў Варончу цудоўнымі па сваёй архітэктуры будынкамі. Пасля смерці ваяводы ў Варончы ў 1814 г. яго сын, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанне генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 г. прадала маёнтак Антону Мерзееўскаму. Апошнімі ўладальнікамі Варончы сталі Любанскія. Цалкам сядзіба зруйнавана ў гады другой сусветнай вайны, захаваліся толькі бровар і касцёл, фрагменты парка.

Найранейшая выява сядзібы належыць пэндзлю мастака Н.Орды, які напісаў сваю акварэль у 1876 г. Сядзібны дом быў узведзены ў 1787 г. і ўяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам. Архітэктурна-стылёвая трактоўка помніка мела пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластычнасць даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордэрнай сістэмы, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі простакутныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі, вылучаныя двума чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі над імі, накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка ўключала вялікую залу, прыхожую, гасціную, кабінет і іншыя памяшканні (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаны роспісам, кафлянымі печамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпеністых падвалаў.

Прысядзібны касцёл святой Ганны быў узведзены ў 1781 г. (па іншых звестках у 1809 г.) Юзафам Несілоўскім. Тут прыняў хрышчэнне вядомы беларускі паэт Ян Чачот. Храм ўяўляў сабой мураваную трохнефавую базіліку таксама ў сімбіёзным барочна-класіцыстычным стылі. Галоўны фасад з шасцікалонным порцікам, завершаны антаблементам, фланкіравалі дзве трох'ярусныя купальныя вежы з трохкутным франтонам паміж імі. У інтэр'еры - роспіс на архітэктурныя матывы (захаваўся ў алтарнай частцы).

Размешчаная непадалёку ад дома мураваная скарбніца з'яўлялася творам архітэктуры ампіру. Была збудавана па тыпу гарадской ратушы: над аднапавярховым простакутным у плане будынкам з паўвальмавым гонтавым дахам узвышалася чатырохгранная вежа з курантамі і завяршальным шпілем на ярусным пастаменце. Простакутныя вокны, дэкарыраваныя простакутнымі нішамі, стваралі манатонны, характэрны для ампіру рытм. У цэнтральнай частцы руставанага галоўнага фасада вылучаўся рызаліт з трохкутным франтонам.

За дзве вярсты ад сядзібы пачыналася шырокая каштанавая ўязная алея. Перад домам, уздоўж яго параднага партэра, цягнуліся дзве вялікія сажалкі. У пейзажным парку з цудоўнымі ліпавымі алеямі і дубамі-веліканамі праглядваліся рэшткі абарончага замка, знішчанага шведамі і ўслаўленага ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Парк непасрэдна пераходзіў у лес, які служыў вялікім угоддзем для ваяводы Несілоўскага, уладальніка «першых на свеце гончых».

ВІКТОРЫНСКАЯ СЯДЗІБА

Паселішча Вікторын (Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл.) стала галоўнай сядзібай рода Дорыа-Дзерніловічаў у другой палове XVIII ст. пасля таго, як у 1739 г. згарэла іх сядзіба Шарсцяны. Першым уладальнікам Вікторына быў Францішак Казімір Дорыа-Дзерніловіч, рэчыцкі гарадскі суддзя (пам. 1742). Верагодна, яго сын, рэчыцкі падкаморы, Леан Юзаф (пам. 1793) у гонар сваёй жонкі Віторыі Кляўніцкай даў назву вёсцы. Яму ж фамільнае паданне прыпісвае будаўніцтва класіцыстычнай сядзібы ў канцы XVIII ст. Пасля смерці Леана Вікторын перайшоў да яго сына Вінцэнта (пам. 1829), а потым да сына Вінцэнта Тадэвуша Раймонда (пам. 1862). Затым маёнтак перайшоў у спадчыну да яго дачкі Евы (нар. 1844), якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата Севярына Дорыа-Дзерніловіча і такім чынам захавала маёнтак у фамільным родзе. Пасля смерці жонкі Севярын і яго сын сталі апошнімі ўладальнікамі маёнтка ў 13 000 дзесяцін. Дзерніловічы мелі рэзідэнцыю ў Польшчы, выкарыстоўваючы Вікторын як летнюю дачу. Сядзіба загінула ў час першай сусветнай вайны.

Драўляны сядзібны дом уяўляў сабой аднапавярховы трынаццацівосевы з цэнтральнай двухпавярховай часткай будынак на высокім падмурку з жылымі падваламі ў плане выцягнутага простакутніка. Да некалькі высунутай наперад сярэдняй часткі на галоўным фасадзе прылягаў порцік з шасцю калонамі, чатыры крайнія з якіх былі на вышыню двух паверхаў і неслі на сабе антаблемент з трохкутным франтонам; дзве сярэднія калоны падтрымлівалі балкон другога паверха. Перад порцікам знаходзілася ступеньчатая тэраса. Верагодна, тыльная паркавая частка дома мела аналагічную трактоўку з цэнтральным порцікам. Уваходы бакавых фасадаў афармлялі невялікія ганкі. Дэкор неатынкаваных фасадаў абмяжоўваўся гарызантальнымі сандрыкамі над вертыкальна выцягнутымі простакутнымі вокнамі. Будынак накрываў трохскатны гонтавы дах над бакавымі крыламі і двухсхільны над двухпавярховай цэнтральнай часткай.

Перад сядзібным домам па баках абшырнага круглага газона размяшчаліся два ідэнтычныя аднапавярховыя флігелі: адзін служыў кухняй, другі быў жылым. Простакутныя ў плане дзевяцівосевыя будынкі пад чатырохсхільнымі дахамі пры трохвосевай сярэдняй частцы мелі чатырохкалонныя ганкі, завершаныя трохкутнымі франтонамі з вялікімі паўкруглымі вокнамі.

Унутры дома налічвалася больш за дзесяць пакояў. За паўкруглым вестыбюлем знаходзілася прасторная бальная зала, якая выкарыстоўвалася і як сталовая. Да яе далучаўся меншы салон. Адзін пакой займала галерэя фамільных партрэтаў і архіў.

Маёнтак абкружаў вялізны англійскі парк, які межаваў з лесам. Старыя пасадкі складаліся пераважна з італьянскіх таполяў і елак. Непадалёк ад сядзібы стаяў драўляны касцёл, вытрыманы, як і дом, у стылі класіцызму. Невялікі храм накрываў гонтавы дах. Галоўны ўваход змяшчаўся пад калонным порцікам з трохкутным франтонам. Касцёл служыў фамільнай пахавальняй Дзерніловічаў і меў мураваны склеп.

ВІСТЫЦКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Вістычы (Берасцейскі р-н) у XVII ст. належаў князям Чартарыйскім, якія фундавалі тут мураваны касцёл. У XIX ст. у гэтым месцы ўзнікла панская сядзіба, знішчаная ў 1920-ых гг. Сядзібны дом з'яўляўся творам архітэктуры ў стылі класіцызму ампірнага напрамку. Уяўляў сабой кампактнае простакутнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на высокі падмурак і падведзенае пад вальмавы дах. У цэнтры галоўнага фасада меўся мансардны паверх і прыстаўлены чатырохкалонны порцік са ступенчатым атыкам і балконам. Фасады адметны строгай сіметрыяй, выразным рытмам простакутных акон. У інтэр'еры звярталі на сябе ўвагу кафляныя печы, вывезеныя ў Варшаву пасля разбурэння дома.

ВОЛЬСКАЯ СЯДЗІБА

За кіламетр ад берага Нёмана ў вёсцы Воля (Мастоўскі р-н Гарадзенскай вобл.) існавала цікавая панская сядзіба. На працягу XIX ст. яна належала роду Крывіцкіх. Але з сярэдзіны XIX ст. гаспадары сядзібы пераехалі ў другі ўласны маёнтак у Зяльвянах. У выніку Воля апусцела і заставалася забытай да першай сусветнай вайны. На мяжы XIX-XX стст. маёнтак плошчай каля 400 га перайшоў да Эдварда Тарасевіча, які парадніўся з Крывіцкімі. Ён адрамантаваў сярэднюю частку панскага дома і левае крыло. У 1914-1920 гг. сядзіба зноў страціла жыхароў, але ў 1928 г. адбыўся новы рамонт, які, аднак, абмежаваўся аднаўленнем інтэр'ераў памяшканняў.

Сядзіба ў стылі позняга класіцызму з'явілася ў 1832 г. Будынак мысліўся трохчасткавым: галоўны корпус і два бакавыя крылы. Аднак у рэальнасці паўстаў толькі галоўны корпус і левае крыло. Дзевяцівосевы галоўны корпус сядзібы, пабудаванай на плане простакутніка і высокім цокалі, накрываў чатырохсхільны гонтавы дах, абапёрты на карніз з дэнтыкуламі. У трохвосевай сярэдняй частцы дом меў надбудову мезаніна і буйнамаштабны шасцікалонны тасканскі порцік. Дзве яго калоны былі прысценнымі, а чатыры вынаснымі, якія стаялі паўкругам на мураваным ганку і неслі гладкі антаблемент. У аднапавярховых бакавых частках дома дэкор адсутнічаў. Левае ніжэйшае крыло з шасцю шырока пастаўленымі вокнамі і шасцікалоннымі падчэннямі накрываў высокі трохсхільны дах. Чарга да будаўніцтва правага крыла не дайшла з-за пачатку першай сусветнай вайны, і таму дом не атрымаў завершанай сіметрычнай кампазіцыі.

Па стану на 1939 г. сядзіба Воля мела двухрадную калідорную планіроўку. Сярэднюю частку ад увахода займаў прасторны хол з лесвіцай у правым кутку. З боку парка за ім размяшчаўся трохаконны малы салон, кабінет і яшчэ адзін пакой. Направа ад хола знаходзіўся вялікі працяглы салон, злева да хола і малога салона далучалася вялізная простакутная зала сталовай з вокнамі на абодва бакі дома. Астатнія пакоі, уздоўж калідора, выконвалі жылую і гаспадарчую функцыю. Гранітны камін абаграваў толькі цэнтральны салон, у іншых памяшканнях стаялі белакафляныя печы. Парадныя памяшканні мелі паркетную падлогу, жылыя - звычайную. Мэбля была выканана ў стылі бедэрмеер.

Сядзіба стаяла ў парку (плошча 3 га), да якога вяла шырокая ўязная таполевая алея, што завяршалася брамай ў выглядзе двух мураваных акруглых слупоў. Перад домам цягнуўся вялізны газон, падзелены па восі порціка сцежкай з кветкавымі рабаткамі. На некаторай адлегласці ад дома на газоне расла група елак і некалькі лісцевых дрэў. Падобны адкрыты газон з тыльнага боку сядзібы цягнуўся да ракі. Два драўляныя масткі вялі ў зарэчную частку парка. Па абодва бакі тыльнага газона раслі елкі, лістоўніцы, каштаны, ліпы, бярозы, вязы і таполі.

ГАЛОЎЧЫЦКАЯ СЯДЗІБА

Спрадвеку вёска Галоўчыцы (Нараўлянскі р-н Гомельскай вобл.) належала роду Аскеркаў. Пасля паўстання 1830-1831 гг. канфіскаваны маёнтак перайшоў ва ўладанне генерала Якаба Сіверса. Але хутка яго адкупіў сын мазырскага гарадскога суддзі Ігната Горвата Станіслаў. Пасля яго смерці маёнтак атрымаў у спадчыну пляменнік Маўрыкій (1838-1903). Апошнім уладальнікам маёнтка ў 8000 дзесяцін перад першай сусветнай вайной з'яўляўся адзін з сыноў Маўрыкія Станіслаў. Ад старажытнай сядзібы да 1917 г. заставаліся два ідэнтычныя флігелі. Зараз ацалеў толькі парк.

З часоў Аскеркаў тут існаваў вялізны драўляны дом у стылі класіцызму з калонным порцікам, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. У сярэдзіне XIX ст. дом быў разабраны, а на яго месцы паўстала даволі сціплая мураваная сядзіба. Яе двухпавярховы адзінаццацівосевы простакутны ў плане аб'ём накрываў нізкі чатырохсхільны дах. Атынкаваныя і пабеленыя фасады карнізным поясам падзяляліся на паверхі, завяршаліся тонкапрафіляваным карнізам з дэнтыкуламі. Франтальныя фасады мелі ідэнтычную трактоўку. Пасярэдзіне кожнага з іх вылучаўся трохвосевы рызаліт з тэрасай у некалькі прыступкаў і балконам з каванай балюстрадай. Трайныя ашклёныя дзверы ўнізе мелі простакутную, а ўверсе арачную форму. Трохкутны франтон галоўнага фасада завяршала скульптурная кампазіцыя, фігуры якой увасаблялі Дняпро і пяць яго прытокаў. Мураваныя тэрасы выступалі і пры бакавых фасадах дома.

Унутраная планіроўка дома была двухраднай. Сярэдзіну будынка, у межах рызаліта, займаў вялізны хол з іанічнай каланадай. Меліся дэкарыраваны пазалочаны фрыз з сэрцаў і кветкава-фруктовых гірлянд, узорысты паркет і дзве вялізныя белакафляныя печы. З хола ўваход вёў у невялікую дамавую капліцу. Справа размяшчаліся два жылыя пакоі і кабінет з бібліятэкай (некалькі тысяч тамоў у вялізных шафах уздоўж сцен). Левы бок ад хола ўключаў «ружовы» салон і «епіскапскую» залу. Усе пакоі, звернутыя да парка, на першым паверсе мелі жылое і гаспадарчае прызначэнне. Аднамаршавая дубовая лесвіца з разной, пакрытай золатам балюстрадай злучала з маленькім вестыбюлем на другім паверсе, дэкарыраваным дзвюма вялізнымі люстрамі ў пазалочаных рамах на кансолях. Адсюль адчыняліся дзверы ў вялікую простакутную залу - салон - з выхадам на абодва балконы. Салон ацяплялі камін з чырвонага мармуру і чатыры белакафляныя печы. Паміж вокнамі віселі чатыры люстры ў бронзавых рамах, сцены ўпрыгожвалі карціны. На каміне стаялі гадзіннікі і кандэлябры з бронзы. Да салона далучалася зала-сталовая з камінам шэрага мармуру і дзвюма кафлянымі печамі і більярдная.

У палацы мелася калекцыя твораў жывапісу, у тым ліку італьянскага і галандскага; з польскага вылучалася вялізная батальная карціна са Стэфанам Чарнецкім на першым плане пэндзля Януарыя Сухадольскага. Было шмат бронзавых гадзіннікаў і падсвечнікаў, выкананых, верагодна, у пецярбургскай майстэрні Хопіна. Да каштоўных рэчаў належалі хрустальныя і фарфоравыя сервізы, вывезеныя з сядзібы Горватаў у Ліпаве (Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.).

Перад палацам распасціраўся вялізны авальны газон з кветкавай клумбай у цэнтры, перасечаны ўздоўж і ўпоперак радамі кустоў руж. Па абодва бакі газона стаялі два ідэнтычныя драўляныя флігелі XVIII ст. - аднапавярховыя, адзінаццацівосевыя, узведзеныя на высокіх падмурках будынкі, крытыя чатырохсхільнымі гонтавымі дахамі з заломам. У цэнтры галоўнага фасада кожнага з іх выступаў чатырохкалонны порцік з трохкутным франтонам. Правы флігель складаўся з сенцаў і пяці гасціных пакояў, левы - служыў дзеля гаспадарчых мэтаў: кухня, камора, пральня, службовыя памяшканні.

Пейзажны парк з некаторымі рысамі рэгулярнасці займаў простакутны ўчастак тэрыторыі плошчай каля 20 дзесяцін. Да дома вяла ўязная алея. Большая частка парка размяшчалася за домам. Па яго сярэдзіне ішла старая ліпавая алея, якая пачыналася ад газона з кветкавымі клумбамі і дэкаратыўнымі кустамі. За службовым флігелем сярод вялізнай групы дрэў знаходзіліся фамільныя могілкі. Устаноўлены на магіле Станіслава Горвата беламармуровы помнік з выявай нябожчыка быў выкананы ў Італіі. Па правым боку парка мясцовасць упрыгожвала маляўнічая выцягнутая сажалка з востравам, на якім калісьці стаяла альтанка ў выглядзе кітайскай пагады. Парк замыкалі гасцінец, абапал якога цягнуўся фруктовы сад, і яшчэ адна сажалка. Злева, за паўкіламетра ад палаца, узвышалася галоўная ўязная брама, выкананая ў стылі класіцызму з бакавымі праходамі і цэнтральным праездам. Яе дамінантамі служылі дзве пары буйных калон, аб'яднаных зверху антаблементам. Форма брамы нагадвала збудаваны раней уезд у сядзібу суседняй Нароўлі. Ад гэтага месца цераз парк ішла таполевая алея, якая выходзіла паміж гасціным флігелем і палацам.

ГАРОДЗЕНСКАЯ СЯДЗІБА

Сядзібна-паркавы ансамбль у Гародне (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) сфармаваўся ў другой палове XVIII ст. пры ўладальніку гетману Л.Тышкевічу, якому маёнтак дастаўся ад бабкі Саламеі Радзівіл. Праз стагоддзе сядзіба належала А.Патоцкаму, потым Ігнаткевічу, а ў пачатку XX ст. - генералу Кандратовічу. Драўляны панскі дом быў узведзены ў стылі класіцызму ў 1780 г. паводле праекта польскага архітэктара Шымана Цуга. Ад разбуранай у 1914 г. сядзібы застаўся парк і рэшткі капліцы.

Прасторны аднапавярховы сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся моцныя архітэктурныя акцэнты ў выглядзе рызалітаў з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохкутныя франтоны порцікаў запаўнялі пластычныя разныя картушы. Архітэктурную выразнасць будынку надаваў мерны рытм высокіх простакутных вокнаў у багатых ліштвах з сандрыкамі на фоне суцэльнай рустоўкі. Унутры дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальнай залай ў цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка значна кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр'ера дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, стукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў.

Садоўнікам і стваральнікам сядзібнага парка, верагодна, быў І.Л.Кнакфус. Парк рэгулярнай сіметрычна-восевай планіроўкі, крыжападобны ў плане. На падоўжнай восі змяшчалася ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілонаў, алея і круглы газон з абеліскам у цэнтры. За домам падоўжную вось працягвалі простакутны партэр і вузкая выцягнутая сажалка, густа абсаджаная дрэвамі мясцовых парод. Да паркавага партэра па баках далучаліся чатыры падзеленыя алеямі баскеты. У XIX ст. парк набыў пензажную арганізацыю. Захаваўся часткова.

Перспектыву папярочнай алеі перад уездам у сядзібу замыкала мураваная капліца ў стылі ракако - простакутнае ў плане збудаванне з двухсхільным дахам і вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Таксама засталася ў рэштках. Архітэктурна-дэкаратыўным акцэнтам аднанефавай святыні з'яўляецца ацалелы галоўны фасад. Шматслойныя разгорнутыя ў розных ракурсах пілястры з капітэлямі-ракайлямі апраўляюць эліптычна ўвагнутую нішу з лучковым уваходным парталам. Насупраць капліцы, ураўнаважваючы агульную архітэктурную кампазіцыю сядзібы, стаяў службовы флігель.

ГАРАДЗЕНСКІ ПАЛАЦ ТЫЗЕНГАЎЗА

Надворны падскарбі літоўскі Антоній Тызенгаўз (1733-1785) збудаваў для сябе ў Горадні цудоўны палац, які размяшчаўся на плошчы Гарадніцы і выходзіў на яе вялізным трапецападобным курданёрам. З супрацьлеглага боку палаца прасціраўся парк. Прыдворны архітэктар Тызенгаўза італьянец з Вероны Джузепе Сака (1735-1798), запрошаны ім у якасці кіруючага архітэктара Камісіі фінансаў Вялікага Княства Літоўскага, стаў праекціроўшчыкам названага познебарочнага палаца. Пры будаўніцтве на Гарадніцы ў 1760-1770-ых гг. з ім супрацоўнічалі архітэктар Юзаф Мёзер, мастакі і дэкаратары Пётр Гежыдовіч, Караль Хібл, Антон Грушэцкі і Луіс Фолвіл. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тут жыў губернатар. Будынак захоўваўся да 1915 г., пасля быў спалены немцамі і ўжо не адбудоўваўся. Палац уяўляў сабой аднапавярховы з бакавымі выцягнутымі крыламі-флігелямі будынак. Аб'ёмы палаца звязваліся ў суцэльную трапецападобную ў плане кампазіцыю. Ад уезда курданёр замыкаўся агароджай са сціплай брамай. Сярэдняя двухпавярховая частка галоўнага корпуса вырашалася паўкруглым купальным эркерам. У ніжнім паверсе ён меў галоўны ўваход, а зверху высокія, узятыя ў рамы пілястраў вокны-дзверы, якія выходзілі на невялікі балкон з каванай балюстраднай агароджай. Вокны арачнай формы складалі асноўную рытміку фасада. Дэкор абмяжоўваўся руставанымі лапаткамі і падаконнымі нішамі. Аздабленне будынка мела некаторыя элементы стылю ракако - здвоеныя руставаныя лапаткі, гірлянды, картушы, абрамленні простакутных і арачных праёмаў. З тыльнага фасада галоўнага корпуса выступала каланада з верхняй тэрасай. Больш сціпла выглядалі бакавыя крылы, накрытыя высокімі трохскатнымі дахамі з невялікімі мансардамі па цэнтру. Правае крыло з тыльнага боку акцэнтаваў невялікі чатырохкалонны порцік. Знойдзена эфектнае каларыстычнае вырашэнне будынка ў маляўнічым спалучэнні зялёнага колера сцен, белых дэталяў дэкору і чырвонага чарапічнага даху.

Галоўны корпус меў двухрадную анфіладную планіроўку, крылы - калідорную. У цэнтры змяшчаўся невялікі авальны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай у глыбіні. Анфілада разнастайных апартаментаў па абодва бакі вестыбюля прызначалася ў асноўным пад жыллё і службовыя мэты. З боку парка ў сярэдняй частцы палаца знаходзіліся два салоны і сталовыя са скошанымі вугламі, а далей вялікая бальная ці канцэртна-тэатральная зала на ўсю шырыню будынка. Другі паверх займала толькі адзіная працяглая зала. Рэпрэзентацыйныя апартаменты ўпрыгожваў стукавы дэкор, распісныя плафоны, узорысты паркет, кафляныя печы і разныя каміны. У палацы размяшчалася калекцыя твораў мастацтва (галерэя партрэтаў і гравюр).

Як і многія буйныя магнаты таго часу, Тызенгаўз трымаў пры палацы прыдворную капэлу - каля 30 чалавек, тэатр, для якога хацеў збудаваць асобны будынак, а таксама балет пад кіраўніцтвам мэтраў танца Францішка Леду і Людвіка Пецінелі. Падарожнік і мемуарыст Іаган Бернулі, які наведваў Горадню ў 1778 г., паведамляе, што з-за адсутнасці спецыяльнай залы музычныя камедыі адбываліся «ў вялікай цудоўнай зале, у якой госці збіраліся перад абедам, прыстасаванай для такіх мэтаў». Хутчэй за ўсё тут гаворыцца аб бальнай зале, падзеленай дзвюма калонамі на сцэнічную і глядзельную часткі. У бакавых крылах палаца мясціліся гасціная, памяшканні адміністрацыі, службы і канторы.

Ліхалецце не закранула парка, закладзенага над звілістым абрывістым ярам, дзе працякае рака Гараднічанка. З 1920 г. сядзібны парк прыстасаваны пад гарадскі сад.

ГРУШАЎСКАЯ СЯДЗІБА

Сядзіба ў Грушаве (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) звязана з падзеямі паўстання 1863 г., а таксама з імем вядомай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, род якой валодаў сядзібай з 1815 г. Тут яна жыла ў двухпавярховым мураваным доме, выкананым у стылі класіцызму. Простакутны ў плане будынак быў накрыты паўвальмавым дахам. Галоўны фасад вылучаўся буйнамаштабным, далёка высунутым чатырохкалонным тасканскім порцікам з трохкутным франтонам. Па перыметры будынка праходзіў прафіляваны карніз з шырокімі сухарыкамі. Рытміку фасадаў стваралі раўнамерна размешчаныя простакутныя вокны, размежаваныя гарызантальным міжпавярховым поясам. Вокны другога паверха дэкарыраваліся трохкутнымі франтончыкамі і круглымі разеткамі. Ад сядзібы захаваўся пейзажны парк, шэраг мураваных гаспадарчых будынкаў. Дом, верагодна, разбураны ў час Другой сусветнай вайны.

ДАРАШЭВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) размяшчаўся ўздоўж берага ракі Прыпяць. Калісьці сядзіба з'яўлялася маёмасцю езуітаў, а потым роду Масальскіх. З канца XVIII ст. ад Алены Масальскай маёнтак набыў падкаморы наваградскі Антон Нестар Кіеневіч (пам. каля 1822). У руках яго нашчадкаў уладанне знаходзілася да Рыжскага пагаднення 1921 г. Сын Антона Нестара Фелікс Кіеневіч (1802-1863), пасол на сойм 1831 г. і кіраўнік паўстання ў Мазырскім павеце, каля 1825 г. на высокім беразе ракі пачаў будаўніцтва сядзібы, якое не паспеў скончыць з-за неабходнасці эмігрыраваць пасля паражэння паўстання 1831 г. Праз дзесяць гадоў мазырскі харунжы Геранім Кіеневіч (каля 1797-1884), які ўратаваў маёнтак ад канфіскацыі, выкупіў яго ў брата. З завяршэннем будаўніцтва сядзібы ён адначасова залажыў цудоўны парк і пабудаваў у ім фамільную капліцу-пахавальню. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Геранім Кіеневіч (1830-1911), маршалак менскай шляхты. У пачатку XX ст. уладанне ахоплівала два вялізных маёнтка: Дарашэвічы, дзе жыў Антон Кіеневіч (1877-1960), і Брынёў - сядзіба Гераніма Кіеневіча (1866-1925). Пасля смерці іх бацькі маёнтак у 60 000 дзесяцін застаўся адзіным і ім валодалі абодва браты. Восенню 1917 г. сядзіба была разрабавана і спустошана, у 1918 г. амаль зруйнавана, а ў другую сусветную вайну перастала існаваць.

Архітэктар сядзібна-паркавага ансамбля невядомы. Узорам для помніка, верагодна, паслужыў палац Друцкіх-Любецкіх у Луніне (Лунінецкі р-н Берасцейскай вобл.). Сядзібны дом, выкананы ў стылі позняга класіцызму, уяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак на высокім падмурку. Сярэдняя трохвосевая частка была павялічана на паверх. Трохчасткавая сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і паркавага фасадаў складалася з цэнтральнага порціка і невялікіх бакавых рызалітаў. Класічны чатырохкалонны тасканскі порцік галоўнага фасада выкананы з цэглы і атынкаваны. Калоны неслі гладкі антаблемент і трохкутны франтон, акантаваны прафіляваным карнізам з сухарыкамі, пад які свабодна ўязджаў конны экіпаж. Над уваходам размяшчаўся балкон з драўлянай балюстрадай. Шырокія бакавыя рызаліты завяршаліся трохкутнымі франтонамі і мелі па аднаму патройнаму акну, фланкіраванаму пілястрамі. Чатыры калоны тыльнага ці паркавага порціка стаялі паўкругам. З тэрасы гэтага порціка раскрываўся прыгожы краявід на Прыпяць. Шэры колер фасадаў, ашаляваных дошкамі з імітацыяй рустоўкі, удала спалучаўся з чырвоным дахам і белымі парталамі дзвярэй і ліштваў вокнаў з трохкутнымі сандрыкамі. Чатырохсхільны гонтавы дах меў складаную форму: двухсхільны над галоўным порцікам і купальны над паркавым.

Жорсткая сіметрыя і класічная гарманічная кампазіцыя палаца парушылася, калі да заходняга боку дома далучылася невялікая ашклёная веранда, праз якую ажыццяўляўся непасрэдны ўваход да кабінета і канцылярыі. З часам палац аказаўся цесным, і апошні ўладальнік Дарашэвіч Геранім Кіеневіч у 1890 г. з усходняга боку старога палаца прыбудаваў драўлянае пяцівосевае жылое крыло. З поўначы палац набыў ашклёны ўваходны ганак, супрацьлеглы бок дапоўніўся двухпавярховым ганкам з чатырма тонкімі калонамі, якія аб'ядналіся балюстрадай і стваралі ўнізе тэрасу, а наверсе балкон. Дэкаратыўнымі балюстрадамі аздабляліся і вокны новых памяшканняў. У выніку прыбудовак павялічылася жылая плошча дома, але была страчана цэласнасць і гармонія першапачатковага будынка.

Уваходныя вялізныя дзверы ўпрыгожвалі галовы львоў, выкананыя з каванай бронзы. Унутры дом меў двухрадную анфіладную планіроўку. Франтальны рад прызначаўся пад жыллё, а паркавы - пад парадныя апартаменты. Вестыбюль быў падзелены на тры невялікія памяшканні: сярэдняе адводзілася пад аднамаршавую лесвіцу, якая ўзнімалася на другі паверх, правае без канкрэтнага прызначэння, а ідэнтычнае левае з'яўлялася рэпрэзентацыйным холам. Адсюль дзверы вялі ў вялізную залу на ўсю шырыню будынка, якая трыма вокнамі выходзіла на абодва бакі дома. Аформленая па нізе драўлянымі панелямі, а зверху абітая шпалерамі з раслінным арнаментам чырвонага колеру зала атрымала назву «чырвонай». Яе ўпрыгожваў наборны паркет з малюнкам вялікай зоркі, абкружанай кветкавымі гірляндамі. З разеткі сафіта звісала хрустальна-бронзавая люстра, бакавое асвятленне забяспечвалі бра ў тым жа стылі. Зала ацяплялася вуглавой белакафлянай печчу і камінам з белага мармуру. Тут стаяла мэбля з чырвонага і арэхавага дрэва з пазалотай у стылях ампір і бедэрмеер. Цікавымі элементамі інтэр'еру з'яўляліся беламармуровыя калоны з бронзавымі пазалочанымі кандэлябрамі ў выглядзе дзіцяці, якое несла шэсць падсвечнікаў. Па баках далейшых анфіладных дзвярэй віселі два люстры ў багатых разных пазалочаных рамах. Дэкор салона дапаўнялі фамільныя партрэты пэндзля Дамеля, Сестранцэвіча, Ю.Дзяконьскай і іншых мастакоў, а таксама мармуровыя скульптуры Венеры і Анцінеюса. З «чырвоным» салонам суседнічала вялізная сталовая, вылучаная знадворку рызалітам. Далей па правы бок мясціліся тры жылыя пакоі.

Сярэдзіну дома за вестыбюлем займаў іншы вялікі салон - «блакітны», які выходзіў двума вокнамі і ашклёнымі дзвярамі на тэрасу пад паўкруглым порцікам. Салон быў аклеены серабрыстымі шпалерамі, меў цудоўны паркет, вялізную хрустальную люстру і дзве вуглавыя кафляныя печы. Абсталяванне салона складалася з люстраў на кансолях, масіўных сталоў і вырабленых у Менску мяккіх крэслаў у стылі Людовіка Філіпа, абітых бледна-блакітным плюшам. У салоне віселі фамільныя партрэты, пейзажы ў галандскім стылі, копіі карцін Караваджа і Мурыльё, карціны рэлігійнага зместу. Частка твораў мастацтва ўпрыгожвала малы салон, які знаходзіўся ў паўднёва-ўсходнім вуглу дома. Справа ад блакітнага салона размяшчалася вялізная на тры акны спальня, затым - кабінет у паўднёва-заходнім куце дома, які замыкаў анфіладу паркавага рада памяшканняў. Новае прыбудаванае крыло мела на першым паверсе невялікія сенцы і прасторную простакутную залу, прызначаную для бібліятэкі (5 000 тамоў) і архіва, адзін салон і шэраг жылых пакояў, гасціных і лазню.

Да дома вяла доўгая алея, высаджаная серабрыстымі і італьянскімі таполямі. Месца паміж брамай і порцікам дома займаў круглы газон. З усходняга боку ад яго стаяў працяглы аднапавярховы драўляны флігель, крыты чатырохсхільным дахам. У ім мясцілася кухня, кладовая і жыллё дваровых. З заходняга боку ў 1900 г. быў пабудаваны другі аднапавярховы флігель у адным стылі з домам. Першапачатковы простакутны план флігеля змяніўся, калі праз некалькі гадоў да яго сярэдняй часткі ад тыла далучылася кароткае крыло, а да паўднёвага боку ашклёная веранда. На галоўным фасадзе флігель меў двухкалонны ганак з трохкутным франтонам, а на краeніх восях адзначаныя пілястрамі псеўдарызаліты.

Шырокая тэраса, расчлянёная сцежкамі і кветнікамі, ахоплівала прастору паміж домам і ракой. Парк, закладзены пры Гераніме Кіеневічу, цягнуўся на захад ад дома адносна вузкай паласой каля аднаго кіламетра і перапыняўся ля берага Прыпяці. Невялікая частка парка, аб'яднаная з фруктовым садам, ляжала з усходняга боку дома. Тут, за шатамі дрэў хавалася невялікае заросшае возера са штучнай выспай і пастаўленай на ёй альтанкай. Галоўным акцэнтам парка была працяглая елкавая алея. Амаль на канцы пасадак, над самой Прыпяццю, стаяў драўляны аднапавярховы павільён «Бельведэр», накрыты востраканечным дахам, абапёртым на белыя калоны. Адсюль адкрываўся цудоўны выгляд на раку і сасновы лес на пагорку. Невялікую тэрыторыю займалі фамільныя могілкі з капліцай, узведзенай у сярэдзіне XIX ст. у рэтраспектыўна-гатычным стылі.

ДЗЯРЭЧЫНСКІ ПАЛАЦ

Акрамя ружанскай рэзідэнцыі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега меў буйны мураваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.), якое раней належала Капачэвічам і Палубіцкім. Першапачаткова будынак прызначаўся для навучальнай установы («Акадэміі»). Пасля смерці ў 1780 г. жонкі Магдалены Агнешкі Аляксандар Сапега пакінуў свае беларускія ўладанні і асеў у Варшаве, дзе і памёр у 1792 г. Маёмасць засталася адзінаму сыну Францішку. Ён прыстасаваў «Акадэмію» ў 1793 г. пад палац, у якім і пасяліўся пасля шлюбу з маладой жонкай. Новы ўладальнік упрыгожыў палац карціннай галерэяй, а перавезеныя сюды з Ружан бібліятэку і археалагічны кабінет узбагаціў мноствам новых паступленняў. Маёнтак быў секвестраваны ў 1831 г., і ўсе каштоўныя рэчы вывезены ў Пецярбург. У 1906 г. палац пераабсталяваны пад казарму. Разбураны паміж 1930 і 1933 гг.

Будаўніцтва палаца пачалося ў 1786 г. паводле праекта прыдворнага архітэктара Сапегаў Я.С.Бекера і дойліда Л.С.Гуцэвіча ў стылі класіцызму. Ён уяўляў сабой працяглы простакутны ў плане аднапавярховы корпус, сіметрыю якога падкрэсліваў магутны дарычны порцік з чатырох пар калон і франтонам у павышанай цэнтральнай частцы галоўнага фасада. Гэты выразны архітэктурны акцэнт будынка яскрава вылучаўся на фоне рытмічна расчлянёнага простакутнымі вокнамі ў панельным акаймленні фасада, завершанага глухім філёнгавым парапетам. Трохкутны франтон порціка запаўняў скульптурны герб уладальніка. Агульную сіметрыю будынка парушала аднапавярховая прыбудова да правага тарца. Адасоблена стаяў драўляны тэатральны будынак. Спецыяльна размаляваная мастаком К.Отэльсанам заслона на сюжэт купання Дыяны-паляўнічай у далейшым аддзяляла сцэну новага тэатра ў Вільні. Пасля 1795 г. будынак тэатра быў разабраны. Пры палацы меліся два бакавыя флігелі.

Палац акаймляў прыгожы тэрасны парк плошчай 18 га. Яго рэгулярную планіровачную структуру складалі прамыя каштанавыя і таполевыя шырокія алеі, сажалкі. Парк меў шэраг павільёнаў, аранжарэю, стайню, капліцу, свіран.

ДУБАЙСКАЯ СЯДЗІБА

Дубай (Пінскі р-н Берасцейскай вобл.) у XVII ст. з'яўляўся ўладаннем магната Альбрэхта Радзівіла, які ў 1635 г. падарыў яго пінскім езуітам пад летнюю рэзідэнцыю. Ад іх у канцы XVIII ст. маёнтак перайшоў да памешчыкаў Кужанецкіх, якія валодалі ім каля стагоддзя. У канцы XIX ст. яго выкупіў Карл Іленкер. Перад 1939 г. Марыя Выджына аддала сядзібу пад сельскагаспадарчую школу імя сваёй першай дачкі Яніны. Тут прайшлі дзіцячыя гады вядомага паэта Адама Нарушэвіча. Пасля разбурэнняў другой сусветнай вайны захаваліся сядзібны парк і капліца.

Да 1939 г. на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі існаваў раскошны сядзібна-паркавы ансамбль, сфармаваны яшчэ езуітамі ў першай палове XVIII ст. Выгляд сядзібы дайшоў да нас на акварэлі Н.Орды XIX ст. Мураваны палац - цэнтр агульнай кампазіцыі ансамбля, абкружалі флігелі, аранжарэя, цяпліца, справа стаяла капліца. Дом уяўляў сабой працяглы па папярочнай восі аднапавярховы будынак. Плоскасны галоўны фасад чляніўся чатырнаццаццю вялікімі простакутнымі вокнамі. У цэнтры над вальмавым гонтавым дахам узвышаўся мансардны паверх, завершаны трохкутным франтонам. Перад мансардай на чатырох слупах выступала тэраса. Будынак фланкіравалі дзве чатырохгранныя двух ярусныя вежы-алькежы. З боку парка дом меў гранёны рызаліт параднай залы, да якога далучаўся чатырохкалонны ганак пад аднасхільным дахам. У доме налічвалася шаснаццаць пакояў. Высокі падмурак з'яўляўся магутным скляпеністым падвалам.

Тэрыторыя парка, спланаваная на квадратным участку плошчай каля 11 га, абмяжоўвалася каналамі і сажалкамі. Першапачатковая планіроўка парка рэгулярнага сіметрычна-восевага характара ў XIX ст. пашырылася ў паўночным кірунку пейзажнай зонай. Прынцыну рэгулярнасці падпарадкоўвалася размяшчэнне палаца, флігеляў, капліцы, фантанаў, кветнікаў, баскетаў. Паркавы ландшафт уключаў аранжарэю, цяпліцы, масткі і інш. Цэнтральны ўезд у сядзібу фармавалі два руставаныя пілоны, якія падкрэслівалі падоўжную вось ансамбля. Два бакавыя пад'езды праходзілі па елкавых алеях. Асноўны зялёны масіў парка разам з ліпавымі пасадкамі з'яўляўся фонам для сядзібнага архітэктурнага ансамбля. Па абодва бакі параднага двара знаходзіліся простакутныя баскеты з пладовым садам. Прасторавая кампазіцыя парка засноўвалася на чаргаванні адкрытай прасторы палян і вадаёмаў з цяністымі алеямі. Прагулачныя маршруты пралягалі па алеях уздоўж каналаў і дамб. У парку раслі ў асноўным мясцовыя пароды дрэў: елка, ліпа, таполя, бяроза, сасна, ясень, а таксама піхта, лістоўніца, тсуга канадская, каштан, арэх грэцкі. Прынцыпу рэгулярнасці падпарадкоўвалася і арганізацыя воднай сістэмы парка: па восі за домам знаходзіўся круглы (дыяметр 30 м) стаў і шэраг простакутных сажалак, аб'яднаных каналамі з перакінутымі выгнутымі масткамі. Рыбныя садкі, выкапаныя на паўднёва-заходняй ускраіне сядзібы, пры дапамозе дамб забяспечвалі перапад вады і напаўнялі сажалкі і фантаны.

Па інвентары 1773 г. у сядзібу ўваходзіў вялізны лямус - трохпавярховы «на мураваным склепе» будынак з кругавой галерэяй. На першым паверсе мелася дзесяць памяшканняў: восем жылых, а ў цэнтры два свірны, куды ссыпалася збожжа; другі займала вялізная зала; трэцім з'яўлялася вежа.

Ад комплексу сядзібных пабудоў захавалася капліца, размешчаная ў паўднёва-ўсходнім баку ад былога палаца. Васьміграннасць архітэктурнага аб'ёму, вуглавыя пілястры, складанасць абломаў, шлемападобнае фігурнае заверша з гранёным ліхтаром надаюць капліцы барочную пластычнасць. Купал над уваходным тамбурам, вытанчаная прафіліроўка шматслаёвага карніза, а таксама вітражы і фрэскавы роспіс узмацняюць багацце аздаблення ацалелага будынка.

ДУКОРСКАЯ СЯДЗІБА

Мястэчка і маёнтак Дукора (Пухавіцкі р-н Менскай вобл.) з даўніх часоў уваходзілі ў склад велізарных уладанняў Сапегаў. Ад іх перайшлі да Завішаў і Агінскіх. Апошні ўладальнік гетман Міхал Казімір Агінскі (1730-1800), трапіўшы ў цяжкае фінансавае становішча, прыцягнуў да абсталявання сядзібы адміністратара суседняга Смілавіцкага ключа Францішка Ашторпа і яго сваяка Станіслава Манюшку (пам. 1807), дзеда вядомага кампазітара. Менавіта гэтая фінансавая залежнасць вымушала гетмана прадаць апошнім дукорскі маёнтак. У 1791 г. па жэрабі Манюшка атрымаў Смілавічы, а Дукора дасталася Ашторпу. Францішак Ашторп ці яго сын Лявон (1786-1851) у атрыманым такім чынам маёнтку пабудаваў на мяжы XVIII-XIX стст. палац у стылі класіцызму. Мясцовае паданне захавала звесткі пра пышныя ўрачыстасці, якія арганізоўваў у палацы Лявон Ашторп, якога мясцовая шляхта выбірала сваім маршалкам з 1823 па 1846 г. Для забавы гасцей служыў прыватны цырк Ашторпа з трупай з чужаземцаў і хатняга аркестра. Сучаснікі сведчаць, што раскоша і багацце жыцця ў Дукоры ні з чым непараўнальныя. Зато для сялян Ашторпы былі жорсткімі эксплуататарамі; сялянская доля стала лягчэй пасля таго, як іх гаспадар утапіўся ў Свіслачы, упаў у раку з моста, які абваліўся. У наступныя 20 гадоў маёнтак, верагодна, з'яўляўся ўладаннем яго трох дачок. У 1874 г. ад адной з іх Леакадзіі сядзібу набыў барон Канстанцін Харцінг (пам. 1891). Яго жонка Юзэфа Несялоўская, выкарыстоўваючы свой грамадскі ўплыў, захавала маёнтак ад канфіскацыі за ўдзел мужа ў паўстанні 1863 г. Пасля іх смерці Дукора спачатку перайшла да сына Антона Харцінга, затым да роднага брата Станіслава (пам. 1913).

Уяўленне аб тым, як выглядаў палац у Дукоры, дае акварэль Н.Орды 1876 г. У плане выцягнутага простакутніка на нізкім фундаменце будынак меў трынаццацівосевы двухпавярховы аб'ём з чатырохкалонным порцікам вялікага маштаба на галоўным фасадзе. На палове яго вышыні памяшчаўся балкон з балюстрадай. Калоны са стылізаванымі капітэлямі неслі гладкі антаблемент і акантаваны карнізам з сухарыкамі трохкутны франтон. Поле франтона запаўняў ляпны герб Харцінгаў у выглядзе падтрымліваемага грыфонамі картуша, завершанага баронскай каронай. Пад картушам вылучаўся надпіс родавага дэвіза «Semper Linea recta in nomine semper». Фасады гладка атынкаваны, падзелены міжпаверхавым поясам, дэкарыраваны ліштвамі дзвярэй і вокнаў, аб'яднаных гарызантальным карнізам. Фасады ажыўляў завяршальны карніз з сухарыкамі. Палац накрываў гонтавы двухсхільны дах. Праз нейкі час пасля ўзвядзення палаца да яго пяцівосевых бакавых фасадаў былі дабудаваны вузкія ашклёныя крылы, прызначаныя для аранжарэі, зімовага сада, хатняй капліцы.

Палац меў двухрадную калідорную планіроўку з параднай залай у цэнтры (потым прыстасаваны для двухмаршавай лесвічнай клеткі). У час Харцінгаў на першым паверсе размяшчалася больш за дзесяць жылых пакояў. Сціпла аздобленыя памяшканні ацяпляліся вуглавымі кафлянымі печамі. Вялізная квадратная зала з ляпным сафітам, так званая «цэсарская», знаходзілася на другім паверсе па цэнтру левага боку франтальнага рада памяшканняў. У ёй віселі дзве карціны, адна з выявай Паўла I, які вызваляе са зняволення Касцюшку, другая - Аляксандра I, які падпісвае ў Вільні ў 1812 г. амністыю. Абедзве карціны і яшчэ дванаццаць палоцен належалі пэндзлю Яна Дамеля, блізкага сябра Лявона Ашторпа, частага госця Дукоры. З правага боку паркавага рада памяшканняў пры лесвічнай клетцы змяшчалася вялікая зала сталовай. Палацавая бібліятэка налічвала некалькі тысяч тамоў і архіў.

Палац стаяў сярод старога парка, які разам з садам і гаспадарчымі будынкамі займаў плошчу каля 40 га. Яго абкружаў роў, які верагодна, застаўся ад абарончых умацаванняў старажытнай сядзібы ці замка. Парк перасякала шырокая дарога ўздоўж дома, якая адным канцом выходзіла да Ігумена, другім - да Смілавіч. З боку ад Смілавіч узведзена арачная мураваная арыгінальная па кампазіцыі ўязная брама, завершаная высокай чатырохграннай вежай са шпілем, на якім развявалася гербавая харугва. Каля гэтай брамы палацавы аркестр звычайна сустракаў вяртанне Лявона Ашторпа. Па абодва бакі дарогі стаяў шэраг гаспадарчых будынкаў: стайні, кухня, карэтная, жыллё дваровых. Перад палацам цягнулася адкрытая прастора з некалькімі елкамі. З тыльнага боку дома ліпавыя і кляновыя алеі абмяжоўвалі ўчастак фруктовага сада. Невялікая частка парка, вытрыманая ў пейзажным стылі, з сажалкай цягнулася перад палацам. Парк упрыгожвала дэкаратыўная скульптура. У 1912 г. сярод парка пастаўлена новая капліца, задуманая як пантэон для ўсіх веравызнанняў рода Харцінгаў: пратэстанцкага, каталіцкага і праваслаўнага.

Каля сядзібы існаваў мураваны прыходскі касцёл, пабудаваны пры Станіславу Манюшку. Пасля паўстання 1863 г. храм пераасвячоны пад праваслаўную царкву. У яе склепах пахаваны прадстаўнікі рода Ашторпаў.

ЗАВОСЕЎСКАЯ СЯДЗІБА

Былы фальварак Завоссе, што за 4 км на поўнач ад вёскі Мядзеневічы (Баранавіцкі р-н Берасцейскай вобл.), лічыцца месцам нараджэння славутага пісьменніка Адама Міцкевіча (1798-1855). У 1799 г. яго бацькі атрымалі ў спадчыну частку фальварка Завоссе і пражылі там да 1801 г. Тут паэт правёў два гады дзяцінства, пазней неаднаразова наведваў родны кут. Бытуе легенда, што на адным з каменняў Адам Міцкевіч выбіў крыж у гонар свайго безадказнага кахання да Марылі Верашчакі, які і зараз ляжыць ля хутара. У 1927 г. на месцы фальварка Завоссе пастаўлены абеліск. Славутая для беларускай культуры мясціна знайшла адлюстраванне ў творах мастакоў (Н.Орда, Т.Абміньскі, Е.Паўловіч).

Невялікі панскі двор, які існаваў тут да першай сусветнай вайны, нельга аднесці да манументальных архітэктурных твораў. Гэта была звычайная дробнапамесная сядзіба з традыцыйным наборам драўляных, абкружаных жардзінным плотам пабудоў: дом гаспадароў, свіран, лямус. Дом уладароў уяўляў сабой працяглы па фронту неашаляваны зруб, накрыты вальмавым саламяным дахам і вылучаны па цэнтры двухслуповым ганкам. Дом быў на дзве паловы з сенцамі пасярэдзіне. Лямус - традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух'яруснага зруба пад вальмавым дахам, які накрываў трохслуповую галерэю з франтальнага боку. Тут схоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы. Другі ярус нярэдка служыў летнім мезанінам, у якім у час летніх вакацый любіў адпачываць паэт.

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ СЯДЗІБА

За 6 км ад Драгічына ў вёсцы Закозель (Драгічынскі р-н Берасцейскай вобл.) размешчана маляўнічая панская сядзіба ў атачэнні вялізнага пейзажнага парка. У 1863 г. уладальнікі маёнтка Ажэшкі страцілі яго. Але хутка секвестраваную маёмасць адкупіла ў расейскіх уладаў графіня Бабрынская. Пасля першай сусветнай вайны, якая не закранула сядзібы, на кароткі час яе набыў Весялоўскі. Пасля яго сядзіба перайшла ў рукі Караля Талочкі, які валодаў ёй да 1939 г. Мураваны сядзібны дом, зруйнаваны ў гады Другой сусветнай вайны, зараз непазнавальна перабудаваны і прыстасаваны пад жыллё, але страціў цалкам рысы помніка архітэктуры класіцызму. Першапачатковы выгляд дома вядомы па акварэлі Н.Орды 1863 г. Аднапавярховы будынак на нізкім падмурку складаўся з трох частак: сярэдняй пяцівосевай з ампірным чатырохкалонным атыкавым порцікам і трохвосевых бакавых крылаў, ніжэйшых, магчыма, дабудаваных пазней. Накрываў будынак адносна высокі вальмавы дах з малымі паўкруглымі слыхавымі вокнамі. Надзвычай вялізныя вокны з аканіцамі амаль ад падлогі да столі ў бакавых крылах фланкіравалі пары калон у прасценках. Пасля першай сусветнай вайны Весялоўскі надбудаваў над сярэдняй часткай фасада мансардны паверх, падняўшы на яго вышыню калонны порцік і дадаўшы балкончык. З тыльнага боку памешчык дабудаваў два пакоі, стварыўшы над імі тэрасу. Па прыгажосці афармлення вылучалася цэнтральная калонная зала-ратонда, раскрытая ў парк ашклёнымі дзвярамі. Ва ўсіх пакоях меліся масіўныя цёмныя дубовыя дзверы з бронзавай дэкаратыўнай акоўкай, паркетная падлога.

Дарога з суседніх Перкавіч пераходзіла ў цяністую ліпавую алею парка, у канцы якой бялеў панскі дом. За ім яна працягвала свой бег далей. Ля дарогі на ўскраіне парку пастаўлена мемарыяльная калона, прысвечаная падзеям 1863 г.

Сапраўдным упрыгожаннем парка з'яўляецца манументальная капліца-пахавальня ўладальнікаў маёнтка на вяршыні пакатага ўзгорка, выкананая ў рэтраспектыўна-гатычным стылі ў 1839 г. Па паданні, у невялікім патаемным памяшканні высокага шпіля капліцы хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. генерал Р.Траўгут. Помнік і сёння ўражвае гармоніяй форм і дэкору, выразнай дынамічнай кампазіцыяй. Цэнтральнае квадратнае ў плане збудаванне накрыта востраканечнымі двухсхільнымі дахамі, перакрыжаванне якіх адзначана ўзлётам высокай чатырохграннай сігнатуркі з востраканечным гранёным шпілем і строгім гатычным крыжам у завершы. Гэтая накіраванасць увышыню падтрымана вуглавымі спаранымі контрфорсамі з вежамі-фіяламі, паміж якімі па вуглах карніза размешчаны чатыры статуі евангелістаў, апраўленыя металічнымі гатычнымі парталамі. Скульптура складае своеасаблівае пластычнае ўбранне капліцы, актыўна ўдзельнічае ў стварэнні яе маляўнічай паверхні, якая фармуецца таксама востраканечнымі нішамі і цягамі.

У сярэдневякоўі няма аналагаў гэтаму будынку, але «полымя» готыкі тут настолькі выразнае, што цяжка верыцца ў яго адносна нядаўняе паходжанне. Фасады насычаны крапоўкамі, расчлянёны слаістымі стральчатымі і трохлапаснымі аркамі-нішамі. Шырокі стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны зверху круглымі гербамі рода Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Крохкая архітэктурная дэкарацыя, мноства выцягнутых па вертыкалі ніш надаюць дзівосную лёгкасць будынку, а гульня святлаценевых эфектаў на яе паверхні выклікае адчуванне вібрацыі архітэктурных форм. Каларыстычнае бачанне будынка ствараецца высакаякаснай адкрытай цаглянай муроўкай, меднымі лістамі даху, белізной элементаў дэкору.

Уражанне ад храма яшчэ больш узмацняецца пры наведванні залы, перакрытай нервюрным скляпеннем. Яно настолькі лёгкае і ажурнае, што здаецца, быццам над залай не цаглянае збудаванне, а карункавая вуаль-павуціна са спляценнем тонкіх нітак-нервюр. У вуглавых стральчатых нішах змяшчаліся скульптуры евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны запаўнялі каляровыя вітражы ў ажурных пераплётах чыста гатычнага маскверкавага малюнка. Вітражы з'яўляліся адным з асноўных кампанентаў мастацкага ўздзеяння гатычнага інтэр'ера на чалавека, утвараючы асаблівую атмасферу прасветленасці, рэдкі па сваёй цэласнасці, чысціні і моцы настрой духоўнай узнёсласці. Квадратны праём у падлозе залы са знікаючай у падполлі лесвіцай сімвалізуе ўстанаўленне глыбіннай сувязі паміж мінулым і будучыняй, небам і зямлёй, раем і пеклам.

З гаспадарчых будынкаў вылучаецца архітэктурай мураваная стайня, збудаваная ўладальніцай Бабрынскай. Класіцыстычнай архітэктурнай трактоўкай надзелены мураваны бровар, абкружаны па перыметры каланадай.

КОСАЎСКІ ПАЛАЦ

Буйнейшы прамысловец граф Вандалін Пуслоўскі сцвярджаў сябе не толькі ва ўдалым прадпрымальніцтве, але і ў рэпрэзентацыйнай пабудове ў 1838 г. палацавай рэзідэнцыі, якая больш паходзіла на велічны замак, у адным са сваіх шматлікіх уладанняў - Косаве (Івацэвіцкі р-н Берасцейскай вобл.). Аднак лёс палаца даволі цьмяны: пасля паўстання 1863 г. ён пераходзіць у рукі маскоўскай арыстакратыі - да князёў Трубяцкіх і Алдэнбургскіх; у час першай сусветнай вайны палац разбураецца, пасля чаго прыстасоўваецца пад староства Косаўскага павета; пасля Другой сусветнай вайны зламаны цяжкасцю выпрабаванняў ліхалецця і зараз існуе ў руінах. Але і рэшткі будынка, у якіх лунаюць цені далёкага мінулага і духі яго гаспадароў, яшчэ больш уражваюць сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. «Замак» быў удала ўпісаны ў панарамны паркавы краявід. Але здаецца, што, узводзячы сваю рэзідэнцыю на плоскасным рэльефе мясцовасці, Пуслоўскі больш звязваў будаўніцтва з суседняй гістарычнай сядзібай Касцюшкаў пад назвай Мерачоўшчына. Менавіта ў гэтай «садружнасці» будынкаў розных гістарычных эпох намаляваў палац мастак Н.Орда ў 1860-ыя гг. Гэта была спрыяльная магчымасць задаволіць не толькі натуральнае эстэтычнае пачуццё сродкамі архітэктуры, але і далучыцца да сапраўднай гісторыі, а значыць, і надзяліць сваё збудаванне гістарычнай аўрай, водарам славутай мінуўшчыны.

Варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд у архітэктуры манументальнага будынка спыняе «вялікі пост» палацава-сядзібнага класіцызму і «гурманствуе» гатычнай старажытнасцю. Шэраг даследнікаў падкрэсліваюць яго аналогію з замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Зембавецкім (польская Сілезія) у Польшчы. У стылі сярэдневяковай готыкі інтэр'еры палаца апрацоўваюць архітэктар В.Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка.

Гісторык архітэктуры У.Чантурыя ахарактарызаваў палац як твор дойлідства «ў духу гатычнай старыны», і гэта відавочна. Аб'ёмна-прасторавая архітэктурная кампазіцыя з пульсуючым сілуэтам яшчэ захоўвае строга класіцыстычную ўраўнаважаную сіметрыю, уласцівую адышоўшаму класіцызму - франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і злучаных з ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтавана ступеньчатым атыкам. Зубчасты парапет па перыметры будынка і вузкія шчыліны-байніцы на васьмігранных вежах, як вартаўнікі, ствараюць уражанне велічнай фартэцыі. Струны вуглавых вежаў узносяцца быццам азіяцкія мінарэты. Увядзенне зубчастых завершаў, шматгранных «вартаўнічых» вежаў, вокнаў стральчатага малюнку, аркатурных фрызаў, невялікіх контрфорсаў у прасценках з'явілася вяртаннем да архітэктурных форм замкавага гатычнага сярэднявечча. Арыгінальнае выкарыстанне насценных фіялаў, зубчастых перамычак вокнаў - гатычныя матывы ў стылёвай трактоўцы архітэктуры. Гатычную інтэрпрэтацыю мела і ўязная брама. Інтэр'еры «замка» былі аформлены фрэскавым роспісам і стукавым дэкорам Ф.Жмуркам, насычаны творамі мастацтва. З высокіх вокан верхніх залаў і вежаў погляд прасціраецца на велічны, некалі ўзбагачаны паркам краявід і губляецца за далёкім гарызонтам.

Распрацаваны маім сябрам, закаханым у гістарычную спадчыну, архітэктарам Г.Босакам, праект рэстаўрацыі палаца - надзея, што архітэктурны манумент адродзіцца ў сваёй першапачатковай велічы.

КУХЦІЦКАЯ СЯДЗІБА

Найбольш імпазантным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры Ўздзеншчыны (Менская вобл.) з'яўлялася сядзіба Кухцічы (сучасны пасёлак Першамайскі). Зараз на тэрыторыі сядзібы знаходзіцца Ўздзенская СПТВ-10 механізатараў. У свой час гэта панская рэзідэнцыя адносілася да адной з самых вядомых на Міншчыне. Уяўленне аб першапачатковым выглядзе сядзібы дае малюнак Н.Орды. Першыя звесткі аб маёнтку Кухцічы адносяцца да 1590 г., пад якім ён упамінаецца ў «Актах, издаваемых Виленской комиссией для разбора древнейших актов». Гэта ўпамінанне звязана з судовай цяжбай «Об избиении слугами пана Гладкого подданных из села Бервище по дороге в пущу Низовскую». Ужо тады вялася міжусобіца за валоданне ляснымі і зямельнымі ўгоддзямі паміж гаспадаром маёнтка Янохам Кавячынскім і суседнімі сялянамі. Вялізныя кухціцкія ўладанні ў 1690 г. ад Барбары Хорскай перайшлі да Апалоніі Завішы, браслаўскай старосціны. З таго часу на працягу двух наступных стагоддзяў сядзіба заставалася ва ўладанні роду герба «Лебедзь». Першай вядомай гістарычнай асобай гэтага роду з'яўляўся Ян Завіша - дваранін караля Казіміра Ягелончыка. Яго нашчадак на мяжы XVIII-XIX стст. Казімір Завіша, камергер яго каралеўскай вялікасці, генерал каралеўскіх войскаў, стаў стваральнікам цудоўнай рэзідэнцыі ў Кухцічах. Адзіны сын генерала ад першага шлюбу Тадэвуш памёр у маладыя гады, і Кухцічы перайшлі да дачкі Валерыі, якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата, маршалка менскага Тадэвуша Завішу (пам. 1838). Іх сын Ян Казімір Завіша (пам. 1877) - вядомы ўладальнік археалагічнай калекцыі і збору разнастайных старажытнасцей. Ян Казімір Завіша акрамя Кухціч меў шматлікія іншыя маёнткі ў Беларусі і Летуве, а таксама ўласны палац у Варшаве. Потым яго ўладанні былі падзелены паміж дзвюма дочкамі. Кухцічы атрымала малодшая дачка Магдалена, якая ў 1882 г. узяла шлюб з Людвікам Красінскім (1833-1895), а пасля яго смерці выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла. Яна з'яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы.

Вядомы біёграф Станіслаў Лоза называе дойліда-італьянца Карла Спампані будаўніком і праекціроўшчыкам прысядзібнай капліцы. Але ёсць усе падставы меркаваць, што ён і аўтар самога сядзібнага дома, пабудаванага ў пачатку XIX ст. у стылі класіцызму. Дом складаўся з трох частак: галоўнага корпуса і двух бакавых флігеляў, аб'яднаных па фронту калоннымі галерэямі. Некалькі ўзвышаная цэнтральная частка галоўнага корпуса вылучалася дарычным чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам, пад якім шырокія мураваныя прыступкі і бакавыя пандусы вялі да ўваходных дзвярэй. Аналагічныя, але меншыя па памерах порцікі флігеляў складалі з цэнтральным строга сіметрычна-восевую кампазіцыю. З тыльнага боку сядзібы па двух крайніх восях выступалі бакавыя крылы, якія надавалі ўсёй пабудове форму кароткай падковы, а па цэнтру - простакутны рызаліт бальнай залы з высокімі гатычнымі вокнамі (прыбудаваны пазней). Ад тарцоў галоўнага будынка да бакавых флігеляў адыходзілі калонныя галерэі. У афармленні будынка выкарыстаны абмежаваны арсенал класічнай архітэктурнай пластыкі: трыгліфны фрыз, пілястры ў прасценках, руставаныя лапаткі. Па апісанню краязнаўца Антона Ўрбанскага, унутры дом уключаў шэраг салонаў з цудоўным стукавым дэкорам, дубовымі панелямі, антыкварнай мэбляй, а таксама каштоўнымі архівамі і старажытнымі рэчамі.

Ад сядзібы захаваўся левы флігель. Гэты будынак уяўляе сабой аднапавярховы, простакутны ў плане аб'ём, накрыты пакатым вальмавым дахам. Сцены будынка выкладзены з мясцовага бутавага каменю і атынкаваны. Іх вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі, пад карнізам даха праходзіць пояс сухарыкаў. Ядром сіметрычнай кампазіцыі галоўнага фасада з'яўляецца масіўны чатырохкалонны порцік дарычнага ордэра, завершаны трохкутным франтонам з круглай люкарнай у тымпане. Уздоўж галоўнага фасада працягнуты фрыз, утвораны трыгліфамі. Паверхня сцен расчлянёна пілястрамі, паміж якімі высечаны простакутныя вокны з руставанымі ліштвамі. Тры ўваходы ў будынак - цэнтральны і два тарцовыя - вылучаны высокімі ганкамі. Унутраная планіроўка флігеля, строга сіметрычная адносна падоўжнай восі, мае анфіладную ўзаемасувязь памяшканняў. Пад будынкам скляпеністыя (цыліндрычныя і крыжавыя) падвалы, у якіх знаходзяцца топкі грубак жылых памяшканняў.

На тэрыторыі сядзібы перад палацам захавалася фамільная капліца-пахавальня (пад алтаром размешчаны склеп-крыпта для пахаванняў). У архітэктуры будынка ў стылі позняга класіцызму адчуваецца ўплыў нацыянальнага абарончага дойлідства. Храм унутры круглы ў плане, знадворку ахоплены дванаццаціграннікам. Простакутная апсіда накрыта двухсхільным гонтавым дахам, грані якога дэкарыраваны круглымі люкарнамі. Па баках увахода размешчаны круглыя ў сячэнні вежы з пакатымі шатрамі. Сцены крапаваны пілястрамі і апаясаны буйнапрафіляваным карнізам. Завяршае кампазіцыю галоўнага фасада трохкутны атыкавы франтон. Над простакутным уваходным парталам размешчаны ляпныя геральдычныя выявы (карона ў абрамленні гірлянд). Шматгранная прызма асноўнага аб'ёма накрыта пакатым гранёным шатровым дахам, згібы моцных сцен прарэзаны арачнымі вокнамі з глыбокімі адхіламі. Зала-ратонда капліцы перакрыта плоскай столлю. У яе прастору арачным праёмам раскрываецца памяшканне хор, арганізаваных над уваходным нартэксам. Паверхня ўнутраных сцен крапавана канеліраванымі пілястрамі. Пад столлю па ўсяму перыметру залы працягнуты лёгкі пояс сухарыкаў. Захаваліся цыліндрычныя з распалубкамі скляпенні ў апсідзе і прытворы. Па баках лучковага дзвярнога праёма ў сцяну западаюць невялікія конхавыя нішы для скульптуры. Памяшканні прытвора і апсіды аб'яднаны з залай арачнымі прасветамі, што надае ўнутранай прасторы ўрачыстасць і завершанасць.

Парк меў пейзажна-рэгулярную планіровачную арганізацыю. Вялізны газон перад палацам, ахоплены прамымі алеямі (захаваліся фрагментарна), складаў яго парадную частку. Пейзажная зона займала тэрыторыю за домам.

ЛАГОЙСКАЯ СЯДЗІБА

Калісьці старажытнае мястэчка Лагойск абкружалі лясы са шматлікімі курганнымі могільнікамі і старажытнымі гарадзішчамі. Кронікі ўпамінаюць Лагойск пад 1104 г. у сувязі з расправай князя Ўладзіміра Манамаха з полацкім князем Усяславам. У братазабойчай вайне войскі князя Ўладзіміра захапілі гэта ўмацаванне. У 1128 г. Лагойск заваяваў полацкі князь Ізяслаў, узяў у палон усіх жыхароў. З той пары Лагойск пераходзіў да розных удзельных князёў і, нарэшце, дастаўся князю Скіргайлу як дарунак брата караля Ягайлы. У 1392 г. Лагойск належыць вялікаму князю Вітаўту, затым з'яўляецца каралеўскай маёмасцю. Кароль Казімір Ягелончык дарыць яго князю Аляксандру Чартарыйскаму. Пры князю Сямёну Чартарыйскім, камянецкім намесніку, у 1505 г. на Міншчыну напалі татарскія орды Махмеда Гірэя, якія захапілі і зруйнавалі драўляны, абнесены валам лагойскі замак. У 1508 г. Жыгімонт І Стары зноў пацвердзіў правы Чартарыйскіх на гэта ўладанне. Князь Сямён Чартарыйскі, страціўшы сыноў у час татарскай навалы, аддаў Лагойск у спадчыну сваім дочкам. У 1518 г. з Аляксандрай Чартарыйскай ажаніўся ваявода падляскі і маршалак каралеўскі Васіль Тышкевіч. Адкупіўшы ў 1525 г. рэшткі Лагойска ў сястры жонкі Сафіі, Васіль Тышкевіч стаў уладальнікам усёй Лагойшчыны, што і пацвердзіў сваім прывілеем ад 1528 г. кароль Жыгімонт I Стары. Васіль Тышкевіч на месцы спаленага татарамі ўмацавання паставіў новы замак і царкву. Лагойск - адзін з нямногіх беларускіх маёнткаў, які знаходзіўся ў руках 15 пакаленняў аднаго роду. Адзін з унукаў Васіля - вядомы вучоны Аляксандар Тышкевіч, прыняўшы ў Італіі каталіцызм, фундуе ў горадзе ў 1609 г. мураваны фарны касцёл, у якім ажыццяўлялася пахаванне лагойскай лініі роду Тышкевічаў. У 1706 г. шведы дашчэнту зруйнавалі новы лагойскі замак. На яго месцы ў канцы XVIII ст. Станіслаў Тышкевіч збудаваў касцёл і кляштар базыльян, зачыненыя ў 1834 г. і зруйнаваныя ў 1841 г.

Пій Тышкевіч (1756-1858), маршалак шляхты Барысаўскага павета, сябра Віленскай Археалагічнай камісіі, бацька вядомых калекцыянераў Канстанціна і Яўстафія, пабудаваў тут у 1815 г. новы вялізны ампірны палац. Будынак, узведзены на высокім паўпаверсе ў плане выцягнутага простакутніка, складаўся з трох частак: сярэдняга двухпавярховага пяцівосевага корпуса і двух бакавых рызалітаў, аб'яднаных у працяглую франтальную кампазіцыю чатырохвосевымі аднапавярховымі крыламі. Цэнтральная частка галоўнага фасада палаца была акцэнтавана шасцікалонным тасканскім порцікам. Яго калоны неслі магутны антаблемент з карнізам на дэнтыкулах і двух'ярусны атык. Фасады рытмічна чляніліся пілястрамі і простакутнымі вокнамі з сандрыкамі. Бакавыя крылы вылучаліся падвойнымі пілястрамі. Тыльны паркавы фасад адрозніваўся ад галоўнага толькі вырашэннем цэнтральнай часткі. У ёй выступаў не порцік, а трохвосевы паўкруглы эркер з шасцю калонамі ў прасценках і завяршальным атыкам з плаўнымі бакавымі выгінамі. Адсюль па сходах тэрасы спускаліся ў парк. Атынкаваныя і афарбаваныя фасады ахопліваў карніз на дэнтыкулах. Пандус служыў перад порцікам пад'ездам да будынка.

Палац быў вядомы сваёй багацейшай археалагічнай калекцыяй, размешчанай у двух вялізных залах. Паміж імі знаходзілася круглая ці авальная зала. У палацы мелася бібліятэка ў 10 000 тамоў, збор медалёў і манет (1140 экспанатаў), ваенныя рэліквіі. У галерэі жывапісу былі прадстаўлены карціны мастакоў Шымана Чаховіча, Францішка Смуглевіча, Яна Дамеля, Яна Рустэма і Аляксандра Арлоўскага. Збор замежных мастакоў уключаў творы 47 карцін Каналета, Дамініка Земпера, Ваўвермана, Саламена, І.Калота, а таксама шэраг фамільных партрэтаў.

Палац стаяў на невялікім узвышшы сярод пейзажнага парка плошчай 6,2 га, выцягнутага ўздоўж правага берага ракі Гайны. Праз парк працякаў невялікі ручай з мураваным арачным мастом. Перад ім пры ўездзе стаяў невялікі домік-вартоўня. Двор упрыгожваў газон, абкружаны стрыжаным самшытам. Дзякуючы высечанай сярод гушчару дрэў шырокай просецы, праглядвалася дальняя частка парка. Яшчэ больш цудоўны краявід адкрываўся з тыльнай тэрасы палаца. Адсюль віднеліся рака, сажалка і далей зарэчны гай. Над сажалкай стаяла зяленая альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу ліп. У дэндраскладзе панавалі ліпа звычайная і буйналістная, клён, ясень пенсільванскі. Палац перажыў першую, але загінуў у час другой сусветнай вайны. Захаваліся толькі фрагменты парку, замшэлыя падмуркі і рэшткі сцен галоўнага фасада палаца.

МАЛАШЧЫТНЕНСКАЯ СЯДЗІБА

Вёска Малыя Шчытнікі, што за 17 км на поўнач ад Берасця, вядома помнікам барочнай архітэктуры - касцёлам Сэрца Ісуса XVII ст. (з 1864 г. Пакроўская царква). Насупраць яго захаваўся падмурак і частка сцен шырокага мураванага сядзібнага дома. Аб старой сядзібе нагадваюць фрагменты парка і алеяў. Галоўная ўязная алея пераходзіла ў партэр перад домам. Насупраць дома ўзвышаецца касцёл. Стайня і іншыя гаспадарчыя будынкі з бутавай муроўкі стаялі адасоблена на адкрытай мясцовасці на захад ад панскага дома. З гэтага ж боку знаходзіўся вялізны пладовы сад. Асноўны паркавы масіў пейзажнай планіровачнай арганізацыі цягнуўся паўкругам за домам з цэнтральным адкрытым газонам і спускаўся да размешчанай ніжэй сажалкі.

Рэшткі сядзібнага дома, разбуранага, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, у 1961 г., дазваляюць уявіць яго архітэктуру і планіроўку. Будаўніцтва, верагодна, адносіцца да пачатку XX ст. (1905?), аб чым сведчыць неакласіцыстычны характар яго архітэктуры. Гэты двухпавярховы простакутны ў плане будынак з балконамі на бакавых рызалітах меў працяглы франтальны фасад. Асіметрычны ўваходны партал фланкіравалі паўкалоны. Па баках галоўнага фасада вылучаліся аднолькавыя рызаліты, а з тылу дома - шэраг простакутных у сячэнні слупоў. Цокаль будынка выкладзены з блокаў вапняку, сцены - з атынкаванай цэглы. Анфіладна размешчаныя пакоі дома «разбягаліся» па баках цэнтральнага вестыбюля і параднай залы. Пад будынкам захаваліся скляпеністыя падвалы гаспадарчага прызначэння з самастойным знешнім уваходам.

МАНЬКАВІЦКАЯ СЯДЗІБА

На мяжы XIX-XX стст., у перыяд архітэктурнай эклектыкі, рамантычная трактоўка сядзібы пад сярэдневякоўе ў шэрагу выпадкаў была звязана з глорыфікацыяй старажытнага роду вяльможы. Таму не мог не з'явіцца крыніцай натхнення і прадметам пераймання буйнейшы замак Радзівілаў у Нясвіжы. Нашчадкі Радзівілаў узвялі пад Столінам у маёнтку Манькавічы буйнамаштабную палацава-паркавую рэзідэнцыю «ў стылі Нясвіжскага замка». Гэту будаўнічую ідэю ажыццявіў у 1905 г. берлінскі дойлід Венцаль. Пасля разбурэнняў першай сусветнай вайны палац быў адноўлены ў 1922 г. архітэктарам Нагурскім. Аднак ліхалецце Другой сусветнай вайны знішчыла палац, толькі яго паркавае асяроддзе служыць сёння месцам адпачынку.

У архітэктуры будынка прасочваецца імкненне ўладароў Радзівілаў сцвердзіць сваё старажытнае паходжанне, рэпрэзентаваць яго сродкамі архітэктуры. У будынку без цяжкасцей угадваюцца формы і стыль Нясвіжскага замка. Асацыяцыі са старажытным магнацкім замкам выклікалі такія ж па форме высокая гранёная вежа-дамінанта з фігурным барочным купалам, парадная ўваходная арка, пластычныя мансардныя дахі пабудаваных «глаголем» карпусоў. Характэрная для мастацкай эпохі інтэрпрэтацыя інтэр'ера на модны «англійскі густ» (гатычны). Сярэдневяковую суровасць апартаментаў падкрэслівалі шматлікія паляўнічыя трафеі, якія ператваралі кабінеты ў своеасаблівую музейную экспазіцыю. Палац быў абкружаны пейзажным паркам, закладзеным у 1885 г. і аснашчаны фантанамі, землянымі валамі, фігуркамі сфінксаў і металічнай каванай уязной брамай. Манькавіцкі парк, як і архітэктура палаца, таксама меў стылёвае адзінства з нясвіжскай княжацкай рэзідэнцыяй. Аднак у адрозненне ад яе замка, упісанага ў штучна створанае ландшафтнае асяроддзе, Манькавіцкі палац надзвычай таленавіта спалучаецца з цудоўным прыродным ландшафтам, эпічным краявідам, які раскрываецца з высокага левага берага ракі Гарыні на зарэчныя бясконцыя пойменныя лугі.

МАСАЛЯНСКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Масаляны ў 5000 га (Бераставіцкі р-н Гарадзенскай вобл.) калісьці быў маёмасцю князёў Масальскіх, ад прозвішча якіх бярэ сваю назву сучасная вёска Масаляны. У першай палове XIX ст. ён належаў Юзафу Біспінгу. Дзве яго дачкі, якія не мелі дзяцей, каля 1850 г. перадалі родавы маёнтак свайму траюраднаму пляменніку Аляксандру Біспінгу разам з капіталам у 100 000 рублёў золатам. Род Біспінгаў паходзіў з Вестфаліі, дзе меў замак «Хаўс Біспінг», спалены ў 1651 г. У Вялікім Княстве Літоўскім яны абаснаваліся ў пачатку XVII ст. Фундатарам Масалянскай ардынацыі быў Юзаф Біспінг - палкоўнік войска княства Варшаўскага, вядомы сваім разгульным ладам жыцця і хвацкімі паляваннямі, нарадзіўшымі сярод мясцовага насельніцтва прымаўку «сабакі Біспінга заелі».

Першы ўладальнік масалянскага маёнтка Аляксандар Біспінг (нар. 1844) пасля паўстання 1863 г. памёр у Пецярбургу бяздзетным. Затым ардынацыю атрымаў у спадчыну яго старэйшы брат Ян (1842-1892), а за ім яго брат Юзаф Біспінг (1845-1897), сын якога Ян (1880-1940) быў апошнім уладальнікам масалянскага маёнтка.

Палац у стылі класіцызму пабудаваны па праекту дойліда Аляксандра Градзецкага. У архітэктуры помніка прысутнічалі элементы рэтраспектыўнай готыкі, якая ўваходзіла ў моду ў 1830-ыя гг. Аднапавярховы будынак складаўся з трох частак: простакутнага ў плане галоўнага корпуса і бакавых крылаў з карынфскай каланадай. Два перпендыкулярныя крылы стваралі тыльны курданёр. Франтальны фасад галоўнага сямівосевага корпуса меў у цэнтры паўкруглую каланаду. Восем гранёных слупоў, завершаных карынфскімі капітэлямі, падтрымлівалі гірляндавы фрыз з зубчатым парапетам. Над дахам каланады ўзнімалася невысокая шматгранная вежачка-бельведэр. Галоўны ўваход у выглядзе гатычнай стральчатай аркі размяшчаўся ў паўкруглым паглыбленні, аформленым калонамі. У выніку ўзнікла своеасаблівая ратонда. Простакутныя аконныя праёмы аздаблялі буйныя ліштвы. Галоўны фасад вянчаў прафіляваны карніз. На бакавых фасадах выступалі двухкалонныя порцікі, завершаныя зубчатымі атыкамі. Плоскі дах акаймляў парапет, па краях якога стаялі дзве мураваныя вазы. На восі паркавага фасада таксама змяшчаўся двухкалонны порцік. У адрозненне ад экстэр'ера інтэр'ер дома не падпарадкоўваўся жорсткай сіметрыі, парадныя памяшканні мелі анфіладную ўзаемасувязь. Пры ўваходзе быў абшырны вестыбюль, у глыбіні якога адчыняліся дзверы ў хатнюю капліцу. Левы бок ад вестыбюля займала зала-сталовая. Справа знаходзіўся вялізны салон, падзелены аркадай на дзве часткі з вокнамі на абодва бакі дома; за ім - гасціная. У тыльным радзе ішлі тры невялікія жылыя пакоі, спальня, службовы пакой, крэдэнс і бібліятэка, якая служыла адначасова кабінетам гаспадара. Тут жа захоўваўся і архіў Біспінга. Памяшканні мелі наборны паркет са светлага і чорнага дрэва. Вялікі салон упрыгожваў беламармуровы камін з хрустальным экранам у жалезнай раме з гербам Біспінгаў. З плафонаў звісалі хрустальныя люстры. Сцены салонаў былі ўвешаны карцінамі Юзафа Брандта, Генрыка Семірадскага, Юліюша і Войцаха Косакаў, Францішка Жмуркі і інш. У сталовай віселі фамільныя партрэты, у тым ліку фундатара Масалянскай ардынацыі Аляксандры Светхін і Юзэфы Войчанскай, Аляксандра і Юзафа Біспінгаў, Яна Біспінга і яго жонкі Евы Рудамін. Аднак гэтыя выявы ўсяго толькі копіі з арыгіналаў, змешчаных у Струбніцкай сядзібе.

Палац стаяў на ўзгорку сярод парка і галоўным фасадам быў звернуты да вялізнай сажалкі. За ім у атачэнні таполяў узвышалася неагатычная капліца з мармуровай мемарыяльнай табліцай, прысвечанай памяці Наталлі Біспінг Кіцкай. Паміж домам і сажалкай пралягала шырокая дубова-кляновая ўязная алея, якая даходзіла да брамы, складзенай з дзвюх высокіх калон, завершаных вазамі. Ад акруглага порціка адыходзіла вузкая сцежка, якая перасякала вялізны газон і падводзіла да сажалкі. Перад бакавымі крыламі дома знаходзіліся два рэгулярна спланаваныя сады, абмежаваныя жалезнай агароджай і стрыжанымі кустамі. Звонку агароджы па вуглах стаялі выбітыя з вапняку сфінксы. Дом абкружалі газоны з клумбамі, рабаткамі і нізкастрыжанымі кустовымі агароджамі. Асноўная частка парку цягнулася ад тылу дома ў паўднёва-заходнім кірунку і пачыналася доўгімі, прамянёвымі грабавымі алеямі. Адну з іх закончвала мураваная скульптура першага ўладальніка Масалян Аляксандра Біспінга. На сярэдзіне алеі, накіраванай ад ганка на поўнач, знаходзіўся масток праз сажалку, а за ім скульптура святога Яна Непамука. Каля дома раслі дрэвы розных парод: бяроза, сасна, каштан, елка. На ўскраіне парку стаялі гаспадарчыя будынкі, з якіх заслугоўвае ўвагі чатырохпакаёвы флігель у духе правінцыяльнай класічнай сядзібы з калонным ганкам.

МОЛАДАЎСКАЯ СЯДЗІБА

Гісторыя вёскі Моладава (Іванаўскі р-н Берасцейскай вобл.) непарыўна звязана з рэшткамі буйнога палацава-паркавага ансамбля, што захаваўся на паўднёвай ускраіне вясковай забудовы. Спрадвеку Моладава - радавое гняздо знакамітага беларускага роду Войнаў. Дачка апошняга з іх, маршалка пінскага Мацея Войны, Элеанора ў 1692 г. выйшла замуж за Казіміра Агінскага, і маёнтак перайшоў да новага славутага роду. У 1792 г. маёнтак за 468 000 злотых выкупіў маршалак берасцейскі і пінскі граф Шыман Скірмунт (1747-1835), пры якім у 1798 г. і ўзнікла гэта парадная рэзідэнцыя. Ансамбль быў спланаваны і збудаваны паводле праекта архітэктара Гроса ў стылі класіцызму. Пасля Шымана сядзіба перайшла да яго сына Аляксандра Скірмунта (1798-1870), які пабудаваў у Моладаве невялікі цукровы завод (згарэў у 1835 г.). З 1908 г. у сядзібе месцілася сельскагаспадарчая школа. Утульны архітэктурна-ландшафтны асяродак існаваў да 1939 г., калі быў зруйнаваны ў выніку ваенных дзеянняў: партызанскі атрад Г.Сіткаўца акружыў сядзібу графа Скірмунта, у якой знаходзілася вялікая група паліцэйскіх, асаднікаў і польскіх афіцэраў. Пасланага з ультыматумам аб здачы парламенцёра А.Дзямковіча абаронцы закатавалі. Маёнтак быў узяты штурмам, а яго ўладальнік - пасол польскага ўрада ў Англіі Р.Скірмунт - расстраляны. Гэтая ваенная акалічнасць, а потым 1943 г. загубілі і маўклівыя, звыклыя да чалавечай бойкі муры палаца, архітэктурныя формы якога былі закліканы ўвасабляць прынцыпы антычнай дэмакратыі.

Архітэктурна-паркавае атачэнне графскай рэзідэнцыі фармавалася вакол мураванага палаца. Яго аднапавярховы, працяглы па фронту будынак быў узняты на паўпадвальны паверх і ззяў белакаменнымі фасадамі, прыкрытымі ад непагадзі высокім гонтавым дахам. Тры класічныя, сіметрычна размешчаныя порцікі дарычнага ордэра стваралі палацавы выгляд будынка. Цэнтральны з іх урачыста і гасцінна запрашаў наведвальнікаў, якія па пакатых пандусах у конным экіпажы ці пешшу пад'язджалі да яго. Такая ж строгая і ўрачыстая архітэктурная класіка афармляла тыльны фасад. Яго бакавыя порцікі былі звернуты да пейзажнага паркавага асяроддзя з сістэмай сажалак, пратокаў, каналаў з маляўнічымі масткамі. Для стварэння на Палессі «антычных Афін» з архітэктурнай класікі старажытнасці было прыцягнута ўсё, на што аказаліся здольныя правінцыйны арыстакрат і мясцовыя муляры: расшыўка сцен гарызантальным рустам, завяршальны магутны антаблемент з фрызам з трыгліфаў і дэнтыкул, аздабленне высокіх вокнаў франтончыкамі і гірляндамі. Парадная бальная зала палаца гранёным рызалітам выходзіла ў парк, каб большай колькасцю вокнаў пашырыць яго агляд. Інтэр'ер упрыгожвалі фамільныя партрэты пэндзля славутага мастака В.Ваньковіча.

У 1908 г. перад уездам да сядзібы паводле праекта архітэктара Т.Раствароўскага пабудавана капліца, якая і зараз можа нагадаць аб архітэктурна-стылёвым абліччы самога палаца, таму што выканана ў яго архітэктурна-стылёвай класіцыстычнай трактоўцы. Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Па трох яго баках - тыя ж дарычныя порцікі, руставаныя сцены завершаны шырокім фрызам з ляпнымі гірляндамі. Франтоны порцікаў і ліштвы акон аздоблены арнаментальнай лепкай. У інтэр'еры сцены рытмічна раскрапаваны пілястрамі і завершаны карнізам, у дэкоры быў выкарыстаны белы і ружовы мармур. У алтары стаяла беламармуровая скульптура Хрыста, выкананая скульптарам Бродзкім.

МОСАРСКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Мосар (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.) перайшоў да віленскага земскага пісара Марціна Валовіча ад Крыштафа Зяновіча. Дачка жонкі Валовіча Ганны Пац (пам. 1649) аддала сядзібу як пасаг свайму мужу Пятру Карлу Далмат-Ісакоўскаму, лоўчаму Вялікага Княства Літоўскага. Іх дачка (нар. 1640) Сафія ў 1657 г. выйшла замуж за Віктара Канстанціна Млечку, старосту і генерала жмудскага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Канстанцыя, якая выйшла замуж за Ўладзіслава Бжастоўскага (1646-1710), кашталяна троцкага, і атрымала Мосар у пасаг. З той пары на працягу каля 200 гадоў Мосар належаў роду Бжастоўскіх. Толькі ў другой палове XIX ст. пасля шлюбу Н.Бжастоўскай з Эдмундам Пілсудскім два пакаленні Пілсудскіх валодалі Мосарам. Сын Эдварда - Калікст Пілсудскі стаў апошнім уладальнікам маёнтка. Сядзіба зруйнавана ў гады першай сусветнай вайны.

Пры Бжастоўскіх тут існавала сядзіба ці невялікі замак. Вядомай рэзідэнцыяй Мосар стаў у другой палове XVIII ст., пры ўладальніку Раберту Бжастоўскім (нар. 1748), полацкім кашталяну. Фундатары палаца ў 1775-1790 гг. Роберт і Ганна Бжастоўскія запрасілі для будаўніцтва італьянскіх дойлідаў. Двухпавярховы на высокім падмурку палац быў узведзены на плане выцягнутага простакутніка, накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. У адрозненне ад палацаў XVIII ст. будынак меў рэпрэзентацыйную парадную частку не на другім, а на першым паверсе, чаму адпавядала і форма вокнаў, высокіх унізе і значна меншых у завершы. Франтальныя фасады рытмічна крапаваліся канеліраванымі пілястрамі, якія неслі магутны гарызантальны пояс і прафіляваны карніз. У сярэдняй трохвосевай частцы галоўнага фасада выступаў высокі чатырохкалонны порцік, які падтрымліваў балкон, гладкі антаблемент і трохкутны франтон. Ідэнтычна трактаваўся і тыльны паркавы фасад, дзе порцік замяняла высокая тэраса са сходамі ў парк.

У адрозненне ад сціплага знешняга вобліку інтэр'еры дома ўражвалі багаццем дэкаратыўнага аздаблення, выкананага ў тэхніцы стука. У парадных апартаментах ганаровае месца займала каралеўская зала. Яе сцены і плафон пакрываў плотны слой гіпсавай арнаментыкі. Верхняя частка сцен, афарбаваная ў светла-блакітны колер, члянілася квадратнымі панелямі, якія ўключалі авальныя медальёны з выявамі ўсіх каралёў і каралеў Рэчы Паспалітай. Медальёны аб'ядноўваліся стылізаваным генеалагічным дрэвам. Простакутныя супрапорты запаўняліся батальнымі сцэнамі, а ўсю дэкаратыўную кампазіцыю завяршаў антычны фрыз. У кутку каралеўскай залы стаяла арыгінальная печ у выглядзе піраміды, падножжа якой складалі пяць шароў. У верхняй частцы печы ў медальёне, упрыгожаным булавой і перакрыжаванымі рэгаліямі, знаходзіўся барэльеф сімвала «Пагоні», а ў завершы - каралеўская карона. Побач з печчу са сцяной зліваўся барэльеф арла, які трымаў у кіпцюрах аліўкавую галінку. У зале меўся французскі класіцыстычны камін, над якім змяшчаўся бюст караля Станіслава Аўгуста. Прыгожым дэкорам быў надзелены плафон залы. Авальная рама з раслінным арнаментам і барэльефам арла займала цэнтр плафона. Па вуглах плафона з чатырох круглых медальёнаў звісалі люстры.

Бальная зала ацяплялася барочным камінам чорнага мармуру, над якім у простакутнай арнаментальнай раме з авалам намалявана антычная сцэна з дзвюма німфамі. Камін люстэркавай залы, трактаваны ў ампірным стылі, меў фрыз з фігурнымі сценкамі, а над карнізам аж да столі цягнуўся барэльеф з выявай Самсона. Простакутныя панелі залы запаўнялі люстры. Адзін пакой вылучаўся сваім дэкорам у модным у XVIII ст. кітайскім стылі: над мармуровым камінам плошчу, акантаваную простакутнай рамай, запаўняла стукавая кампазіцыя з мужчынам у будзійскай позе з перакрыжаванымі нагамі, абкружаным чатырма мужчынскімі фігурамі. Верагодна, гэта была выява Канфуцыя з вучнямі, аб чым нагадвала сентэнцыя філосафа на цокалі каміна:

«Le sage est
Son censeur
Le plus severe.
Il est son accu-sateur,
son te-moin et son juge.
Conf»*

* Мудрэц для сябе самы строгі крытык. Ён сам абвінаваўца, сведка і суддзя. Канфуцый.

Усе памяшканні ніжняга паверха мелі барочную стылёвую апрацоўку. У простакутных і авальных супрапортах змяшчаліся барэльефы батальных сцэн на гістарычныя і біблейскія тэмы. У арнаментальных кампазіцыях у гратэскных спляценнях аб'ядналіся элементы расліннага і жывёльнага свету. Невялікія нішы ўмяшчалі ўсялякія алегарычныя фігуры. У стылёвай трактоўцы шэрага апартаментаў другога паверха панаваў стыль класіцызму.

Палац абкружаў пейзажны парк, асноўным акцэнтам якога з'яўлялася дубовая алея. 24 лістапада 1918 г. палац згарэў. Заваліліся не толькі ўсе перакрыцці, але зніклі бясследна дэкарацыі, каміны, паркет. У міжваенны перыяд захоўваліся толькі рэшткі сцен з умураванай у сцяну фасада шыльдай, якая сведчыла аб тым, што Стэфан Баторый, калі ішоў на Пскоў, начаваў у гэтым доме. Побач з класіцыстычным палацам Бжастоўскіх існавала другая сядзіба ці невялікі замак, з якога і была знята мемарыяльная пліта і ўмуравана ў сцены новага палаца.

НЯСВІЖСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС

У сярэдзіне XVIII ст. пры знатных дварах Заходняй Эўропы распаўсюджваюцца загарадныя палацава-паркавыя рэзідэнцыі. Манерны і гуллівы стыль ракако замест пышнай параднасці і ўрачыстасці патрабаваў забаўнага пастаральнага асяроддзя. Гэта мода не абышла і радзівілаўскага гнязда ў Нясвіжы, уладальнік якога сачыў за моднымі эўрапейскімі павевамі. Замкавы парадна-рэпрэзентацыйны, некалькі суровы парк ужо быў няздольны задаволіць новую жыццёвую філасофію. І таму Караль Радзівіл - Пане Каханку загадвае непадалёку ад замка высячы аграмадны - у 300 га лес і на яго месцы стварыць пацяшальны палацава-паркавы ансамбль. На ўскраіне таго ж леса яшчэ ў 1585 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка меў летнюю сядзібу Альба.

Рэалізацыя дзівацкай задумы Радзівіла ажыццяўляецца з 1740-ых па 1780-ыя гг. пры ўдзеле дойлідаў Лявона Лутніцкага і Карла Спампані. Імі ствараецца ідылічная вёска, абкружаная пейзажна-рэгулярным паркам з геаметрычнай сеткай алей, стрыжаных шпалер, раскрытых ландшафтаў. Парк налічваў шэраг альтанак-мілавідаў, аранжарэю, цяпліцу і нават персіярню - фабрыку па вытворчасці персідскіх паясоў. На аснове ракі Ўшы фармуецца складаная сістэма сажалак і каналаў з белакаменнымі набярэжнымі, шлюзамі, плацінамі, млынамі.

Уздоўж каналаў будуецца 180 аднатыпных драўляных, крытых саломай «хатак» - імітацыя сялянскіх сядзіб з усім наборам надворных пабудоў. Кожная «хатка» з'яўлялася гасцініцай, таму што два з чатырох пакояў прызначаліся для гасцей, якія ў мностве наязжалі да князя. На падвор'і знаходзіліся вазоўня-карэтная, стайня, хлеў, цялятнік, лазня, альтанка. Усе «гаспадаркі» абнесены драўляным плотам з брамай, дэкарыраванай выявай звера ці птушкі. Насупраць кожнай сядзібы ставілася галубятня на слупе і вальер для экзатычных птушак. З тылу меўся агарод. Вялізны дом у цэнтры ансамбля займаў сам Пане Каханку. З гармат, якія размяшчаліся на яго двары, салютавалі ў дні святкаванняў. У каплічцы пры сядзібе ўладальніка кожную раніцу ў 7 гадзін служылася імша. Як і належыць сталай вёсцы, сярод забудовы насупраць дома войта ўзносіўся драўляны Троіцкі касцёл-пахавальня, ззяючы медным дахам і трыма пазалочанымі купаламі. Інтэр'ер святыні аздабляў мастацкі роспіс і дванаццаць скульптурных алтароў.

Асаблівую цікавасць уяўляла вялікая альтанка за галоўным каналам. Яна прызначалася для прыёму ганаровых гасцей. Гэта амаль першая ў гісторыі архітэктуры Беларусі эклектычная пабудова. Калі з трох бакоў успыхваў феерверк і загасаў над альтанкай, яна свяцілася ўсімі сваімі агнямі, набываючы чарадзейны выгляд. У час феерверку войт Альбы запрашаў усіх гасцей да катання на лодках - менавіта на вадзе ілюмінацыі ўспрымаліся найбольш эфектна і маляўніча.

Дзівацтва ў магнацкай рэзідэнцыі даводзіліся да абсурда: па паданню, у Альбу ад замка летам ехалі на санях па насыпанай цукрам дарозе. Па вадаёмах і каналах манеўрыравала своеасаблівая партатыўная флатылія, якую абслугоўвалі курсанты мясцовай мараходнай школы. З іх удзелам праводзіліся імправізаваныя ваенныя баталіі і марскія баі, якія суправаджаліся эфектнымі выбухамі.

Галантнае і напышлівае XVIII ст. патрабавала тэатральнасці ва ўсім, нават у арганізацыі паркавага асяроддзя. Любое мастацкае дзеянне з палацавых залаў пераносіцца на прыроду. Альбінская рэзідэнцыя таксама вядома сваім бурлівым тэатральным жыццём. На паркавых поплаўках сярод стрыжаных шпалер разыгрываліся пастаральныя п'есы, напісаныя жонкай уладальніка замка Ўршуляй Францішкай Радзівіл - адной з самых адукаваных жанчын свайго часу. Прэм'ера п'есы «Дасціпнае каханне» адбылася 13 чэрвеня 1746 г. Пад адкрытым небам ставіліся дэкарацыі, для ганаровых гледачоў і духавенства выносіліся канапы. Дробная шляхта і афіцэры гарнізона глядзелі пастаноўку стоячы. Першымі акцёрамі з'яўляліся прыдворныя і дзеці княжацкай сям'і, прыгонныя музыкі, танцмайстар Шрэтэр і нейкая «Панна Катажына» - негрыцянка. Пасля спектакля ганаровыя гледачы запрашаліся на вячэру ў «жоўтую» залу альбінскага палаца. Гравюры Жукоўскага да альбінскіх пастановак даюць нам пэўнае ўяўленне і аб парку, яго краявідах і будынках.

Набор дваранскіх забаў таго часу абавязкова ўключаў княжацкае паляванне. З гэтай мэтай ў парку быў створаны аграмадны звярынец, маштабы якога ўражліваюць і сёння: 35 пар ланяў, 65 пар аленяў, 48 пар зуброў, 70 пар серн, 32 пары венгерскіх коз, 60 пар ласёў. Меліся нават насарогі! Птушкі трымаліся ў спецыяльнай журавельні, тут існавалі вальер, кральчатнік, фазанарый. Сажалкі насяляліся разнастайнымі відамі рыб.

Экзатычныя альбінскія «хаткі» Караль Радзівіл засяляў сваёй збяднелай раднёй і сябрамі, якія на час ператвараліся ў сялян-альбанчыкаў. Дзеля забавы яны апраналіся ў бутафорскі дэкаратыўна-тэатральны рэквізіт у выглядзе блакітнага жупана, падпаясанага карамзінавым поясам, і жоўтага кунтуша. Уся гэтая тэатралізаваная грамада ўзначальвалася войтам, у якасці якога выступаў сам Караль Радзівіл.

Тут, у альбінскай рэзідэнцыі, гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Асобы, якія яго суправаджалі, размяшчаліся ў каляровых палатках-шатрах. А ў гонар аб гэтай падзеі быў адчаканены спецыяльны медаль у колькасці 1000 штук.

Цудоўны, выключна арыгінальны, архітэктурна-паркавы ансамбль у Альбе загінуў у 1812 г.

ПАНЯМОНЬСКАЯ СЯДЗІБА

На ўсходняй ускраіне Горадні, на высокім правым беразе Нёмана захаваліся рэшткі маляўнічай старажытнай сядзібы, якая з'ўлялася загараднай рэзідэнцыяй караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тут, у любімым месцы загарадных прагулак караля, разам з Рэпніным і Валконскім абмяркоўваўся лёс Рэчы Паспалітай. Потым сядзіба перайшла ва ўласнасць Страінскага, князёў Друцкіх-Любецкіх, затым належала гарадзенскаму павятоваму маршалку Ляхніцкаму. Сядзібна-паркавы ансамбль, створаны ў 1771 г. паводле праекта архітэктара Ю.Аляхновіча, дабудоўваўся ў XIX ст.

Панямоньскі сядзібна-паркавы ансамбль узведзены на высокім берагавым плато, абмежаваным з паўднёвага боку ракой, а з усходняга і паўночнага - глыбокім ярам. Сядзібны дом і раскрыты перад ім партэр размяшчаліся ў глыбіні пейзажнага парку, каля абрывістага берага, які ўмацоўвалі шэраг тэрас і падпорныя сценкі. Каля ўезда стаяла капліца ў рэтраспектыўна-гатычным стылі, пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. З заходняга боку панскага дома знаходзіліся ўсе гаспадарчыя і службовыя будынкі.

Сядзібны дом (значна разбураны і амаль поўнасцю перабудаваны) уяўляў сабой характэрны для апошняй стадыі архітэктуры барока мураваны аднапавярховы будынак з плаўнымі вуглавымі алькежамі. Сцены мелі дэкаратыўную апрацоўку: вытанчаная і складаная прафіліроўка карнізаў і абрамленняў, крапоўка падвойнымі пілястрамі з ажурнымі капітэлямі, гарызантальная рустоўка. Галоўны і дваравы фасады атрымалі ў XIX ст. асіметрычна пастаўленыя высокія чатырохкалонныя порцікі. Перапад рэльефу з тыльнага боку будынка забяспечыў адкрыццё цокальнага паверха. Яго скляпеністыя памяшканні прызначаліся на гаспадарчыя мэты і непасрэдна звязваліся з памяшканнямі першага паверха. Планіроўка дома мела характэрную для барока анфіладу з выхадам у цэнтральную парадную залу. Будынак з'яўляўся помнікам архітэктуры позняга барока, а ў парку ўвасобіліся рысы пейзажнага стылю.

Ад сядзібы захавалася капліца. На галоўным фасадзе простакутнага ў плане збудавання ўзвышаецца шатровая васьмігранная званіца. Уваход вырашаны вялікім стральчатым парталам, бакавыя фасады чляняцца такой жа формы вокнамі.

РУЖАНСКІ ПАЛАЦ

Адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII-XVIII стст. з'яўлялася магнацкая рэзідэнцыя ў Ружанах (Пружанскі р-н Берасцейскай вобл.), рэшткі якой бачны на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага гарадскога пасёлка і быццам лунаюць над яго забудовай. Ружанамі валодалі Сапегі - багацейшыя на Рэчы Паспалітай магнаты. У 1598 г. Барташ Брухальскі прадаў канцлеру Льву Сапегу свой маёнтак Ружаны, а той у пачатку XVII ст. узвёў палац і ўжо ў 1617 г. ушаноўваў у ім каралевіча Ўладзіслава. У 1644 г. Уладзіслаў IV зноў гасцяваў у Казіміра Льва Сапегі. У гонар гэтай падзеі ў сцяне адной з залаў была ўмуравана памятная пліта. У час Паўночнай вайны тут захоўваліся рэліквіі святога Казіміра з Віленскага катэдральнага касцёла; з'явілася яшчэ адна мемарыяльная пліта.

Палац пацярпеў ад шведаў, знішчаўся войскамі канфедэратаў у 1698 г., якія разбурылі гняздо нігілістычнага магната, не прызнаўшага ўлады ні караля Рэчы Паспалітай, ні расейскіх цароў, ні мясцовай шляхты. Аднак багатыя ўладальнікі за некалькі дзесяцігоддзяў першай паловы XVIII ст. аднавілі палац. У 1784 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега ўжо прымаў у ім прыбыўшага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з той жа раскошай, што і продкі. Аднак у 1786 г. па іроніі лёсу манументальна-рэпрэзентацыйны палацавы ансамбль выкарыстоўваецца пад суконную фабрыку. Аляксандар Сапега пад уплывам факта падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду жыдоўскаму прадпрымальніку Пінасу. Але разгорнутая там ткацкая вытворчасць праз 30 гадоў занепадае і ператвараецца ў сціплую прадзільню воўны. Палацавы комплекс згарэў у 1914 г., часткова рэстаўрыраваны ў 1930 г., у 1944 г. разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Захаваліся рэшткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная брама і флігелі па яе баках. І зараз фрагменты аграмаднага палацавага ансамбля выклікаюць незабыўнае ўражанне, горда і велічна ўзнімаюцца над паселішчам, якое распасціраецца каля падножжа палацавага дзядзінца.

Першапачаткова палац меў абарончы характар - двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках - жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на друтім - бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне.

У 1784-1788 гг. прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Аб стылі архітэктуры палаца ў мастацтвазнаўцаў існуюць розныя меркаванні. Вядомыя расейскія гісторыкі мастацтва Лукомскія памылкова характарызуюць яго як ампірны, польскія даследнікі - як будынак «у французскім гусце». Разам з тым, верагодна, што архітэктура палаца з'явілася натуральным і аб'ектыўным сімбіёзам адыходзячага барока і класіцызму, які нараджаўся. Больш таго, у элементах субархітэктуры і ў дэкоры сустракаюцца элементы стылю ракако (картушы, ракайлі-завіткі, люкарны даху, руставаныя лапаткі, вазы і інш.). Дзве вежы старажытнага палаца былі разабраны, а заходняя ўключана ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па вуглах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.

Унутры будынак меў люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне апартаментаў. Да памяшканняў «першага парадка» адносіліся квадратная бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца.

Зала і вестыбюль асвятляліся двума ярусамі вокнаў. Месца размяшчэння парадных памяшканняў на другім паверсе абумовіла падзел фасадаў на цокальны, парадны і верхні паўпаверх, аб'яднаных агульным ордэрам. У палацы меліся археалагічны кабінет-музей і аграмадная бібліятэка са сваім уласным экслібрысам, выкананым мастаком Францішкам Бальцэвічам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэта інтэлектуальнае багацце засталося ў суседнім палацы Сапегаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.). Пісьменнік Ю.Нямцэвіч у 1814 г. знайшоў у адным з пакояў палаца толькі вартыя жалю рэшткі бібліятэкі. Яна разам з архівам у 1832 г. была канфіскавана расейскім урадам і перавезена да Горадні, а ў 1858 г. перададзена ў Віленскую археалагічную камісію. Адзін з пакояў дома выконваў ролю дамавой капліцы.

Адначасова з перабудовай цэнтральнага будынка фармуецца вялікі палацавы ансамбль з некалькіх, сіметрычна згрупаваных вакол параднага замкнутага двара карпусоў з уключэннем у яго рэгулярнага парка, сада, аранжарэі. Працяглыя, простакутныя ў плане двухпавярховыя бакавыя карпусы размяшчаліся перпендыкулярна да палаца і аб'ядноўваліся з ім паўцыркульнымі, шырока разгорнутымі аркадамі. Спараныя тасканскія калоны перакрывалі дубовыя бэлькі сегментнага малюнка, на якіх цягнуўся фрыз з дарычнымі трыгліфамі. Выкананыя з дуба кранштэйны таксама неслі завяршальны карніз. Ва ўпрыгожанні фасадаў палацавых будынкаў выкарыстоўваліся руставаныя пілястры, гірлянды, скульптура, разнастайнае пластыка-арнаментальнае абрамленне.

Усходні корпус, падзелены параднай лесвіцай на дзве роўныя часткі, складаўся з тэатра і манежа. Тэатр лічыўся адным з буйнейшых у Беларусі, у яго архітэктуры сумяшчаліся рысы італьянскай сцэны і новыя павевы французскіх дойлідаў XVIII ст. У 1784 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў гледачом балета «Літасцівасць Ціта», пастаўленага балетмайстрам М.Прэнчынскім, і музычнай камедыі Маліне «Чарадзейнае дрэва». Запраектаваная ў тэатры глыбокая сцэна з сямю планамі куліс дазваляла тройчы змяняць афармленне ў час спектакля. Да сцэны далучаліся невялікія гардэробы-артыстычныя. Падковападобная ў плане двух'ярусная зала змяшчала ў першым ярусе 14 ізаляваных ложаў, у другім - 15 з каралеўскай ложай у цэнтры. Архітэктурны дэкор залы меў рысы ранняга класіцызму: ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. Тут магнаты ўчынялі святкаванні каралям Рэчы Паспалітай, ушаноўваючы іх з неапісальнай раскошай. І асноўным элементам гэтых святкаванняў з'яўлялася прыдворная тэатральная трупа Сапегаў, складзеная з выхаванцаў прыватнай школы прыгонных акцёраў. У рэпертуар тэатра ўваходзілі французскія і польскія сцэнічныя творы.

Заходні корпус прызначаўся для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзведзена ўязная брама ў выглядзе трохпралётнай трыумфальнай аркі з разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дуба, антычнымі скульптурнымі барэльефамі, рустоўрай. Браму фланкіравалі два двухпавярховыя службовыя флігелі, фармуючы франтальна разгорнутую кампазіцыю параднага ўезда. Трыумфальная брама з'яўлялася вартым пачаткам рэпрэзентацыйнага палацавага комплексу. Уваходзячы ў арку, першапачаткова бачылася толькі цэнтральная, найбольш пластычная частка палаца з порцікам, а пасля прахода праз яе палацавы комплекс раскрываўся ва ўсёй сваёй прыгажосці. Двухпілонныя ўезды меліся і паміж флігелямі і бакавымі карпусамі палаца.

Я.Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 г. парк фактычна перастаў існаваць.

СТАРАПЕСКАЎСКАЯ СЯДЗІБА

Вёска Пескі вядома з XVI ст., калі Аляксандар Ягелончык перадаў яе Дзмітрыю Кіяніну. Яго нашчадак Пётр пакінуў уладанне сваёй дачцэ Сухадольскай. Затым сядзіба дастаецца яе дочкам Сыруцавай, Рагінскай і Альшэўскай. Дачка Сыруцавай Барбара выйшла замуж за Якуба Пуслоўскага, які з часам выкупіў долю Песак у Рагінскай. А бяздзетны Альшэўскі сваю частку маёнтка запісаў за Барбарай. Так усё ўладанне апынулася ў руках графаў Пуслоўскіх і належала ім аж да 1939 г. Казімір Міхаіл Пуслоўскі становіцца заснавальнікам выдатнай сядзібнай рэзідэнцыі. Сын Казіміра - Францішак Пуслоўскі, камергер караля Станіслава Аўгуста, таксама з'яўляўся фундатарам палаца, які згарэў у 1843 г. У 1819 г. маёнтак наведваў вядомы пісьменнік Ю.Нямцэвіч, які пакінуў аб ім успаміны. З 1950 па 1956 г. у сядзібе існавала школа брыгадзіраў, потым да 1982 г. - бальніца, з 1982 г. - турбаза працоўнага лагера Белазёрскай школы № 2.

Вялізная сядзіба размяшчалася на ўскраіне вёскі Старыя Пескі (Бярозаўскі р-н Берасцейскай вобл.), на маляўнічым беразе возера Чорнага. Малюнак Н.Орды 1865 г. перадае выгляд сядзібы з боку возера: двухпавярховы палац, флігель, вятрак, брама. Мураваны палац, цэнтрычна-крыжовы ў плане, з паўсферычным купалам і ліхтаром, трактаваны па тыпу рэнесанснай Вілы-Ратонды каля Вічэнцы ў Італіі, - твор дойліда А.Паладыа 1551-1567 гг. На галоўным фасадзе будынка выступаў чатырохкалонны порцік. Высокія простакутныя вокны першага паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні. На гэта ўказваюць і круглыя люкарны «другога святла» - элементы рэпрэзентацыйных памяшканняў. З тыльнага боку да палаца далучалася працяглая аднапавярховая аранжарэя, якая атрымала назву «Павільён руж». Па перыметры павільёна праходзіў шырокі фрыз з выявай харавода грэчанак-танцорак. Пасля 1863 г., калі ў будынку захоўвалася культавае начынне з зачыненага касцёла ў вёсцы Альшэва, фрыз быў збіты. Перад палацам сіметрычна стаялі два драўляныя аднапавярховыя флігелі з порцікамі-ганкамі на франтальных фасадах (захаваўся левы, прызначаны пад стайню). Гэтыя пабудовы стваралі парадны двор з круглым газонам і ўязной брамай у замкава-гатычным стылі сярэдзіны XIX ст.

Рамантычную афарбоўку архітэктурна-паркаваму ансамблю надавала галоўная ўязная брама з боку вёскі Пескі, таксама трактаваная ў замкава-гатычным стылі. Яна ўяўляе сабой дзве круглыя вежы з зубчастым завершам, паміж якімі зроблены шырокі стральчаты арачны праезд з імітацыяй рашоткі-герсы, узнятай ланцугамі. Па баках да брамы прыстаўлены нізкія вартоўні. У дэкоры будынка выкарыстаны аркатурныя паясы, геаметрычны фрыз, вузкія вокны-шчыліны, крыжы. Элемент асіметрыі ў забудову палацава-паркавага ансамбля ўносіла вежа-вятрак з левага вугла двара. За флігелем захаваўся мураваны бровар.

Будынкі сядзібы абкружаў высаджаны на мяжы XVIII-XIX стст. пейзажны парк, які спускаўся з пагорка да возера. Яго перакрыжоўвалі дзве сажалкі і каналы з бутавымі масткамі. На штучным востраве сярод сажалкі стаяла альтанка. Парадны двор і службова-гаспадарчая зона займалі найбольш прыўзнятую паўночную частку парку. У канцы ўязной алеі сярод сасновых пасадак размяшчалася мемарыяльная зона з капліцай і пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка. Ад парку засталіся адзіныя дрэвы клёна серабрыстага, дуба чырвонага, ясеня пенсільванскага, а таксама цудоўная «зялёная альтанка» ў выглядзе высаджаных па кругу дрэў граба і дуба. Раней тут раслі дуб чарэшчаты і пірамідальны, сасна веймутава і інш. З заходняга боку парку цягнуўся пладовы сад, адмежаваны лінейнай пасадкай лістоўніцы, граба, вяза, вольхі.

У 1990 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі гэтай старажытнай графскай сядзібы.

ТУГАНАВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Туганавіцкая сядзіба знаходзілася ў маляўнічай мясцовасці на ўзгоркавым левым беразе ракі Сэрвач, за кіламетр ад вёскі Карчова (Баранавіцкі р-н Берасцейскай вобл.). З XVII ст. і да сярэдзіны XIX ст. маёнтак належаў памешчыкам Верашчакам, потым Туганоўскім. У 1815-1820 гг. тут, у свайго сябра па Наваградскай дамініканскай школе Міхаіла Верашчакі, у час летніх вакацый гасцяваў будучы славуты паэт Адам Міцкевіч. Тут жа ён пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай - першым вялікім і няшчасным сваім каханнем, якое пранёс праз усё жыццё і творчасць.

Як адзначаў яго сябра Тамаш Зан, каханне прайшло па яго душы, як пажар па лесе. Маёнтак Туганавічы апісаны Міцкевічам у вядомай паэме «Пан Тадэвуш»:

«Сярод такіх палёў, прыбраных спелым збожжам,
На беразе ракі, у беразняку прыгожым
Стаяў калісь шляхецкі двор зусім звычайны,
Яшчэ здалёк бялелі сцены ў сонца ззянні.
На фоне тапалёў, пасаджаных уздоўж сада,
Што баранілі дом ад бур і снегапада...»

З Туганавіч паходзяць некаторыя прататыпы вобразаў іншых твораў паэта. Напрыклад, князь Туган з'яўляецца героем балады «Свіцязь». У названай жа паэме «Пан Тадэвуш» паказаны 80-гадовы «цівун» Андрэй, які служыў у Верашчакаў і расказваў паэту аб жыцці-быцці беларускай шляхты. Знаходзячыся за мяжой, паэт з цеплынёй успамінаў аб Наваградку і Туганавічах: «Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Гэтулькі там радасці, любасці, чалавечага бясконцага шчасця... Такога жыцця шчодра ўжыў я паміж 1815-1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана і іншых я праводзіў вакацыі». З Лазаны ён пісаў: «... і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». Частымі гасцямі гаспадароў сядзібы былі паэт-рамантык Тамаш Зан, будучы фалькларыст Ян Чачот, Ігнат Дамейка. Тут Міцкевіч сустракаўся з графам У.Путкамерам - прагрэсіўным дзеячам таго часу. З сядзібай звязаны некаторыя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гт. Уладальнік маёнтка Кастусь Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з К.Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай дзейнасці. У сядзібе працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў цэнтр паўстання Мілавіды ля Баранавіч. Сядзіба знішчана ў першую сусветную вайну.

Выгляд маёнтка вядомы па акварэлях У.Дмахоўскага (1861) і Н.Орды (1876), а таксама па фотаздымках Яна Булгака, Т.Барэцці і К.Карповіча (пачатак XX ст.). Гэта сціплая шляхецкая сядзіба з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Жылы дом («мураванка»), ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў простакутныя панелі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. Пазней да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны простакутны ў плане аднанавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохкутным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім.

Сядзібныя будынкі хаваліся ў пейзажным англійскім парку плошчай каля 8 га, ад якога засталіся асобныя групы старых дрэў. Аднак парадзелы парк і сёння захоўвае прыгажосць і велічнасць, гістарычна-патрыярхальную аўру. Да жылых будынкаў з боку вёскі Карчова вяла шырокая ўязная таполевая алея. Паркавы масіў у асноўным складаўся з маляўніча арганізаваных пасадак ясеня, граба, клёна, каштана, вярбы, дуба, ліпы, елкі. Асаблівую цікавасць уяўляла «альтанка Міцкевіча» ў выглядзе высаджаных па кругу стогадовых раскідзістых ліп. «Калыскай кахання» называў паэт альтанку з шасці аграмадных ліп. На зялёным партэры перад домам і флігелем імкнуліся ўвышыню пірамідальныя таполі. На поўдні парку знаходзіўся пладовы сад з ліпавымі шпалерамі па перыметры. У паўднёва-ўсходняй частцы мелася дзве сажалкі. На адным з узгоркаў узвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка. Гэты кампактны простакутны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе - чатырохкалонныя «падчэні» і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы адзначае толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-ых гг. капліца пераасвячона на Крыжаўзвіжанскую царкву.

На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. Непадалёку ад парка ў глыбокім яры ляжыць валун - «камень філарэтаў» (сяброў дабрачыннасці), ля якога збіраліся ўдзельнікі віленскага студэнцкага тайнага таварыства патрыятычна настроенай моладзі. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак з дахам, схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы. У 1931 г. парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад ахову дзяржавы; праведзены работы па яго ўпарадкаванню, высаджаны елкі, створаны брама і агароджа, пастаўлена памятная калона ля «альтанкі Міцкевіча».

УХВІШЧАНСКАЯ СЯДЗІБА

З сярэдзіны XVII ст. маёнтак Ухвішча (Полацкі р-н Віцебскай вобл.) належаў роду Кубіцкіх, першым вядомым грамадскім дзеячам якога быў полацкі пасол Пётр Кубіцкі (1667). У сярэдзіне XIX ст. сядзібу набыў Мацей Любенскі (1818-1856), потым яна перайшла ў спадчыну да сына Аркадзя, які памёр бяздзетным каля 1883 г. Ухвішча застаецца ў валоданні яго сясцёр, з якіх Леанціна (1846-1939) з'яўлялася да канца першай сусветнай вайны апошняй уладальніцай маёнтка плошчай у 7000 дзесяцін.

Ухвішчанская сядзіба, пабудаваная ў пачатку XIX ст., - твор архітэктуры класіцызму. Помнік знішчаны ад маланкі ў міжваенны перыяд. Простакутны ў плане драўляны дом стаяў на высокім падмурку пад высокім вальмавым гонтавым дахам з парамі лучковых люкарн. Па баках галоўнага фасада памяшчаліся два мураваныя чатырохкалонныя порцікі з трохкутнымі франтонамі, белізна якіх кантрасна вылучалася на фоне шэрай шалёўкі сцен. Белізной эфектна падкрэсліваліся і ліштвы простакутных вокнаў і дзвярэй, а таксама шырокі падваконны пояс. Уваход цераз правы порцік вёў у службовую палову дома, цераз левы - у жылыя і парадныя памяшканні. На тыльным фасадзе выступала невялікая тэраса. У другой палове XIX ст. да левага тарца дома прыбудавана кухня.

Планіроўка дома была анфіладнай двухраднай. Сярэдзіну франтальнага рада займала вялізная бальная зала ў тры акны. Такую ж велічыню меў далучаны да бальнай залы з паркавага боку салон з двума вокнамі і шклянымі дзвярамі, якія вялі на тэрасу. Невялікі квадратны пакой злева ад бальнай залы служыў бібліятэкай, справа - сталовай. Далей па левым баку ад залы размяшчаўся двухаконны пакой, названы «партрэтнай», па правым - квадратны жылы пакой. Правае крыло дома заканчвалася чатырма малымі гасцінымі, левае - крэдэнсам, канцылярыяй і службовым пакоем. Парадныя апартаменты аднолькава апрацаваны: гладкія сцены і столь, паркетная ўзорыстая падлога, кафляныя печы і каміны, хрустальныя люстры. Абсталяванне інтэр'ераў уключала разнастылевую мэблю, люстры на кансолях у багатых разных рамах барочнага стылю. Сядзібны дом упрыгожвалі мноства твораў мастацтва: у «партрэтнай» вісела 10 партрэтаў роду Любенскіх, меліся дзве кітайскія вазы і фарфор XVIII ст., сеўрскія фарфоравыя сервізы, калекцыя зброі, бібліятэка ў 2000 тамоў.

Англійскі парк аб'яднаўся з садам і займаў плошчу каля 10 га. Маляўнічасць яму надаваў хвалісты рэльеф мясцовасці і атачэнне азёраў, да аднаго з якіх парк спускаўся палогім схілам. Праз парк прабягаў ручай з двума масткамі на прагулачных маршрутах. Скрыжаванні алей акцэнтаваліся клумбамі і рабаткамі. На адной з клумб стаяла беламармуровая скульптура багіні Флоры. У парку дзейнічаў фантан. З боку гасцінца і возера ішла жывая агароджа са стрыжаных елак і ліп. Перад домам цягнуўся газон з круглай клумбай і векавым дубам у цэнтры, таксама абкружанай стрыжанымі елкамі.

Справа ад дома месца займаў гасціны флігель, злева - свіран. За імі ў два рады размяшчаліся гаспадарчыя будынкі: стайня, абора, вазоўня і стадола. Брамы з чырвонай цэглы трактаваліся ў стылі рэтраспектыўнай готыкі, афармлялі ўезд у сядзібу. Некалькі відавых кропак парку былі разлічаны на ўспрыняцце касцёла таго ж стылю, пабудаванага ў сярэдзіне XIX ст. Па ідэі фундатара ён мусіў асацыявацца з касцёлам святой Ганны ў Вільні. Выкладзены з чырвонай цэглы аднанефавы аднавежавы храм меў элементы дэкора белага колеру. У галоўным алтары вісеў абраз святога Тадэвуша, а ў склепе знаходзіліся пахаванні роду ўладальнікаў. Помнік з белага мармуру быў прысвечаны памяці Адэліі Сялявы, а з чорнага - Эльвіры Мікульскай - дачкі Аркадзя Любенскага. Касцёл знішчаны ў гады апошняй сусветнай вайны.

ХАДАСЕВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Сядзіба Хадасевічы (першапачатковая назва Юнцэвічы, Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) размяшчалася ўздоўж левага берага Дняпра і належала старажытнаму роду Хадасевічаў. Фамільная версія звязвае заснаванне роду з князем Іванам Данілавічам з Рурыкаў па прозвішчы Ходас. Аднак Літоўская Метрыка 1528 г. родапачынальнікам Хадасевічаў лічыць менскага памешчыка і ўладальніка вёсак Уланы і Юнцэвічы Ермалая Касінскага (1480-1530), сына Ходаса (1416). Атрымаўшы ў спадчыну Юнцэвічы, Іван Касінскі перадаў вёску сыну Крыштофу (1590), а потым унуку Бенядзікту (1608), ротмістру войска Пятра Сапегі. У 1664 г. па невядомых абставінах Юнцэвічы выпалі з рук Хадасевічаў і вярнуліся да іх толькі ў 1780 г. як пасаг Бальбіны Залескай, замужняй за Юзафам Хадасевічам. Апошні завяшчаў гэты маёнтак свайму сыну Тэафілу (1789-1861), які прысвяціў большую частку жыцця сельскагаспадарчай навуцы. За ўдзел у паўстанні 1863 г. сына Тэафіла Хадасевіча Яна (1831-1884) царскія ўлады канфіскоўваюць сядзібу, а ўладальніка на 20 гадоў ссылаюць у Сібір. У 1883 г. Ян Хадасевіч вяртаецца ў Беларусь і адваёўвае права на сваю маёмасць плошчай у 8000 га. Апошнім гаспадаром маёнтка становіцца яго сын Адольф (1861-1936).

Сядзібу пабудаваў ротмістр каралеўскага войска Юзаф Хадасевіч у 1780-1784 гг. Сядзібны дом уяўляў адносна невялікі аднапавярховы мураваны будынак на падвальным цокалі, пад вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаўся ўзнятым на ганак чатырохкалонным порцікам. У 1850-ых гг. сціплы дом значна пашыраецца за кошт надбудовы ў сярэдняй частцы тыльнага фасада нізкай мансарды з трохкутным франтонам і гербавым картушам у завершы. Па краях дабаўляюцца кароткія крылы, таксама завершаныя трохкутнымі франтонамі. Уздоўж тыльнага фасада ўстройваецца тэраса. Відавочна, у гэты час змяняецца і выгляд порціка, калоны якога павялічыліся дзякуючы высокім дыспрапарцыянальным капітэлям, стылізаваным пад іанічны ордэр. Яго трохкутны франтон таксама атрымаў некананічную спрошчаную дробную форму. Адначасова да правага тарца дома дадаецца чатырохвосевае аднапавярховае крыло, падведзенае пад агульны дах. Дэкор плоскасных фасадаў абмяжоўваўся ліштвамі з сандрыкамі простакутных вокнаў і дзвярэй, прафіляваным карнізам і вуглавым рустам.

Перабудова значна закранула і ўнутранае ўстройства дома, які набывае багатую апрацоўку інтэр'ераў. Старая частка дома налічвала на першым паверсе 15 пакояў, звязаных анфіладна толькі ў франтальным радзе з вестыбюлем па цэнтры. Памяшканне па правым баку вестыбюля адводзілася пад кабінет, за ім змяшчалася бібліятэка; па левым - хол з лесвічнай клеткай, апрацаваны пад штучны мармур малы «камінны» салон. З вестыбюля напрамую траплялі ў вялікую працяглую бальную залу з трыма вокнамі-дзвярамі, якія выходзілі на дваровую тэрасу. Вестыбюль быў аформлены ў стылі класіцызму: сцены чляніліся пілястрамі і завяршаліся прафіляваным закругленым па вуглах карнізам; панелі паміж пілястрамі пакрывала зялёная штофная абіўка з раслінным арнаментам; падлогу высцілаў дубовы паркет, выкладзены праменістым узорам. З сафіта з ляпных разетак звісалі дзве латунныя люстры. Зал ацяплялі авальная белакафляная печ і мармуровы камін. Памяшканне ўпрыгожвалі карціны і фамільныя партрэты, фарфор і серабро. З правага боку да залы далучалася меншая «рыцарская» са штофнай малінавай абіўкай расліннага арнамента. Абсталяванне яе складала мэбля ў стылі ампір, якая адпавядала колеру абіўкі. Сваю назву зала атрымала з-за размешчанай у ёй калекцыі зброі. З бальнай залы налева ўваход вёў у вялізную сталовую ў пазалочаным тоне з дзвюма кафлянымі печамі і мармуровым камінам. У правым кутку паркавага рада памяшканняў знаходзіўся «паляўнічы» пакой з даволі багатай калекцыяй паляўнічых трафеяў.

Сядзібу абкружаў аграмадны пейзажны парк плошчай каля 40 га, які арганічна пераходзіў у навакольны лес. Да ганка дома і авальнага газона перад ім падводзіла працяглая, высаджаная італьянскай таполяй уязная алея. Па яе баках цягнуліся простакутныя сажалкі, за якімі па правым баку ішлі фальварачныя будынкі, а па левым - тры флігелі. За домам ліпавая алея вяла да капліцы. У сярэдзіне гэтай часткі парку існаваў стаў натуральнага абрысу, густа абсаджаны разнастайнымі дрэвамі і хмызняком. Дзендрасклад парку ўключаў клён чырвоны, ліпу серабрыстую, каштан звычайны і пунцовы, мноства бярозы, італьянскую таполю, елку серабрыстую, лістоўніцу эўрапейскую, шматлікія кусты.

ЦІТВАЎНЯНСКАЯ СЯДЗІБА

Вялікі памешчыцкі маёнтак у 15 000 моргаў Цітва (Пухавіцкі р-н Менскай вобл.) размяшчаўся ля ракі Пціч. Першапачаткова ім валодалі Швыкоўскія, пасля якіх амаль на 400 гадоў сядзіба перайшла да роду Янішэўскіх. Апошнім уладальнікам Цітвы да 1917 г. быў Мельхіёр Янішэўскі.

Прасторны драўляны дом, пабудаваны ў канцы XVIII ст. у стылі класіцызму, уяўляў сабой адзінаццацівосевы аднапавярховы будынак, узведзены на высокім цокалі простакутнай формы і накрыты высокім вальмавым дахам. Галоўны ўваход акцэнтаваны шырокім чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. На фоне адкрытага зруба сцяны вылучаліся 10 вокнаў у белых ліштвах і пілястры з іанічнымі капітэлямі ў прасценках. З тыльнага боку дома порціку адпавядала тэраса. На мяжы XIX-XX стст. у сядзібе адбыліся грунтоўныя абнаўленні.

Анфілада дома аб'ядноўвала 14 пакояў, размешчаных у два рады. Найбольшы з іх, сталовая з дубовай мэбляй, змяшчаўся пасярэдзіне дома за вестыбюлем з боку парку і меў выхад на тэрасу. Правае крыло адводзілася пад парадныя памяшканні, два з якіх займалі невялікія гасціныя, упрыгожаныя ўзорыстым паркетам і мураванымі камінамі. Інтэр'еры пакояў насычалі творы мастацтва, фамільныя партрэты, хрусталь, старажытныя бронзавыя і драўляныя гадзіннікі. Мелася бібліятэка і архіў. Вялізны газон нерад домам абкружалі кусты і італьянскія таполі. Прагулачны парк са старымі ліпавымі алеямі пачынаўся за домам і цягнуўся ўздоўж ракі.

ЧАРЛЁНСКАЯ СЯДЗІБА

Першы вядомы ўладальнік Чарлёны (Мастоўскі р-н Гарадзенскай вобл.) Міхал Масальскі, падстароста ваўкавыскі і пасол на сойм 1748 г., прадаў гэты маёнтак падканцлеру літоўскаму Міхалу Сапегу. Ад яго ў 1799 г. Чарлёну адкупіў князь Францішак Друцкі-Любецкі (1741-1802). Затым уладанне належала сыну Францішка Ксаверыю (1778-1846), вядомаму міністру фінансаў Каралеўства Польскага, а потым ужо Аляксандру (1827-1908), маршалку шляхты Гарадзенскага павета. Наступным уладальнікам з роду Друцкіх-Любецкіх быў Аляксандар Уладзіслаў (1864-1913), а апошнім - яго дачка.

Князь Францішак Друцкі-Любецкі на мяжы XVIII-XIX стст. пабудаваў тут вялізны драўляны дом, які стаў радавым гняздом больш чым на сто гадоў. Будынак уяўляў сабой аднапавярховы, шырокі і выцягнуты простакутны зрубны аб'ём, накрыты надзвычай высокім паўвальмавым гонтавым дахам. Па баках выступалі алькежы, крытыя самастойнымі нізкімі чатырохсхільнымі дахамі. Галоўны фасад у сярэдняй частцы вылучаўся ганкам на чатырох тонкіх драўляных калонах, якія падтрымлівалі шчыт з аркатурай. У яго полі знаходзіўся невялікі гербавы картуш. Да тыльнага боку дома прымыкала вялікая тэраса. Анфіладную планіроўку дома пацвярджае інвентар 1759 г. Сцены ўпрыгожвалі зялёныя атласныя шпалеры з раслінным арнаментам. Дэкор дапаўнялі люстры ў разных пазалочаных рамах, мармуровыя і драўляныя столікі, крэслы, шафы з мастацкай коўкай і распісной абіўкай. У доме захоўвалася вялізная калекцыя родавых рэліквій і твораў мастацтва. Адзін пакой служыў дамавой капліцай. Ашклёная галерэя злучала дом з суседнім будынкам кухні і пральні.

Стары «італьянскі» рэгулярны парк быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай. На двары знаходзіўся круглы газон з кветкавымі клумбамі. У парку стаялі капліца, дзве відавыя вежы. Акрамя гэтага, сядзібны комплекс уключаў флігелі, гаспадарчыя будынкі, стайню з вазоўняй, трох'ярусную скарбніцу, накрытую гонтавым дахам, завершаным купалам.

ЧАРНАРУЧАНСКАЯ СЯДЗІБА

Існаваўшая да другой сусветнай вайны сядзіба ў Чарнаруччы (Лепельскі р-н Віцебскай вобл.) была збудавана ў першай палове XIX ст. пры баронах Элснерах - уладальніках маёнтка да 1917 г.

Уяўленне аб сядзібе дае фотаздымак 1914 г. Гэта тыповы прыклад архітэктуры правінцыяльнага класіцызму. Аднапавярховы драўляны дом пад вальмавым дахам у цэнтры вылучаўся высокім мансардавым чатырохкалонным порцікам. Пад ім знаходзіўся балкон з каванай агароджай. Брусчаты зруб сцен чляніўся 10 простакутнымі вокнамі ў пабеленых ліштвах. Асаблівасцю аб'ёмнай арганізацыі дома з'яўлялася прыбудова да яе бакавых крылаў, перпендыкулярна звернутых у тыльны паркавы бок, ствараючы курданёр.

Дом вымалёўваўся на фоне пейзажнага парку, а перад сабой меў адкрыты круглы газон.

ЧАРНАЎЧЫЦКІ ПАЛАЦ

Старажытнае мястэчка Чарнаўчыцы (Берасцейскі р-н) вядома сваімі манументальнымі помнікамі архітэктуры XVI-XVIII стст. - дзеючымі царквой Параскевы Пятніцы і Троіцкім касцёлам. Але тут яшчэ існавалі замак і палац Радзівілаў. Замак складаўся з драўлянага аднапавярховага П-падобнага ў плане палаца з вялікай залай у цэнтры, быў абнесены мураванай сцяной з брамамі. Галоўны ўваход у палац вылучаўся ганкам з балюстрадай, а на тыльным мелася тэраса-галерэя. Палац абкружаў «італьянскі сад» з альтанкамі і гротамі.

У 1761 г. на тэрыторыі былога замка з'явіўся новы палац. Надзвычай арыгінальную кампазіцыю драўлянага будынка складалі асноўны васьмігранны трохпавярховы аб'ём з шлемападобным фігурным купалам і чатыры двухпавярховыя квадратныя ў плане вуглавыя крылы, аб'яднаныя аднапавярховымі перамычкамі з балюстраднымі тэрасамі на плоскім даху. Архітэктура палаца мела барочна-ракайльны характар: скульптурныя і арнаментальна-ляпныя ўпрыгожванні, сярод якіх пуцці, картушы, вазы і інш. Асабліва характэрна для стылю ракако размяшчэнне фігурнага картуша ў разрыве граняў франтона на другім паверсе галоўнага фасада і гуллівых пуцці над верхнім акном. Простакутныя вокны дэкарыраваны прафіляванымі сандрыкамі, ляпнінай, сцены - руставанымі лапаткамі, філёнгамі, карнізамі і міжпавярховымі цягамі.

ШЧОРСАЎСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ

Магнацкая рэзідэнцыя ў Шчорсах (Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.) размешчана на пойменных тэрасах левага берага Нёмана. Найбольш ранняе ўпамінанне аб маёнтку звязана з заснаваннем тут каля 1265 г. князем Войшалкам Лаўрышаўскага манастыра (вёска Лаўрышава знаходзіцца за 3 км ад Шчорсаў пры ўпадзенні ракі Валоўкі ў Нёман). У Літоўскай Метрыцы Шчорсы ўпамінаюцца пад 1471 г., калі належалі роду Храптовічаў; а таксама ў інвентары сярэдзіны XV ст., якім карысталіся яшчэ ў XVIII ст. для вырашэння зямельных спрэчак у Наваградскім земскім судзе. Пасля смерці Яна Храптовіча ў 1564 г. яго маёмасць у 1583 г. пераходзіць сынам Яну і Адаму. У сярэдзіне XVIII ст. Марцін Храптовіч ліквідаваў церазпалосіцу ў маёнтку Шчорсы, выкупіў зямлю дробных уладальнікаў і да сваёй смерці ў 1766 г. сабраў вакол Шчорсаў значныя землі. У 1758 г. у Шчорсах згарэла адна са старажытных цэркваў на Наваградчыне, і М.Храптовіч фундуе на яе месцы новы храм. Але будуе яго наступны ўладальнік - Іаахім Літавор Храптовіч паводле праекта Дж.Сака пры ўдзеле Якуба Габрыэля ў 1770-1776 гг.

І.Храптовіч (1729-1812) быў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя актыўнага ўдзелу ў Адукацыйнай камісіі ён вядомы сваёй гаспадарчай дзейнасцю ў прыналежных яму маёнтках Шчорсы, Вішнеў, Бешанковічы. Упершыню ў Вялікім Княстве Літоўскім увёў севазварот. У Шчорсах вырабляліся колы і фурманкі, славутае піва, вялася племянная жывёлагадоўля, пераганяліся платы ў Прусію. З арандатараў ён спаганяў толькі 1/3 ураджаю з ніў і 1/2 з лугоў, а з мноства павіннасцей пакінуў толькі шарваркі, вартаўніцкую і падводную. Акрамя таго, юнакі 18-24 гадоў абавязкова служылі пры двары, дзе атрымлівалі добрае адзенне, плату за працу, харчаванне, навучаліся перадавому вядзенню гаспадаркі. Сялянскія надзелы складалі не менш чым 1/3 валокі і перадаваліся ў спадчыну старэйшаму сыну. Беззямельныя сяляне займаліся наёмнай працай пры фальварках, ганялі платы па Нёману. Умовы працы і жыцця ва ўладаннях Храптовіча прыцягвалі ў Шчорсы збеглых сялян з іншых мясцовасцей. Да 1770 г. шчорсаўскі маёнтак стаў адным з самых буйных у Вялікім Княстве Літоўскім.

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і падаўлення паўстання Касцюшкі ад секвестраванай і разрабаванай маёмасці ў Іаахіма Літавора Храптовіча застаюцца толькі Бешанковічы. І ўсё ж І.Храптовіч дабіваецца ад расейскага ўрада адмены секвестра, ажыццяўляе капітальны рамонт гаспадарчых будынкаў. Але, страціўшы былую гаспадарчую актыўнасць і энергію і адышоўшы ад спраў, пакідае Шчорсы сыну Адаму (1768-1844), які прадоўжыў пачынанні бацькі ў навуцы, асветніцтве, гаспадарчай дзейнасці. Адам будуе ў Шчорсах шпіталь для сялян, адчыняе для іх дзяцей некалькі школ, навучанне ў якіх аплачвае сам. У выпадку стыхійных бедстваў і няшчасных выпадкаў ён вызваляў пацярпелых ад падаткаў і павіннасцей, будаваў для іх сядзібы ў англійскім стылі.

Пасля 1844 г. Шчорсамі валодаў брат Адама Ірынеюш, які доўгі час служыў у разнастайных расейскіх установах. Чалавек іншых культурных памкненняў, ён не падтрымліваў шматлікія папярэднія культурна-асветніцкія і гаспадарчыя пачынанні. Без асаблівай стараннасці і ўвагі кіраваў маёнткам і сын Ірынеюша - Міхал Храптовіч. Большасць свайго часу ён удзяляў дыпламатычнай працы. Бадай, адзінай яго заслугай з'явіўся капітальны рамонт палаца ў Шчорсах, ажыццёўлены ў 1877-1880 гг. Дах галоўнага корпуса быў перакрыты бляхай замест чарапіцы, галоўны ўваход аформіў крыты ганак-тэраса. Апошнія свае гады Міхал Храптовіч правёў у Парыжы, дзе і памёр у 1892 г. З яго смерцю згаснула графская лінія Храптовічаў. Спецыяльным імператарскім загадам ад 1893 г. уся яго маёмасць разам з правам насіць прозвішча і графскі тытул перайшла да пляменнікаў. Сын Марыі Храптовіч і расейскага дыпламата Апалінарыя Буцянёва стаў прадаўжальнікам рода, прадстаўнікі якога насілі падвойнае прозвішча Храптовічы-Буцянёвы. Апалінар Канстанцінавіч Храптовіч-Буцянёў (1879-1946) быў чалавекам высокай культуры і шырокай адукацыі. Разам з жонкай яны прадоўжылі культурныя і гаспадарчыя традыцыі Іаахіма і Адама Храптовічаў.

У час першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронта. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў - у Пецярбург. Пасля 1920 г. А.Храптовіч-Буцянёў упарадкоўвае гаспадарку маёнтка. Ён рамантуе для пражывання шматлікай сям'і флігель упраўляючага маёнтка. Пасля другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Асноўныя збудаванні комплексу прышлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.

З часам драўляныя будынкі галоўнага фальварка і невялікі драўляны палац ужо не маглі выконваць функцыі адміністрацыйна-гаспадарчага цэнтра вялізных угоддзяў маёнтка. Іаахім Літавор Храптовіч засноўвае ў 1770-ых гг. палацава-паркавы ансамбль. Праект быў заказаны італьянскаму дойліду Дж.Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я.Габрыэль. Фактычна менавіта І.Храптовіч «адкрыў» Дж.Сака, хаця той працаваў у Рэчы Паспалітай ужо з 1735 г., але да гэтага часу буйных заказаў не атрымліваў. Француз Я.Габрыэль - аўтар унікальнай царквы ў Шчорсах. З італьянскім архітэктарам К.Спампані - кіраўніком перабудовы езуіцкага калегіума ў Вільні ў 1772-1773 гг. І.Храптовіч знаёміцца ў ходзе работы Адукацыйнай камісіі, дзе прымае ўдзел. Такім чынам у перыяд 1770-1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу эўрапейскага ўзроўню архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай.

Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой простакутнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карынфскага ордэра з трохкутным франтонам у завершы. У парк аб'ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезда гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і простакутнымі на другім паверхах. У другой палове XIX ст. да дома далучыўся ганак-тэраса. Відаць, у гэты ж час на плоскасці франтона з'явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове «Мір і Свабода». Фасады чляніліся пілястрамі і высокімі арачнымі вокнамі ў простых ляпных ліштвах з замковым каменнем. Высокі трохсхільны, крыты чарапіцай дах аднапавярховых крылаў прарэзвалі барочныя дахавыя вокны.

З галоўным корпусам межавалі два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярхрвыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў пакрыты рустам, простакутныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохкутнымі сандрыкамі.

Аб характары ўнутранай арганізацыі палаца сведчанняў вельмі мала. На першым і на другім паверхах папярочнага аб'ёма з боку парка меліся дзве залы-ратонды, з галоўнага фасада - квадратныя вестыбюль і кулуар параднай залы. Залы-ратонды аформлены ў тэхніцы стука, расчлянёны парамі пілястраў іанічнага ордэра. Паміж пілястрамі знаходзіліся арачныя рамы, завершаныя гарызантальна падвешанымі ляпнымі гірляндамі з выкарыстаннем матываў барока і ракако. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса занмала бібліятэка і карцінная галерэя ў 100 палоцен.

Пасада канцлера Вялікага Княства Літоўскага, шырокія сувязі пры двары караля, удзел у арганізацыі касацыі ордэна езуітаў і пераразмеркаванні іх маёмасці, доступ да асноўных дакументаў Кароннага і Літоўскага архіваў - стварылі рэальныя магчымасці для збора ўнікальных кніг, копій з дакументаў, набыцця арыгіналаў, карцін, прадметаў даўніны. Разнастайнымі шляхамі фармавалася бібліятэка І.Храптовіча. Частка кніг, сярод якіх асабліва каштоўныя кірылічныя выданні, ён набыў за бясцэнак у час касацыі езуіцкіх кляштараў у 1773 г. у Галіцыі. Храптовічу таксама ўдалося «пазычыць» частку кніг са славутай бібліятэкі вядомага бібліяфіла Ю.Залускага, калі яе перавозілі з Варшавы ў С. -Пецярбург праз Горадню ў 1768 г. Многія рэдкія выданні І.Храптовіч атрымаў у падарунак ад прыватных асоб. Нейкім чынам Храптовічу ўдалося выкупіць частку вельмі каштоўнага кнігазбору кардынала Джузепе Імперыалі, які таксама збіраў сучасныя яму выданні на польскай, французскай і іншых мовах. Храптовіч скамплектаваў большасць існуючых на той час энцыклапедычных выданняў, шматлікую перыёдыку Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, некаторых эўрапейскіх краін. Асабліва трэба адзначыць каштоўнасць рукапіснага аддзела. Выкарыстоўваючы свае магчымасці канцлера, Іаахім Храптовіч арганізаваў капіраванне важнейшых дакументаў і каштоўных кніг. Пасля смерці канцлера ў маёнтак Шчорсы з Варшавы было перавезена 8000 тамоў. Сынам І.Храптовіча Юзафу і Адаму ўдалося ў першай чвэрці XIX ст. павялічыць збор да 15 000 тамоў. У славутай Шчорсаўскай бібліятэцы працавалі астраном М.Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі І.Лялевель, Ф.Малеўскі, Я. і А.Снядэцкія, Ю.Ярашэвіч, паэты А.Міцкевіч, Я.Чачот і інш.

Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII ст. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы простакутнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый з'яўляўся Карла Спампані.

Парк плошчай каля 40 га закладзены адначасова з палацам. Шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіва, які цягнуўся к захаду і паўночнаму захаду ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра. Першапачатковая кампазіцыя не захавалася. Пасадкі прабіваліся каскадам сажалак з плацінамі. Зараз парк набыў рысы лесапаркавай зоны.

Палац - самая ранняя буйная работа Дж.Сака - яскравы помнік архітэктуры, які сінтэзаваў прыёмы позняга барока і ранняга класіцызму, а таксама ілюстраваў так званы стыль Станіслава Аўгуста. Палац з'яўляўся не толькі выдатным творам дойлідства, але і каштоўным помнікам культуры, цесна звязаным з гісторыка-культурным жыццём краіны.

ЮСЦІНІЯНАЎСКАЯ СЯДЗІБА

Вёска Юсцініянаў, размешчаная на правым беразе Дзвіны непадалёку ад мястэчка Дрыса (сучасны Верхнядзвінск), першапачаткова называлася Ўзняны. Пасля доўгага валодання Агінскіх гэты маёнтак трапіў да Корсакаў і Свірскіх. Ад Ежы Свірскага Ўзняны набыў полацкі падкаморы Канстанцін Шчыт-Неміровіч (пам. 1712), які жыў у суседнім маёнтку Таболькі. Ад першага шлюбу ён меў сына Антонія (пам. 1748), жанатага з Апалоніяй Ціханавецкай, якая і стала гаспадыняй Узнян і іншых маёнткаў у краі. Новую назву Юсцініянаў вёска атрымала ад імя ўнука Канстанціна Шчыт-Неміровіча. Менавіта Юсцініян фундаваў у мястэчку касцёл і капліцу. Юсцініян Шчыт (1740-1824), пісар Вялікага Княства Літоўскага, непадзельна валодаў маёнткамі Юсцініянаў, Таболькі, Дабрамысль і інш. Гэты чалавек цаніўся як пры двары караля Станіслава Аўгуста, так і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці пісара яго ўладанні, у тым ліку і Юсцініянаў, дасталіся малодшаму сыну Яну. Пасля смерці пераемніка ў 1851 г. маёнтак у 2819 дзесяцін перайшоў да яго пляменніка таксама Юсцініяна (нар. 1814), дрысенскага маршалка. Далей, верагодна, сядзібу атрымаў у спадчыну нехта з унукаў - Юсцініян Грабніцкі (нар. 1875) ці Ян (нар. 1877).

На мяжы XVIII-XIX стст. у Юсцініянаве сфармавалася вялізная сядзіба з цудоўным мураваным палацам. Праект палаца і нагляд за яго будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар К.Спампані. Па кантракту, заключанаму паміж ім і Юсцініянам Шчытам 28 верасня 1779 г., дойлід быў абавязаны збудаваць палац і флігелі да яго, а таксама спланаваць парк. З дагавора відаць, што фундатар унікаў ва ўсе бакі праектавання будынка, абгаварваў усе дэталі, патрабаваў, каб архітэктар узгадняў свае дзеянні з яго густам. Усе работы па кантракту мусілі быць завершаны ў тры гады, але хвароба і хуткая смерць Спампані ў 1783 г. спыняе будаўніцтва. У вядомай меры гэта пацвярджаюць мемуары Яна Вейсенгофа (1791-1878). Наведаўшы Юсцініяна Шчыта ў 1804 г., ён успамінае аб пабудаваным на беразе Дзвіны «палацы двухпавярховым з мура з вытанчанымі пакоямі і заламі з ляпнінай на сценах і плафонах у разнастайным арабескавым упрыгожванні». Верагодна, пасля смерці Спампані Шчыт не знайшоў архітэктара, які здоліў бы давесці будаўніцтва да канца.

Як выглядаў палац, бачна на акварэлі Н.Орды 1875-1876 гг. Двухпавярховы, простакутны ў плане, адзінаццацівосевы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам стаіць у атачэнні парка на даволі стромкім беразе Дзвіны. Дваровы фасад з рызалітам у цэнтры завяршаецца трохкутным франтонам. На рызаліце выступае балкон на чатырох калонах. Галоўны фасад афармляе калонны порцік, які Спампані выкарыстоўваў амаль ва ўсіх сваіх класіцыстычных будынках. Побач з палацам знаходзіцца крыты чатырохсхільным дахам свіран, а побач з ім - капліца.

ЯНАВІЦКАЯ СЯДЗІБА

Маёнтак Янавічы (Віцебскі р-н) з'яўляўся часткай аграмадных латыфундзій Сапегаў у Віцебскім княстве. Праз невядомы час ён дастаўся Дварэцкім-Багдановічам. У другой палове XIX ст. маёнтак атрымаў у спадчыну павятовы маршалак Юзаф Дварэцкі-Багдановіч, сын маршалка Суражскага павета Рафаіла. Пасля яго маёнтак у 4000 дзесяцін з броварам і тартаком пераходзіць у спадчыну яго чатыром сыпам. Існаваў да 1917 г.

У сядзібе меўся цудоўны драўляны дом, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму ў першай палове XIX ст. Будынак стаяў на высокім фундаменце ў плане падковы, звернутай у тыльны бок дома. Уваход афармляў ганак з двума крайнімі пілонамі і дзвюма сярэднімі калонамі, якія неслі антаблемент з трохкутным франтонам. Злева і справа ад ганка знаходзіліся калонныя лоджыі. Двухкалонны сціплы ганак змяшчаўся і пасярэдзіне тыльнага фасада. На натуральным фоне драўлянага зруба вылучаліся пабеленыя калоны і ліштвы вокнаў. Унутры дом налічваў больш за дзесяць прасторных пакояў і залу, з якой адкрываўся цудоўны краявід на возера і яго берагі. Памяшканні былі абсталяваны мэбляй у стылі Луі Філіпа і дэкарыраваны творамі жывапісу.

Сядзіба размяшчалася на беразе маляўнічага возера сярод прыгожага англійскага парку, праз які праходзіла працяглая ўязная алея. Дом патанаў у атачэнні дэкаратыўных дрэў і кустовых пасадак.

 

 

НА СТРАНИЦУ АВТОРА

НА ГЛАВНУЮ СТРАНИЦУ САЙТА

 

 

Все материалы библиотеки охраняются авторским правом и являются интеллектуальной собственностью их авторов.

Все материалы библиотеки получены из общедоступных источников либо непосредственно от их авторов.

Размещение материалов в библиотеке является их цитированием в целЯх обеспечениЯ сохранности и доступности научной информации, а не перепечаткой либо воспроизведением в какой-либо иной форме.

Любое использование материалов библиотеки без ссылки на их авторов, источники и библиотеку запрещено.

Запрещено использование материалов библиотеки в коммерческих целях.

 

Учредитель и хранитель библиотеки «РусАрх»,

академик ђоссийской академии художеств

Сергей Вольфгангович Заграевский